Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Гісторыя Царквы

Г.Піхура (Гай дэ Пікарда)
Царкоўная музыка на Беларусі

Уступ

Беларуская царкоўная музыка зьяўляецца часткаю вялікай усходне-славянскай літургічнай спадчыны, іншымі складовымі часткамі якой ёсьць музыка маскоўская і ўкраінская. Яна разьвілася ў Праваслаўнай і Ўсходне-Каталіцкай ("уніяцкай") Цэрквах гэтай краіны і ўжываецца ўсімі хрысьціянамі візантыйскага абраду.

Правілы і спосаб ужытку літургічных кнігаў на Беларусі ў асноўным ёсьць тыя самыя, што і ў Маскоўшчыне, і на Ўкраіне.

Што да практыкі царкоўнага сьпеву, дык тут трэба разрозьніць чатыры катэгорыі хораў:

а). Саборныя хоры: гэтыя хоры маюць звычайна 30 або больш сьпевакоў (Вільня, Смаленск, Пінск). Будучы першапачаткова галоўнымі асяродкамі беларускага царкоўнага мастацтва, яны пазьней сталіся цэнтрамі паліфанічнага (шматгалоснага) сьпеву ў заходнім стылі, а ў XIX ст. падпалі пад вельмі моцны маскоўскі ўплыў. Сёньня вельмі мала беларускага засталося ў вялікіх саборах краіны.

б). Хоры ў гарадзкіх цэрквах: нармальна складаюцца з 15-30 сьпевакоў (мужчын і жанчын), якія сьпяваюць на чатыры галасы (Менск, Наваградак, Беласток). Абмаскаленыя ў ХІХ ст., некаторыя з іх сталіся асяродкамі адраджэньня нацыянальнай музыкі ў першых гадох гэтага стагоддзя.

в). Вясковыя прыхадзкія хоры: рэдка маюць больш чым 15 сьпевакоў і часам ня маюць нават рэгента. Сьпевакі сьпяваюць за дзякам і ўжываюць толькі самыя простыя формы гарманізацыі. Праз гэтыя хоры прасачылася ў царкоўны абыход шмат народных элементаў (калядкі, кантычкі, паломніцкія песьні). Вясковыя хоры сёньня зьяўляюцца найбольш жывучымі крыніцамі нацыянальнага царкоўнага сьпеву.

г). Манастырскія хоры: першапачаткова прыхільнікі суровых традыцыйных формаў унісоннага (аднагалоснага) сьпеву, манастыры на Беларусі з часам увялі таксама паліфонію больш кансерватыўнага характару і пачалі падтрымліваць мясцовыя адмены царкоўных напеваў (Вільня, Супрасьль, Жыровіцы, Яблочын).

Такім чынам у царкоўным сьпеве трэба разрозьніць дзьве галоўныя адмены: унісон або аднагалосны сьпеў і паліфонію або шматгалосны сьпеў. Першая адмена, аднак, на жаль, вышла амаль зусім з ужытку.

Музычныя прылады, асабліва арганы, былі канчаткова адкінутыя Праваслаўнай Царквою, не бяз пэўных ваганьняў, у ХVII ст., але званы ўжываюцца ўсюды і ў іх звоняць у пэўныя азначаныя хвіліны ў часе Службы Божае. Дзеля практычных меркаваньняў будзе выгадней разгледзець дзьве вялікія галіны царкоўнай музыкі – унісон і паліфонію – асобна.

Частка першая

УНІСОН

1. Першапачатковы перыяд (990-1245).

"Першыя настаўнікі царкоўнага сьпеву прыйшлі... з Кіева, сталіцы Русі. Пасьля нейкага часу гэты сьпеў быў прынесены сьпевакамі з Кіева ў Ноўгарад Вялікі, а з Ноўгараду... ён распаўсюдзіўся праз доўгалетні ўжытак па ўсіх гарадах і манастырах Рускай япархіі".

Так пісаў у ХVII ст. аб пачатках царкоўнай музыкі на Беларусі таленавіты беларускі царкоўны музыка Аляксандар Стэмаухаў-Мяжэнец.1

Ідучы ўгору па Дняпры, хрысьціянства, а з ім і царкоўны сьпеў, прышло ў Смаленск, а адсюль распаўсюдзілася на захад да Віцебска, Полацка, Менска і Горадні. Шырока адчыненая для розных уплываў з усіх бакоў, Беларусь сталася плодным полем дзеля разьвіцьця багатай спадчыны царкоўнай музыкі.

У 989 г. Полацкі князь Ізяслаў быў ахрышчаны місіянерамі, праўдападобна з Кіева, якія, згодна з даўно ўстаноўленым звычаем, будавалі цэрквы і арганізавалі хоры ў гарадох, якія яны, навярталі на хрысьціянства. Першыя місіянеры на Беларусі былі бяз сумліву Грэкі або славянамоўныя Баўгары. З сабою яны прывезьлі іконы і літургічныя кнігі і, з дапамогай мясцовых сьпевакоў, датарноўвалі візантыйскую літургію і напевы да мясцовых вымогаў. Грэцкая мова засталася ў ужытку на Беларусі аж да ХVІІ стагоддзя; вялікія саборы часта мелі два хоры, якія ў перамежку, або часам і адначасова, сьпявалі па-грэцку і па-славянску.2

Вельмі мала пэўнага ведаем аб беларускай царкоўнай музыцы X-XIII ст. З адзінаццаці ўсходнеславянскіх музычных рукапісаў гэтага часу, якія дайшлі да нас, аб ніводным ня можна сказаць з пэўнасьцю, што ён беларускага паходжаньня. Аб хуткасьці, з якой першабытны візантыйскі сьпеў быў асвоены і ператвораны на свой лад мясцовымі сьпевакамі, мы можам толькі дагадвацца. Найранейшыя рукапісы паказваюць на блізкую сувязь паміж візантыйскім і стараславянскім музычнымі запісамі (стаўпавы, крукі, знаменны запіс). Аднак хутка паявілася разнастайнасьць запісаў і шмат новых знакаў, няведамых у грэцкай музыцы. Гэта паказвае, што чужы грэцкі сьпеў ня толькі быў хутка асвоены, але і перароблены на свой лад пад моцным уплывам народнай музыкі. Як і на Ўкраіне, на Беларусі расквітнела шмат мясцовых разнаякасьцяў царкоўнай музыкі і інакш сьпявалася ў Кіеве, інакш у Смаленску, а яшчэ інакш у Полацку ці Тураве. Школы царкоўнага сьпеву квітнелі ў Полацку (992), Тураве (1005), Віцебску (992) і Смаленску (1101). Лікава аднак хоры нават у вялікіх саборах заставаліся малымі да параўнаўча позьняга часу (ХV ст.).

3 Іпацьеўскага летапісу мы ведаем, што ў 1137 г. на двары князя Мсьціслава "быў рукапаложаны на япіскапа Смаленскага скапец Мануіл; ён быў выдатны сьпявак і прыйшоў з Грэцыі з двума таварышамі".3

Вельмі мала іншых імёнаў дайшло да нас з гэтага часу і дзеля гэтага пачаткі беларускай царкоўнай музыкі застаюцца для нас ананімнымі.

2. Перыяд Вялікага Княства Літоўскага (1245-1569).

Мангольскі наезд у ХІІ ст. і зьнішчэньне Кіеўскай дзяржавы часова перарвалі культурную сувязь Беларусі з Грэцыяй і Поўднем. У выніку ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага Беларусь у ХІV ст. парвала свае сувязі з "рускімі" княствамі на Ўсходзе і накіравала свой погляд на Захад. На жаль, вельмі мала дакументаў дайшло да нас з ажыўленай культурнай дзейнасьці гэтага перыяду.

У галіне царкоўнай музыкі мы можам сказаць з пэўнасьцяй, што ў часе Вялікага Княства Літоўскага знаменны расьпеў дасягнуў свайго найвышэйшага росквіту. З параўнаўча простых формаў першабытнага перыяду вытварылася вельмі абшырная і скамплікаваная сістэма "папевак" (г. зн. узораў) і "фітаў" (арнамантальных фразаў). Мясцовыя розьніцы паглыбіліся і ўся далейшая гісторыя знаменнага расьпеву на Беларусі пайшла ў іншым напрамку, чым, скажам, у Маскоўшчыне. У галіне музычнага запісу "крукі" на Беларусі мелі іншае значэньне, чым у другіх краінах, а апрача гэтага там паявіліся адменныя музычныя знакі, якія нідзе больш не сустракаюцца.4

Знаменны сьпеў паводле свайго характару быў вельмі ўрачысты і суровы. Ён зьяўляўся найвышэйшым дасягненьнем беларускай сярэдневяковай царкоўнай музыкі. (Іл. 1).

Апрача дзяка Сенькі з Смаленску, імя якога сустракаецца ў адным з рукапісаў ХV ст.,5 мы ведаем вельмі мала аб беларускіх сьпеваках гэтага часу.

У паўночных гарадох, як Полацак і Віцебск, царкоўная музыка была падобнай да музыкі ў Ноўгарадзе і Пскове. Аднак далей на поўдзень і захад – асабліва на Падлясьсі – можна было ўжо адчуць уплыў вялікіх галіцкіх культурных асяродкаў, як Пярэмысьль, Львоў і Сандамір.6 Стары знаменны расьпеў памаленьку ператвараўся ў новы, больш заходні, "Кіеўскі" або лепш "Кіеўска-Літоўскі". Найбольш выдатным помнікам гэтага апошняга ёсьць Супрасьлеўскі Ірмалогіян.

Ужо на самым пачатку, як было сказана вышэй, беларускі знаменны напеў (або стаўпавы, напеў) меў свае асаблівыя рысы, адменныя ад маскоўскага. Далейшая апрацоўка гэтага напеву мясцовымі музыкамі яшчэ больш аддаліла яго ад першапачатковых, у бальшыні агульных для ўсіх, стараславянскіх формаў. У Маскоўшчыне, асабліва ў Ноўгарадзе і Маскве, стараславянскі сьпеў ператварыўся дзякуючы мясцоваму ўплыву ў ведамы знаменны напеў сінадальнага абіходу. На Беларусі і Ўкраіне стары знаменны расьпеў, які ўжо меў шмат сваеасаблівасьцяў, даў пачатак, дзякуючы мясцоваму мастацкаму генію і смаку, зусім новаму цыклу расьпеваў, які мы можам назваць "Кіеўска-Літоўскім". Старыя простыя напевы былі аздобленыя беларускімі музыкамі, якія часта стараліся іх падоўжыць або скараціць, або зусім зьмяніць рытм. Паколькі ў маскоўскай музыцы цяжка знайсьці мелодыі з інтарваламі большымі за адну чацьвертую ці пятую, у беларускіх ірмалогіянах ХVІІ ст. сустракаюцца часта мелодыі з інтэрваламі аднэй шостай, сёмай і цэлай актавы. Суровасьць старога знаменнага расьпеву была зьмягчана і дала месца большай цеплыні і жыцьцярадаснасьці.7

Балканскі ўплыў прыходзіў на Беларусь цераз малдаўскі манастыр у Н’ямцэ (баўгарскі ўплыў) і Львоўскае Стаўрапігіяльнае Брацтва (грэцкі ўплыў).8 У пачатку ХV ст. Баўгарын Рыгор Цамблак быў Кіеўскім Мітрапалітам з аседкам у Наваградку (1415-1420). Цамблак быў выдатным царкоўным музыкам і вельмі магчыма, што гэта ён увёў або ўлажыў некаторыя баўгарскія расьпевы, якія сустракаюцца ў беларускіх і ўкраінскіх ірмалогіянах.9 Балканскія япіскапы нярэдка наведвалі Беларусь. У Супрасьлеўскім Ірмалогіяне ёсьць "надзвычай прыгожая" мелодыя Херувімскай песьні, якая завецца "Царгародзкая". Гэтая мелодыя была запісана манахамі ад патрыяршага сьпевака ў часе адведзінаў Антыёхскага Патрыярха Якіма ў Супрасьлеўскім манастыры ў 1583 г.

Хоць балканскі ўплыў на царкоўную музыку на Беларусі быў наймацнейшы ў XV-XVI стст., аднак трэба прыпушчаць, што напевы з Баўгарыі і Грэцыі траплялі на Беларусь на працягу ўсяго сярэднявечча. Шматлікія мітрапаліты і япіскапы таго часу былі Грэкамі або Баўгарамі; яны прыязджалі на Беларусь з сваімі дыяканамі і сьпевакамі, і іхнія сьпевы былі перайманыя і насьледаваныя Беларусамі. Асабліва добра яны надаваліся для ўрачыстых нагодаў, і якраз для гэтай мэты яны ўжываліся аж да канца ХVІІ ст.10

Падсумоўваючы, у канцы ХVІ ст. на Беларусі існавала некалькі цыклаў царкоўных расьпеваў: Беларускі знаменны або стаўпавы, "Кіеўска-Літоўскі", Супрасьлеўскі, розныя мясцовыя расьпевы і, урэшце, урачыстыя расьпевы, прывезеныя з Грэцыі, Баўгарыі і Сербіі.

Распаўсюджваньне на ўсход лацінскага каталіцызму і адыход ад праваслаўя беларускай шляхты мелі глыбокі ўплыў на далейшае разьвіцьцё беларускай царкоўнай музыкі. Сёньня цяжка сказаць, які ўплыў меў заходні грыгарыянскі сьпеў на стараславянскі царкоўны сьпеў у XIV-XV стст., хоць бяз сумлеву такі ўплыў быў, магчыма цераз лацінскія цэрквы нямецкіх купцоў у Смаленску, Віцебску, Вільні,11 а таксама цераз каралеўскую капліцу ў Кракаве.12

Найбольш заходні ўплыў адчуўся ў галіне музычнага запісу. У першапачатковым перыядзе ўсходняславянская царкоўная музыка запісвалася пры дапамозе знакаў (крукі, знаменны), якія былі адменаю і далейшым разьвіцьцём грэцкага музычнага запісу. Гэта былі кручкападобныя значкі, якія пісаліся ў адзін рад над лініяй тэксту. З гэтых параўнаўча простых знакаў разьвіліся пасьля вельмі скамплікаваныя "крукі" і "фіты", асабліва ў Маскве і Ноўгарадзе, дзе яны ўжываліся яшчэ ў ХVII ст.13

На Беларусі, а таксама ў Галіцкай і Карпацкай Украіне, гэты знаменны запіс пачаў занепадаць ужо ў канцы ХV ст. Ягонае месца заняў пяцілінейны запіс з квадратнымі нотамі, які тады ўжываўся на Захадзе. На Беларусі ён быў ведамы, як "Кіеўскі" або "Квадратны" запіс. Такі запіс стаўся неабходным з увядзеньнем паліфоніі, бо знаменны выявіўся неадпаведным дзеля запісу гарманізацыі на два, тры ці чатыры галасы. Прыпушчаецца, што "квадратны" запіс быў прывезены на Беларусь гусітамі хутка пасьля Грунвальдзкай бітвы (1410), магчыма праз Гераніма Пражскага й іншых прапаведнікаў.14 У канцы ХVІ ст. ён быў распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, а ў Маскву ён трапіў толькі ў наступным стагоддзі.

Беларуская музычная літургічная спадчына пабагацела ў ХV ст. цераз распаўсюджваньне ў народзе паралітургічных песьняў, як калядкі, песьні на розныя сьвяты, паломніцкія песьні (канты). Бальшыня з іх былі насьледаваньнем заходніх мадэляў, асабліва гусіцкіх і табарыцкіх гімнаў.15 Гэтыя песьні былі хутка ўспрынятыя вернымі і малыя зборнікі іх пачалі ўжо паяўляцца ў канцы ХV ст. Многія мелодыі з гэтых раньніх "канцыяналаў" або "богагласьнікаў" перайшлі пасьля да нармальнага літургічнага ўжытку. Яны былі датарнаваныя да такіх частак Літургіі сьв. Яна Залатавуснага, як "Херувімская песьня" і іх можна спаткаць у Ірмалогіянах Супрасьлеўскім (1601), Львоўскім (1700), а нават у Маскоўскім абіходзе (1772).

Такім чынам шмат ведамых і дарагіх народу напеваў маюць сваю аснову ў гэтых старых народных "кантах" і часта нават носяць іхнае імя. Так напр. Херувімскі напеў "На радуйся" бярэ свой пачатак ад канту "Радуйся радасьць тваю" (гл. таксама Херувімскія "Слуцкую", "Старасімонаўскую" і т. д.).16 Яны былі ведамыя ня толькі на Беларусі, але распаўсюдзіліся па ўсёй Украіне і Маскоўшчыне і сталіся часткаю агульнай усходняславянскай музычнай спадчыны.17

(Далей будзе)

1 "Первые церковные песнорачители были в столичном Российския державы Богоспасаемом граде Киеве; по неколиких же летех от Киева сие пение некими люборачителями пренесеся до Великого Новаграда; от Великого же Новаграда распростреся и умножися толиком долговременством сего пения учение во вся грады и монастыри великороссийския епархии и во все пределы ея", Гл. Д. В. Разумовский, "Церковное пение в России", Масква 1867-69. бач. 58.

2 R.Раlікагоvа-Vеrdeil, "Lа Musique byzantine chez les Bulgares et les Russes" – Monumenta Musicae Byzantinae Subsidia, Vol. III, Kobnhavn 1953, р. 136, 154.

3 "Прэставлен бысьць скопец Мануіл епіскоп Смоленску, певец гораздый іжэ прышэл от Грэк сам трэці". (гл. Н. Финдейзен: "Очерки по истории Музыки в России". М. и. Ленинград 1928, бач. 87).

4 Кароткае апісаньне двух ведамых беларускіх знаменных рукапісаў – кодаксы Львоўскі і Пярэмысьльскі (абодвы з паловы ХVІ ст.) – можна знайсьці у: Г. дэ ля Прадэль, "Рукапісны помнік беларускай музыкі ХVІ-га стагодзьдзя", Бацькаўшчына, №. 1 (601), Мюнхэн 1963, бач. 3; і ў G. Pichura "Monuments of Byelorussian Church Music" – Eastern Church Quarterly Vol. XIV, London 1962, рр. 411-12.

5 Гл. Ф.Добрянскнй, "Описание рукописей Виленской Публичной Библиотеки", Вільня 1882, бач. 287, №. 161.

6 Існаваньне квітнеючага культурнага цэнтру ў Заходняй Галіцыі было адчута Разумоўскім (op. cit., бач. 81) і дапушчана G. Millet ("L’Art byzantin chez les Slaves" X. L’Orient et Byzance, V. 2е recueil, 2е partie, Paris 1932, pp. 425-26).

Блізкасьць Галіцыі да Кракава прывяла да таго, што шмат "рускіх" артыстаў шукала шчасьця на двары магутных каралёў Ягайлаўскай дынастыі. Пасьля сьмерці Ядвігі, наступная каралева мела ў 1415 г. групу "рускіх музыкаў" у Кракаве. Кароль Казімір, вялікі любіцель візантыйскага мастацтва, бяз сумлеву меў "рускіх" сьпевакоў у сваёй капліцы. ("Ягайла, а пасьля ягоныя наступнікі, вельмі цанілі рускіх сьпевакоў". Гл. H. Feicht. "Krakow" – Musik in Geschichte und Gegenwart, Basel 1962, p. 1692).

7 Б. Вольман, "Русские печатные ноты XVIII века", Ленінград 1957, бач. 22.

8 Грэцкая арыентацыя Львоўскага Брацтва (заложанага ў 1429 г.) добра ведамая. Настаўнікі грэцкай мовы былі высланы адтуль у Малдавію ўжо ў 1558 г. (Гл. Разумоўскі, op. cit., бач. 81), а ў 1588 г. два грэкамоўныя дзякі былі высланыя ў Вільню выкладаць гуманістыку ў школе Сьвятадухаўскага Брацтва. (Гл. Д. Сцепкуро, "Виленское Святодуховское Брацтво в 17 и 18 ст.", Труды Киевской Духовной Академии, 1899. Вып. VI, бач. 262).

9 Існуюць пэўныя сумлевы адносна гэтай тэорыі. (Гл. Палікарова-Вэрдэйль, op. cit., бач. 218-19).

10 Прот. И. Вознесенский, "Церковное пение Православной Югозападной Руси", Масква 1898. Вып. I, бач. 17-20.

11 Лацінская царква Багародзіцы ў Смаленску была заложана ў 1229 г.; Віцебск і Полацк вялі ажыўлены гандаль з Рыгаю і Гоцкім пабярэжжам. У Вільні ў ХVІ ст. было ўжо каля 6 лацінскіх цэркваў, уключна з катэдраю сьв. Станіслава, якая магла пахваліцца сваім хорам ужо ў 1465 г. Другая лацінская школа сьпеву была закладзена пры царкве сьв. Яна ў 1513 г. "Przeznaczona dla 22 uczniуw, z ktуrych 6 miaіo њpiewaж w chorze Katedry". (Гл.: Ks. Stanisіaw Zaікski, T.J., "Jezuici w Polsce", Lwуw 1900. Tom I, st.. 179).

12 Няма ніякага сумлеву адносна ўзрастаючага ўплыву лацінскай музыкі на беларускую царкоўную. Цяжкасьць ляжыць у ўстанаўленьні дакладнай даты, калі гэты ўплыў пачаўся. Вельмі праўдападобна, што ўжо ў пачатку ХIV ст. элемэнты грыгарыянскага сьпеву праніклі ў праваслаўныя цэрквы, магчыма нават з лацінскім тэкстам. Фларэнцкая Унія (1438) напэўна спрычынілася да ўзмацненьня лацінскага ўплыву, хоць у якой меры – цяжка сёньня ўстанавіць дзеля недахопу пэўных крыніцаў. Ёсьць устаноўленым, што "рускія" сьпевакі былі на двары Ягайлы ўжо ў 1415 г. (Гл. Файхт, op. cit, бач. 1692). Працы такіх вялікіх тэарэтыкаў грыгарыянскага сьпеву, як Майстар з Шыдловіц (XV ст.) і, пасьля, Себастыян з Фэльштыну, не маглі ня мець уплыву на гэтых сьпевакоў. Апрача гэтага беларускія студэнты ў Літоўскіх калегіях у Кракаве і Празе былі знаёмыя з лацінскім сьпевам цераз іхнія ўніверсітэты.

13 Swan, "The Znamienny Chant of the Russian Church" – The Music Quarterly, Vоl. XXVI, Nos. 2 & 4, New York 1940.

М. Куліковіч, "Беларуская музыка", Нью Ёрк 1953; Г. дэ ля Прадэль, op. cit.

14 Разумовский, ор. cit., бач. 81. Ёсьць вялікае падабенства паміж раньнім квадратным запісам і запісам розных гусіцкіх сьпеўнікаў ХV ст., як напр. "Kancional Istebnicki" (J. Chominski i Z. Lissa, "Historia Muzyki Powszechnej", PWM Warszawa 1957, Тоm I, str. 241).

15 Лацінскія гімны заўсёды былі тлумачаныя на польскую, літоўскую і славянскую мовы, і пасьля былі хутка асвоеныя беларусамі. Так напр. лацінская калядка "Ангэлюс пасторібус діксіт" ператлумачаная на польскую мову сталася "Анёл пастэжом мувіл", а пасьля, па-славянску, "Ангел пастырем вестіл"; "Стабат матэр" сталася "Стала матка" і т. д. (Гл. П. Бессонов, "Знаменательные года и знаменательнейшие представители последних двух веков в истории церковного русского песнопения", Масква 1872, бач. 32-33). Гэты рух аднак ня быў аднакірунковым. Так напр. візантыйская малітва "Сьвяты Божа" ёсьць вельмі папулярная ў лацінскай Польшчы.

16 Гл. А. Преображенский. "От униатского канта до православной херувимской", Музыкальный Современник, кн. VI, Пецярбург 1915-16.

Старыя польскія канты, як напр. песьня сьв. Станіслава "Гаўдэ Матэр Полёнія", напэўна выконваліся ў віленскай катэдры, якая насіла імя гэтага сьвятога, і іхнія мелодыі былі зьдзіўляюча падобнымі да некаторых "херувімскіх", што спатыкаюцца ў ірмалогіянах ХVІ і ХVІІ ст.

17 На Беларусі першы канцыянал быў уключаны ў Нясьвіжскі кальвінскі Катэхізм (1563).


Друкуецца паводле часопісу "Божым шляхам" за 1964 г.
(№ 83, сакавік-красавік, с. 8-14; № 84, травень-чэрвень, с. 4-10; № 85, ліпень-жнівень, с. 5-7).

Захаваны асаблівасьці лексікі аўтара,
выпраўлены памылкі і правапіс асобных словаў ды скаротаў.


На фота: Беларуская знаменная натацыя (з пал. XVI ст.)
Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)