Царква
Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 15:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Грэка-каталіцкі
біскуп з Мукачава ўшанаваў
беларускую сьвятыню

Замежныя госьці, што ехалі на сьвята каранацыі папскімі каронамі цудатворнай іконы Маці Божай Браслаўскай – Валадаркі Азёраў, на сваім духовым шляху ў Браслаў захацелі таксама пакланіцца беларускай сьвятыні – Жыровіцкай іконе Багародзіцы, якая захоўваецца ў храмах трох канфесіяў у Івацэвічах, Жыровічах і Слоніме.

20 жніўня 2009 году біскуп Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі з Вужгараду (Украіна) Уладыка Мілан (Шашык) разам з нядаўна прызначаным сінкелам гэтай япархіі архімандрытам Пятром (Берашам), па дарозе ў Жыровічы затрымаўся на малітву ў грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах, дзе ўшаноўваецца копія Жыровіцкай іконы Маці Божай.

У душпастырскім цэнтры грэка-католікаў у Івацэвічах мясцовыя вернікі ўпершыню змаглі памаліцца з грэка-каталіцкім біскупам. Боскую Літургію ў івацэвіцкай капліцы (гл.фота) у гэты дзень узначальваў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

21 жніўня яны разам з іншымі замежнымі гасьцямі, што ехалі на каранацыю ў Браслаў, маліліся перад цудатворнай іконай Багародзіцы ў праваслаўным (пабазыльянскім) храме ў Жыровічах, дзе сустрэліся з добразычлівым прыёмам з боку праваслаўных, і ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, дзе захоўваецца копія праслаўленай цудамі рымскай іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую падаравалі базыльяне, што жылі ў Рыме, на сваю Бацькаўшчыну ў 1738 годзе. Госьці заехалі таксама і ў Альбярцін, дзе маліліся на магілах айцоў езуітаў з Усходняй Місіі, якая там дзейнічала ў міжваенны час.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)