Царква
Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 3:24-25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Шлях да Бога

Тут яны распускаюцца кветкамі для Хрыста

Духоўна-малітоўныя сустрэчы для непаўнаспраўных людзей у Віцебску, якія ладзяць валанцёры з руху сьв. Мікалая, кожны раз праходзяць па-новаму: мяняюцца тэмы, паводзіны і настрой удзельнікаў. Аднак заўсёды застаецца нязьменнай атмасфера любові, цеплыні і натуральнасьці. Як дома.

Бо дзе мы хочам пачуваць сябе, як за каменнай сьцяной? Дзе нас любяць. У доме Божым, у супольнасьці аднадумцаў і дзетак аднаго Бацькі!

У такім духу прайшла чарговая сустрэча для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі на тэму “Царква”. Простыя пытаньні: “Дзе вы знаходзіцеся? Што ёсьць Царква?” І па-дзіцячы шчырыя адказы: “Там, дзе моляцца; там дзе каюцца; там, дзе Бог…” Але простасьць і дзіцячая непасрэднасьць адказаў была толькі напачатку. Потым адбылося міжвольнае, але сапраўднае паглыбленьне ў царкоўную тэрміналогію. Хто такія сьвятыя, евангелісты, навошта споведзь, што значыць малітва, які прынцып адлюстраваньня сьвятых на іканастасе, для чаго служаць прадметы таго ці іншага царкоўнага начыньня і г. д. Можа, для верніка, які рэгулярна бывае ў царкве, гэта ўсё і знаёма, але не для людзей, якія толькі пачынаюць рабіць першыя крокі насустрач Хрысту. Хочацца сказаць, што ўдзельнікі сустрэчы рабілі іх упэўнена. Згадзіцеся, ня кожны чалавек, які лічыцца ў грамадзтве паўнацэнным, можа без усялякіх прымхаў і забабонаў пагаварыць па гэтых пытаньнях. Таму цудоўна, калі людзі з дыягназам алігафрэнія ці ДЦП слову “Царква” даюць азначэньне “сукупнасьць вернікаў”, а сьвятыя ў іх уяўленьні тыя, хто моліцца Богу, дапамагае людзям, жыве па Божых запаветах.

Добрае слова пакідае значны сьлед у душы любога чалавека, яно пакідае здольнасьць нашай памяці ўзгадваць яго зноў. Добрае слова лечыць, бо ёсьць праявай любові, якую дае нам Хрыстос. Хтосьці са сьвятых сказаў: “Сьвет трымаецца на малітве”, а самай прыгожай малітвай, з якой мы можам зьвярнуцца да Бога, зьяўляецца: “Божа, я давяраюся Табе!”.

Практыка духоўна-малітоўных сустрэч для непаўнаспраўных паказвае, што людзі, якія саромеліся ці не ведалі, як сябе паводзіць у царкве, распускаюцца кветкамі для Хрыста, спасьцігаюць Яго праз малітву і евангелізацыю. І так, паступова, на пачатку праз простыя пытаньні, потым праз малітву і Слова Божае, яны прыходзяць да разуменьня Царквы, далучаюцца да яе і становяцца адным целам у Хрысьце.

Ірына Лобан, г.Віцебск

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)