Царква
Бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 23:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Пілігрым

Адпачынак з Бібліяй

На працягу дзевяці дзён, з 26 траўня па 4 чэрвеня 2008 году, група грэка-католікаў з Беларусі адпачывала ў Хрысьціянскім цэнтры “Ostruda-camp” у польскім горадзе Аструда, што на Мазурах.

“Адпачынак з Бібліяй” – так называўся гэты міжнародны экуменічны праект, у якім мы бралі ўдзел. Арганізаваны ён быў месіянскімі габрэямі з Беларусі сумесна з польскімі ды амерыканскімі евангельскімі хрысьціянамі. Грэка-католікі патрапілі ў гэтую праграму па запрашэньні пастара месіянскай супольнасьці “Зорка Бэтлеему” Уладзіміра Хасіна.

Разьлічваючы на звычайны адпачынак, ды яшчэ ў незнаёмай кампаніі, мы, аднак, патрапілі ў нестандартную сітуацыю. Тое, што прапанавалі арганізатары, было больш падобнае на рэкалекцыі і падалося вельмі карысным і цікавым. Мы размаўлялі пра плады Сьвятога Духа. Шмат маліліся, разважалі, дзяліліся думкамі.

Лекцыйныя часткі, якіх было па дзьве на дзень, выкладалі пастары з Амерыкі Дон і Дэвід Хатфілд, а таксама Форэст Стайр. Польскія сябры вялі малітвы і сьпевы, да якіх таксама далучаліся вельмі актыўна беларусы і расіяне.

Асабліва хачу дадаць, што падчас усяго побыту паміж удзельнікамі адпачынку не адбылося ніводнага непаразуменьня. У цэнтры панавала атмасфера прыязнасьці, сяброўства і любові. Мы адчувалі сябе ня проста сябрамі, але сапраўднымі братамі і сёстрамі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце.

Вельмі добра, што апошнім часам шмат размоваў ідзе пра еднасьць, ладзяцца экуменічныя сустрэчы ярархаў і выпрацоўваюцца стратэгіі партнёрства, а калі людзі з розных хрысьціянскіх супольнасьцяў (ды што там, з розных краін!) проста пачынаюць сустракацца і разам маліцца, славіць Бога – у гэты момант нараджаецца сапраўднае адзінства ў Хрысьце.

Натальля Асмалоўская, г.Пінск
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)