Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Катэдральны пляц

Гарадзенскім экуменічным сустрэчам – год

Вось ужо год у Горадні, у рыма-каталіцкай капліцы па вул. Рэпіна, праходзяць супольныя экуменічныя малітвы хрысьціянаў розных канфесіяў.

Я даведаўся пра іх зусім выпадкова ад свайго сябра і адразу адчуў патрэбу схадзіць туды ды пабачыць усё на ўласныя вочы. Прызнацца, я быў прыемна ўражаны ад гэтых экуменічных сустрэчаў і пачаў штораз наведваць іх.

Адбываюцца яны рэгулярна, у першы аўторак кожнага месяца, а 20-й гадз. Малітву звычайна распачынаюць нашы браты пратэстанты. Спачатку прамаўляе пастар, а потым вернікі пачынаюць сьпяваць песьні. Перш гэта было для мяне неяк нязвыкла, але кожная канфесія мае права ўсхваляць Госпада так, як хоча, і ня важна, у якой форме будзе гэтая малітва, галоўнае, каб яна ішла ад чыстага ды шчырага сэрца.

Вельмі падабаецца таксама тое, што ўзяць слова й памаліцца можа кожны, хто прыйдзе на экуменічную сустрэчу, не зважаючы на тое, ці зьяўляецца ён сьвятаром альбо пастарам, ці простым рабочым-зваршчыкам з заводу карданных валаў. Найбольш уражвае заканчэньне супольнай малітвы: усе вернікі сьпяваюць беларускі рэлігійны гімн «Магутны Божа», а потым уніяцкі сьвятар распачынае малітву «Ойча наш» на беларускай мове, падчас якой усе ўдзельнікі экуменічнай сустрэчы бяруцца за рукі, тым самым выказваючы знак брацкай любові і салідарнасьці да хрысьціянаў іншых канфесіяў, знак адзінства ды роўнасьці ўсіх вызнаўцаў Хрыста перад абліччам Госпада.

Пасьля такой шчырай малітвы заўсёды адчуваеш духоўную ўзьнёсласьць, усяго цябе перапаўняе Божая радасьць, і хочацца ісьці ды несьці гэтае сьвятло ў душы іншых людзей, сеяць паміж імі міласьць і любоў да Бога.

Ян Габіс
г.Горадня

На фота: Горадня, 01.01.2008. Падчас экуменічнага спатканьня на Новы год.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)