Царква
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Наша вера

Сузіраючы ікону Раства

Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства (гл. Быц 1, 26-27; Ёў 10, 8) і, абдараваўшы яго такой славаю, пасяліў у месцы, якое адпавядала годнасьці чалавека – у Эдэме (гл. Быц 2, 8; 2, 15). 

Але чалавек, які быў вобразам і падабенствам Бога, адразу стаў прадметам зайздрасьці і трапіў у сеці ненавіснага Злога, які падмануў яго (гл. Быц 3, 1-6). Упаўшы ў грэх, чалавек зацёр у сабе вобраз Божы і зрабіўся падобным да істотаў, што былі вакол яго. Пачуўшы крокі Госпада, ён схаваўся ад Яго, ператварыўшы гэтым Эдэм у пустыню.

Але Госпад зьлітаваўся над чалавекам, бо не хацеў, каб Яго падабенства заўсёды несла пашкоджаны вобраз, таму адразу ж спытаў чалавека: “Дзе ты?” (Быц 3, 9). Гэтае Божае пытаньне гучала на працягу ўсёй гісторыі. Але чалавек не адказваў на яго. Таму Госпад падбаў пра чалавека пры дапамозе цудоўнага плану збаўленьня: Ён сышоў з неба, з пасаду Сваёй славы, і пасяліўся ў Сваім вобразе. Прыняў выгляд слугі (гл. Флп 2, 7), каб аднавіць сваё падабенства ў першаснай цэласьці.

Так у Хрысьце адбылося аднаўленьне чалавека; новае стварэньне. Створаны на вобраз і падабенства Бога, чалавек зноў атрымаў сваю першасную прыгажосьць. Гэта дазволіла Хрысту “стацца падобным да нас, каб мы зноў адшукалі сваё падабенства да Бога”. Так, ход акту стварэньня нібыта зьмяніўся, ва ўцелаўленьні Госпад стаў вобразам чалавека ў Ісусе Хрысьце.

Рыгор Багаслоў з гэтай нагоды гаворыць так: Хрыстос “прыняў на сябе маю плоць, каб збавіць падабенства і зрабіць несьмяротным цела. Па-другое, увайшоў у сапрычасьце з намі, якое ў параўнаньні з першым было надзвычайным; у першым Ён перадаў нам лепшае, а ў другім прыняў горшае. Яно больш боскае і больш слаўнае, чым першае, для ўсіх, хто можа зразумець”.

Ікона Нараджэньня Хрыстовага паказвае гэты цудоўны план збаўленьня: найвышэйшая праява любові Бога да чалавека, эсхаталагічнае ўзьяднаньне нябеснай і зямной рэчаіснасьці. Бачым, што Божы Сын спачывае ў ясьлях (гл. Лк 2, 7), але адначасова ведаем, што Ён сядзіць праваруч Айца. Бачым Яго ў абдымках Маці і адначасова ведаем, што Ён – на лоне Нябеснага Айца. На Вялікай павячэрніцы ў сьвята Раства молімся такімі словамі:

Неба і зямля сёньня злучыліся, бо Хрыстос нарадзіўся. Сёньня Бог прыйшоў на зямлю, і чалавек узышоў на неба. Сёньня дзеля нас, людзей, Нябачны па прыродзе стаецца бачным у целе (Песьня на Ліцьці на Раство Хрыстовае, тон 1). Гэтую таямніцу адлюстроўвае таксама і ікона Хрыстовага Раства, таму мы сёньня можам прыняць праўду, якую хацелі адшукаць так шмат прарокаў і справядлівых (гл. Мц 13, 17)! Творца стаў такім самым, як і мы, чалавекам, стаў адным з нас у Сваім Сыне, прыйшоў да сваіх стварэньняў, але быў непадуладны ніякаму граху. Прыйшоў, каб праславіць чалавека, каб надзяліць нашу людзкую прыроду і зрабіць нас удзельнікамі боскасьці. Ужо каля 180 году сьвяты Ірынэй адважваецца гаварыць так: “Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам”. Гэтымі словамі кіраваліся шмат хто з усходніх Айцоў.

Каб чалавек мог сузіраць гэты цуд Раства, ён павінен ня толькі расплюшчыць вочы, каб бачыць, прыслухацца, каб чуць, але і падрыхтаваць розум, каб пазнаваць і ўспрымаць. Да гэтага заклікае адзін з вялікіх прапаведнікаў XIV ст.: “Прашу цябе, дарагі Чытач, падаруй мне свой пабожны розум. Аддалі ад яго ўсе сьвецкія і матэрыяльныя турботы, ачысьці яго як дошку, падрыхтаваную да маляваньня, і на ім я накрэсьлю табе цудоўны вобраз Раства, каб ты зразумеў глыбіню Добрай весткі і таямніцы, каб мы разам праслаўлялі Бога”.

Самая старажытная выява Нараджэньня Госпада дайшла да нас з IV ст. Тады сьвяткаваньне Раства супадала са сьвятам Богазьяўленьня. Такім чынам, 6 студзеня праслаўлялі Раство Хрыстовае, пакланеньне каралёў з Усходу і хрост Збавіцеля.

Такое супадзеньне было цалкам слушным. Бо Нараджэньне Божага Сына адбылося тайна, пра яго даведалася толькі некалькі асобаў*, а хрост Ісуса адбыўся прылюдна, адсюль і назва – Богазьяўленьне. Слова Айца зьяўляе сьвету Сына: “Ты – Мой Сын улюбёны” (Лк 3, 22), і сьведчыць пра Яго зьяўленьне Сьвятога Духа ў выглядзе голуба (гл. Лк 3, 21). Прычынаю аддзяленьня гэтых двух сьвятаў была патрэба Царквы адказаць на напады гнастычных, дакетыстычных ды арыянскіх гарэзіяў. Паўстала неабходнасьць зьвярнуць увагу і на сапраўдную людзкую прыроду Хрыста, і на Яго сапраўдную боскую сутнасьць.

Іканаграфія Раства сфармавалася досыць хутка, і выява ў асноўным засталася нязьменнаю да нашых дзён. На іконе бачым нованароджанага Хрыста, Багародзіцу, Язэпа, зорку, жывёлаў, пастухоў, усходніх мудрацоў.

Магчыма, гэтая кампазіцыя ў сваёй аснове мае выяву з царквы, пабудаванай імператарам Канстанцінам Вялікім у Бэтлееме. У IV-V ст. пілігрымы, вяртаючыся з падарожжа, прыносілі дадому бутэлечкі з асьвячаным алеем. Менавіта на гэтых пасудзінах можам пабачць істотныя рысы іканаграфічнай выявы Раства. Хоць на працягу стагоддзяў у розных рэгіёнах хрысьціянскага сьвету можна прасачыць нязначныя зьмены ў выявах, перш за ўсё ў разьмеркаваньні постацяў альбо ў колькасьці дэталяў. Але галоўная схема заўсёды застаецца нязьменнаю.

Сузіраючы ікону Раства, можна заўважыць, што яна проста і выразна адлюстроўвае падзеі, апісаныя ў Евангельлі. Аднак часта адзначаем таксама, што яна ўзбагачаная дэталямі, якія прынесеныя мясцовай традыцыяй альбо апавяданьнямі з апакрыфічных Евангельляў.

Мэта іконы – мастацкімі сродкамі, якія ў іканапісе проста-такі паэтычныя, чысьцінёй іканаграфічнага метаду ўказаць на глыбокі дыдактычны зьмест. На першы погляд выява можа здавацца перагружанаю масаю дэталяў. Але калі мы заглыбімся ў іх духовы сэнс, то паволі за цудоўнаю прастатою зможам адкрыць глыбіню той падзеі, якую чакалі патрыярхі, якую прадбачылі прарокі і якую так хацелі адшукаць справядлівыя!

Ікона Хрыстовага Раства зьяўляецца ўступам да той боскай паэмы, якую называем гісторыяй збаўленьня. Падобна, як у пралозе да вялікіх паэмаў у агульных рысах пададзена тэма, якой прысьвечаны твор, так і на гэтай выяве можна знайсьці падсумаваньне таямніцаў нашай веры: Уцелаўленьня, сьмерці, Уваскрасеньня, якія выкладзеныя ў Сымбалі веры.

Усё сталася “дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня” (Сымбаль веры). Вось жа, дзеля нас нарадзіўся ад Багародзіцы наш Госпад, пацярпеў крыжовую сьмерць, а Ўваскрасеньнем засьведчыў сваю боскую сутнасьць. Увесь створаны сьвет зьяўляецца ўдзельнікам гэтага вялікага Божага плану: і ня толькі жывая і нежывая прырода, але і сьвет анёлаў. У сімфоніі Збаўленьня кожны – удзельнік хору велічнага гімну цэлага Сусьвету. Гэта і паказвае ікона Раства:

Чым мы Табе аддзячым, Хрысьце, за тое, што Ты стаўся чалавекам дзеля нас на зямлі? Кожнае стварэньне, што прыйшло праз Цябе да быцьця, прыносіць падзяку Табе: анёлы – сьпевы, неба – зорку, мудрацы – дары, пастушкі – абвяшчэньне цуду, зямля – пячору, пустыня – ясьлі, а мы прыносім Табе Маці Дзеву. Спрадвечны Божа, зьмілуйся над намі! (Песьня вячэрні Раства Хрыстовага на “Госпадзе, цябе клічу...”, тон 2)

Урывак з кнігі Іштвана ІВАНЧО “Раство”.

Пераклад з украінскай а. Андрэя КРАТА.


Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)