Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Пілігрым
Дух еднасьці

Думкі і разважаньні пасьля Пілігрымкі ў гонар Падляшскіх мучанікаў
(Кастамлоты – Пратулін, 30.05-01.06.2008)


АПОСТАЛЫ ВЕРЫ

Вернасьць – вялікі дар Бога. 13 пратулінскіх мучанікаў – простых сялянаў – падчас ганеньняў на Ўніяцкую Царкву ў другой палове 19 ст. засталіся вернымі Госпаду да сьмерці. У іх гонар сёлета з 30 траўня па 1 чэрвеня ладзілася першая пілігрымка па падляшскіх вёсках. Дарэчы, мяне вельмі кранае, што гэтыя сьвятыя – простыя людзі. Сёньня на іх месцы могуць быць настаўнікі, санітаркі, вайскоўцы ці фрэзероўшчыкі...

ПРА ЧАС І ПРАСТОРУ

Для нас, групы берасьцейскіх грэка-католікаў на чале з нашым душпастырам а. Ігарам Кандрацьевым, пілігрымка пачалася працоўнага дня ў пятніцу ўвечары, 30 траўня, яшчэ на беларуска-польскай дзяржаўнай мяжы. Госпад у такім нежартоўным месцы натхніў нашую групу на малітву-праслаўленьне. За мяжой нас чакала начоўка ў Нэплях, куды за дзень прыйшла пілігрымка з Кастамлотаў, а ранкам, у суботу – шлях разам з усімі да Пратуліна. У Пратуліне – Боская літургія. Далейшы шлях - назад, у Кастамлоты, дзе пілігрымаў чакаў абед, пасьля – час адпачынку і малітвы ў кастамлоцкай цішы. А ўвечары – канцэрт са сьпевамі і танцамі, вячэра і па-сяброўску блізкае начное чуваньне ля вогнішча.

НАВУКА

Пілігрымкі вучаць быць разам – маліцца, радавацца, пераадольваць цяжкасьці, нават проста есьці ці начаваць. Пілігрымкі вучаць быць у еднасьці – адчуваць сябе складовай часткай адзінага цэлага. У падобнай супольнасьці трымацца асобна – проста немагчыма.

ПІЛІГРЫМЫ

Людзі ў пілігрымцы былі розныя. Шмат моладзі, як звычайна у пілігрымках. Украінцы, беларусы, палякі. Грэка-каталікі, рыма-каталікі, напэўна, былі і праваслаўныя.
Сьвятары, манахі, семінарысты і простыя вернікі. Сапраўды, розныя, але галоўнае, што не было ніякай розьніцы паміж нацыянальнасьцямі, канфесіямі ці статусам. Побач – брат ці сястра. Такое магчыма толькі, калі Госпад ёсьць паміж сваіх дзяцей.

АКАФІСТ

Наш хор на пілігрымку ехаў з дакладным служэньнем: як гаворыцца, з нас – акафіст у гонар Падляшскіх мучанікаў. Выконваючы сваё служэньне, пазнаёмілася і з самім акафістам. Дарэчы, з польскай мовы тэкст перакладзены берасьцейцамі яшчэ ў 2000 годзе. Адмыслова да гэтай пілігрымкі былі выдадзеныя кніжкі з акафістам. Перад Боскай Літургіяй у нядзелю разам з акафістам правіўся малебен у гонар Падляшскіх мучанікаў, які ўзначальваў айцец Зьміцер Грышан з Віцебску.
Падчас акафісту, у малітоўным разважаньні, пра духоўнасьць мучанікаў даведаешся значна болей, чым проста з артыкулаў пра іх. Вельмі раю!

ЛІТУРГІЯ І КАЗАНЬНЕ

На літургію мы патрапілі ў суботу і нядзелю. Правіліся яны ў візантыйска-славянскім абрадзе па-царкоўнаславянску. Так міла было чуць “Господи помилуй» з польскім вымаўленьнем. Дарэчы, сьвятыя з Пратуліна таксама на літургіях маліліся па-славянску і, напэўна, з падобным вымаўленьнем...

Казаньне на Літургіі ў нядзелю, напэўна, зразумелі ўсе – і хто ведае польскую мову, і хто ня ведае. Бо праз сьвятара казаў Дух Сьвяты. Госпад праз простыя словы і выкрываў, і абдорваў Сваёй ласкай. Любыя межы – дзяржаўныя, сацыяльныя, канфесійныя і г.д., якія будуе чалавек, маюць адзін выток: чалавек любіць толькі самога сябе – так яму зручней. Мяне ўзрушыла гэтая катэгарычнасьць: чалавек ЛЮБІЦЬ(!) самога сябе. (Ня проста хоча любіць... ці можа любіць...). Хрысьціянін жа імкнецца да еднасьці, хрысьціянін прагне любіць тых, хто вакол.

Кожны адкажа сабе сам – дзе яго сэрца: у сэрцах іншых ці за набудаванымі ад усіх (і ад Госпада ў тым ліку) мурамі. Кожны адкажа сабе сам – ці можа ён звацца хрысьціянінам, што прагне еднасьці. Казанне гэтае было па-польску. Польскую мову я разумею праз слова-праз два, а тое і праз тры. А ў той дзень кожнае слова сьвятара было зразумелым. Сэрца ўзрушвалася ад кожнага слова.

Калі я павярнулася да сястры ў Хрысьце, што сядзела побач са мною, убачыла, што выраз яе вачэй зараз вельмі падобны да майго, яна зараз адчувае тое, што і я: “Вераніка, я нічога не зразумела, але казаньне класнае!”. Такое можа зрабіць толькі Дух Сьвяты. Сьвятар казаў пра еднасьць, дух еднасьці дакранаўся да сэрцаў. Нездарма, бо тут загінулі сьвятыя-ўніяты.

ЦАРКВА СЬВ. МІКІТЫ

Старажытная драўляная царква сьв. Мікіты ў Кастамлотах – прыклад жывога адзінства ў разнастайнасьці: васьміканцовыя крыжы і партрэт Яна Паўла II, ружанцы і іконы ўсходніх сьвятых. Там нейкая асаблівая атмасфера – па-хатняму цёплая і па-сялянску простая.

СЁСТРЫ

У Кастамлотах ёсьць Малыя сёстры Ісуса. Што зьдзівіла: яны ня проста кажуць пра духоўнасьць брата Шарля дэ Фуко, яны жывуць(!), як ён. З адной розьніцай: замест пустыні – тут добра вядомыя кожнаму з нас палескія краявіды, замест туарэгаў – палякі, беларусы, украінцы... А так – тое ж самае: прастата, гасьціннасьць і неверагодная адкрытасьць, а яшчэ – нязгасны позірк, поўны пяшчоты і Любові. Такі, як у брата Шарля...

ПРА СЯБЕ

Калі мы яшчэ выязджалі з Берасьця, мне ў машыне, дзе ехаў хор, далі кніжку з акафістам у гонар Падляшскіх мучанікаў. Шчыра кажучы, я досыць цьмяна ўяўляла, куды мы едзем і дзеля якой нагоды: пілігрымка і пілігрымка, мусім яшчэ акафіст сьпяваць да мучанікаў, пра якіх амаль нічога ня ведаю. Трымаю ў руках кніжку з акафістам і разумею, што мне нават не цікава чытаць пра лёс невядомых мне сьвятых. Ужо на нядзельнай Літургіі ў Кастамлотах, падчас хроснага ходу вакол царквы сьв. Мікіты, адчула, што зараз Падляшскія сьвятыя моляцца перад Айцом нябесным за кожнага з нас, і за мяне ў прыватнасьці. Стала сорамна. Невядомыя сьвятыя сталі больш блізкімі. Сэрца адкрылася на новую Любоў.

І ЯШЧЭ РАЗ ПРА СЬВЯТЫХ

Сёньня, сапраўды, на месцы сьвятых сялянаў могуць быць настаўнікі, санітаркі, вайскоўцы ці фрэзероўшчыкі. Адным словам, любы з нас. А за намі – выбар. Выбар вернасьці, выбар Духа, выбар Любові.

Вераніка Тарасюк, г.Берасьце
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)