Царква
Ня чыні пералюбу
(7 запаведзь, Выхад 20:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Царква і грамадзтва

Сьвята Божага Цела – супольнае сьведчаньне католікаў

Праз 10 дзён пасьля ўрачыстасьці Зыходу Сьвятога Духа (Пяцідзясятніцы) у календары Царквы лацінскага абраду прыпадае сьвята Цела і Крыві Хрыстовай (Найсьвяцейшай Еўхарыстыі, або сьвята Божага Цела). У гэтым годзе гэта быў чацьвер, 11 чэрвеня. Паколькі ў Беларусі гэта працоўны дзень, звычайна ў дыяцэзіях урачыстыя працэсіі ладзяцца ў бліжэйшую суботу або ў нядзелю.

У нядзелю, 14 чэрвеня ўрачыстая еўхарыстычная працэсія з Сьвятымі Дарамі (Найсьвяцейшым Сакрамантам) адбылася вуліцамі Менску. Працэсію ўзначальваў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Акрамя сьвятароў лацінскага абраду ў працэсіі ўдзельнічалі і менскія грэка-каталіцкія душпастыры а. Пахом Кавалёў і а. Яўген Усошын. (Протапрасьвітар Андрэй Абламейка ды Архімандрыт Сяргей (Гаек) былі ў гэты дзень у Рыме на біскупскай хіратоніі новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупа Цырыла Васіля). У працэсіі ўзялі ўдзел таксама грэка-каталіцкія панамары Алтарнага брацтва, якія несьлі харугвы і абраз Хрыста Міласэрнага, які падарожнічае па парафіях Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.

У Віцебску ва ўрачыстай еўхарыстычнай працэсіі, якую ў суботу, 13 чэрвеня, узначаліў кардынал Казімір Сьвёнтэк, удзельнічалі грэка-каталіцкія сьвятары Ўсходняга дэканату а. Алесь Шаўцоў і а. Алесь Шыбека.

У Горадні ў шматтысячнай еўхарыстычнай працэсіі каталікоў у нядзелю, 14 чэрвеня, ужо традыцыйна браў удзел душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот. А ў Івацэвічах у працэсіі з рыма-каталікамі ўдзельнічалі панамары мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай.

Сьвята Найсьвяцейшага Цела і Крыві Гасподняй стала супольным сьведчаньнем духовай сулучнасьці католікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў у іх адказнасьці за веру ды Паўсюдную Царкву.

Паводле Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)