Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Катэдральны пляц

Біблійныя сустрэчы

Кніга, якая мусіць весьці кожнага хрысьціяніна па жыцьці,– Біблія.

Але нярэдка сярод традыцыйных вернікаў, асабліва тых, хто бярэ ў рукі Біблію ўпершыню, бывае так, што, калі пачынае чытаць Сьвятое Пісьмо,– праз нейкі час ён губляе ахвоту гэтым займацца. Бо сутыкаецца з незразумелымі для яго месцамі, у яго паўстаюць шматлікія пытаньні, на якія самастойна ня можа знайсьці адказу. Бывае, што пасьля гэтага некаторыя зусім перастаюць чытаць Слова Божае і ставяць Біблію на кніжную паліцу, дзе яна проста пыліцца сярод іншых кніг.

Дапамагчы такім вернікам і ўсім, хто любіць і прагне ўслухоўвацца ў Слова Божае, могуць Біблійныя сустрэчы. З восені 2007 году яны пачалі рэгулярна ладзіцца спачатку ў Берасьці, а сёлета з восені і ў Баранавічах. На гэтыя сустрэчы з Бібліяй раз на месяц зьбіраюцца разам каталікі візантыйскага і лацінскага абрадаў. Праводзяць іх грэка-каталіцкі сьвятар а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця і рыма-каталіцкі сьвятар кс. Эдуард Мігай, які цяпер працуе ў Пінску.

Даведаўшыся пра гэтую ініцыятыву, якая скіравана на тое, каб прывучыць вернікаў рэгулярна чытаць Слова Божае, а таксама маліцца з ім, сваё блаславеньне на правядзеньне такіх біблійных спатканьняў даў кардынал Казімір Сьвёнтак. У першай Біблійнай сустрэчы ў Баранавічах, якая адбылася ў лістападзе, узяў удзел Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек.

У Берасьці Біблійныя сустрэчы цэлы год праходзілі ў рыма-каталіцкім касьцёле Маці Божай Каралевы, што на Кіеўцы, а цяпер штомесяц, у нядзелю, адбываюцца ў грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя (мікрараён Адамкова-Рэчыца, вул. Дворнікава, 63) і папярэднічае ім брацкая агапа, а ў Баранавічах сустрэчы праходзяць у Доме Сьвятой Тройцы айцоў вярбістаў (вул. Шаўчэнкі, 6).

Найбліжэйшыя Біблійныя сустрэчы запланаваны на 28 сьнежня і 18 студзеня ў Берасьці і на 25 студзеня – у Баранавічах. Пачатак усіх сустрэчаў заўсёды а 15-й гадз., у нядзелю. Запрашаюцца ўсе жадаючыя!

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)