Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

"Вера,– як кажа аўтар лiсту да Габрэяў,– гэта зарука чаканага i пэўнасьць у рэчах, якiх ня бачым" (Габ 11, 1). Вера – гэта шлях. Шлях, на якi трэба пагадзiцца i якiм трэба iсьцi. Куды вядзе ён, цi ўдасца на iм пераадолець спакусы i небясьпекi, перамагчы страх i самога сябе? Колькi ж сумных i радасных момантаў чакае нас на гэтай дарозе веры, колькi разоў трэба будзе прабачыць i самому папрасiць прабачэньня? Вера – гэта Вандроўка. Не пытайся цяпер куды. Гэта пытаньне для твайго сэрца... Але, калi хочаш, можам выбрацца ў гэтую дарогу РАЗАМ."

Рэдакцыя

Дар веры

Аднойчы чалавек робiць сьвядомы i свабодны выбар ды кажа: "Так, Госпадзе, я веру i люблю Цябе. Усё, чаму Ты вучыш, ёсьць праўда. Усё, што Ты жадаеш, ёсьць добра". Гэты момант i ёсьць прыняцьцём дару веры. Але й надалей чалавек застаецца свабодным i адказвае за тое, што рабiць з сваёй верай.

Сярод сучасных людзей распаўсюджаная такая думка: "Я веру ў Бога, але, каб памалiцца Яму, мне ня трэба хадзiць у царкву". А бывае i iнакш, калi чалавек, будучы зьнешне вельмi набожным, часта ходзiць у царкву, але не да канца адкрывае душу перад Богам. Вось жа можна "закапаць" гэты дар веры, схаваць у далёкi закуток свайго сэрца сярод благiх думак, распуснасьцi, зладзействаў i г. д. i з "спакойным сумленьнем" казаць сабе: "Я веру ў Бога, Бог ёсьць у маёй душы".

Чалавек мае свабодную волю i здольны заўсёды выбiраць памiж дабром i злом. А кожны выбар патрабуе ад чалавека пэўных высiлкаў. Таму духоўная традыцыя Ўсходняй Царквы гаворыць пра "подзьвiг веры". Царква ж, як добрая i разумная Мацi, цярплiва кшталтуе сумленьне вернiкаў паводле Евангельля i дапамагае iм умацоў­ваць сваю веру.

Вера ва ўсядобрага Бога вымагае ад чалавека падзялiцца атрыманым дарам з iншымi. Каб быць жывой i праўдзiвай, яна патрабуе канкрэтных учынкаў (пар. Як 2, 14-20). У тайнах сьвятога Хросту й Мiрапамазаньня, якiя ўдзяляе Царква, чалавек атрымлiвае моц, каб рабiць дабро, ды ўступае ў духовы бой супраць сiлаў зла. Гэтую духовую дапамогу – моц Духа Сьвятога – вернiк атрымлiвае ў Царкве.

Сапраўдная любоў i вера ў Бога падштурхоўваюць да паглыбленьня сувязi з Iм. Усюдыпрысутны й Мiласэрны Бог заўсёды ёсьць побач з намi. Кожную хвiлiну чалавечага жыцьця Госпад чакае ад нас адказу на Сваю любоў. Дзе, як i калi я магу сустрэць Бога, глыбей перажыць i ўсьвядомiць Яго прысутнасьць? Падчас малiтвы i ў месцы малiтвы. Галоўнае, каб зьнешнiя праявы малiтвы – як прыватнай, у цiхiм пакойчыку, так i супольнай, у храме,– аб'ядноўвалiся з малiтвай унутранай. Малiтва толькi тады становiцца малiтвай, калi мы ня проста вычытваем тэксты, а калi ўсьведамляем сабе Таго, да Каго зьвяртаемся, i шчыра ва ўсiм давяраемся Яму.

У асаблiвы спосаб Iсус Хрыстос прысутны ў служэньнi сьвятой Еўхарыстыi – Боскай Лiтургii. Падчас яе, прымаючы пачэсныя Цела i Кроў несьмяротнага Ўладара нашага, мы выяўляем нашу супольную веру ў збаўчую ахвяру Iсуса Хрыста, Сына Божага, якую Ён прынёс дзеля нас, ды ў мiстычны спосаб яднаемся з нашым Госпадам, а таксама памiж сабой у адну сям'ю, у адно Цела. Сьв. Ян Залатавусны казаў: "Каб не любоўю толькi, але й на самой справе быць нам членамi Цела Хрыстовага, будзьма ж яднацца з гэтым Целам. А гэта бывае праз ежу, якую Хрыстос дараваў нам, каб паказаць Сваю вялiкую любоў да нас".

У супольнасьцi Царквы хрысьцiянiн зьдзяйсьняе сваё паклiканьне да ўзрастаньня ў веры i праз сьвятыя Тайны атрымлiвае неабходную ласку. У Царкве ён пераймае навуку Хрыста, якая перададзена апосталамi i беспамылкова захоўваецца ў Царкве да сёньняшнiх дзён, ды вучыцца жыць на прыкладах веры i сьвятасьцi Божых падзьвiжнiкаў.

Аляксей Фiлiпенка

На фота: 07.01.2007, Драгічын (Польшча). Новапрасьвітары БГКЦ а. Аляксандр Шаўцоў і а. Андрэй Буйніч пасьля сваёй прыміцыйнай Літургіі бласлаўляюць былых калег па духоўнай семінарыі.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)