Царква
Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго
(9 запаведзь, Выхад 20:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 3 (31) 2008

"Дайсьці да Росіцкай сьвятыні ды ўпасці крыжам"

Пілігрымка Полацак–Росіца, 2008

Беларускія грэка-католікі ад пачатку ўдзельнічалі ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных памяці Росіцкіх мучанікаў. Апрача ўдзелу ў агульнай праграме, падрыхтаванай айцамі-марыянамі, ужо традыцыйнымі малітоўнымі пунктамі сталіся Акафіст да Багародзіцы і Боская Літургія. Дзякуючы гэтаму рыма-католікі маюць магчымасьць пазнаёміцца з візантыйскай традыцыяй, як часткай багацьця Каталіцкай Царквы.

З мінулага году вернікі БГКЦ уключыліся і ў пешую пілігрымку Полацак – Росіца. На пачатку гэта былі семінарысты і кандыдаты ў семінарыю, пазьней далучыліся яшчэ і іншыя вернікі.

Сёлета маршрут гэтай пілігрымкі нават падоўжыўся: частка пілігрымаў выходзіць у шлях аж з Барысава. Грэка-каталіцкая група ў гэтым годзе, дарэчы, больш шматлікая, далучылася да пілігрымаў у Полацку 5 жніўня.

Раніцай, бачачы апаленыя сонцам твары, неяк цяжка было ўявіць, што гэтыя людзі прайшлі ўжо восем дзён. Увечары, прыбыўшы ўжо на месца начлегу, таксама амаль не адчувалася стомленасьць. Сапраўды, тут можна заўважыць толькі адно: калі б гэта быў звычайны паход – людзі проста пападалі б на другі дзень. Можа, хто і зможа закінуць, маўляў, маладыя ды моцныя могуць прайсьці шмат, але ж ішлі людзі ўсіх узростаў! Дарэчы, нельга не адзначыць, што найстарэйшая асоба мела 77 гадоў!

Асабіста для сябе я адзначыў яшчэ адзін важны момант. Адна справа — людзі, што прайшлі ўжо восем дзён, іншая – мы, што далучыліся на восьмы дзень. Дык вось, пасьля некалькіх гадзін хады я ўжо не заўважаў розьніцы паміж прайшоўшымі ад пачатку і тымі, што далучыліся пазьней, хіба што мы былі менш загарэлыя.

Пасьля першага ж дня само сабой напрошваецца думка аб параўнаньні гэтай пілігрымкі з нашай штогадовай грэка-каталіцкай пілігрымкай з Віцебску ў Полацак, прысьвечанай Полацкім пакутнікам. Стандартныя, неад’емныя асновы пілігрымкі тыя ж самыя: Еўхарыстыя і дарога з малітвай. Розьніца? Напэўна, у Росіцкай пілігрымцы было больш сьпеваў. Дзень пачынаўся з некалькіх песенак — бо ня ўсе, хто адразу ўстае, адразу ж і прачынаюцца... Пасьля сьпяваліся малітвы да Багародзіцы, потым яшчэ некалькі песень, затым – Ютрань; пазьней зноў песьні, Ружанец, зноў сьпевы, Вяночак да Божай Міласэрнасьці, Нешпары (Вячэрня). За ўвесь час, пакуль пілігрымы ў дарозе, мікрафон і гукавы ўзмацняльнік "адпачывалі" толькі на прыпынках...

Пасьля чытаньняў на Ютрані і Нешпарах, а таксама да кожнай таямніцы Ружанцу былі кароткія разважаньні. Іх рыхтавалі самі вернікі, і аднаго дня падрыхтоўка кароткіх разважаньняў дасталася нам – грэка-католікам.

Вельмі важнымі для мяне былі духоўныя выклады на тэму "Убогасьць і багацьце", якія ў перадапошні дзень (хіба самы кароткі па кіламетрах) прапанаваў нам айцец Вячаслаў Пялінак, адказны разам з а. Андрэем Сідаровічам за гэтую пілігрымку.

У апошні дзень, яшчэ за некалькі кіламетраў да Росіцы, на апошнім нашым прыпынку адбылося як бы падсумаваньне пілігрымкі. Кожны меў магчымасьць выказаць свае ўражаньні, свае падзякі, і кожны атрымаў падарунак. Пасьля, нягледзячы на пройдзеныя кіламетры, хацелася як мага хутчэй дайсьці да Росіцкай сьвятыні ды ўпасьці крыжам на падлогу касьцёла, каб падзякаваць Блаславёным мучанікам Антону і Юрыю за заступніцтва.

Мы прыйшлі... Як звычайна, нас прывітаў мясцовы пробашч — а. Чэслаў Курэчка і акрапіў сьвятой вадой. Усе ўвайшлі ў храм, дзе некалькі хвілінаў кожны, упаўшы перад Богам усёй сваёй істотай, мог занесьці Ўсявышняму свае малітвы.

Радасьцю было сустрэць нашых грэка-каталіцкіх сьвятароў і вернікаў, якія дабраліся ў Росіцу іншым чынам. Вечарам, перад іконай Мучанікаў, мы сьпявалі Акафіст Багародзіцы, Якую яны асабліва шанавалі. А ў наступны дзень раніцай, разам з братамі рыма-католікамі, служылі Боскую Літургію.

Вялікі дзякуй Блаславёным Росіцкім мучанікам Антону і Юрыю за магчымасьць пілігрымкі да іхняга Санктуарыя.

Шчыры дзякуй айцам-марыянам – Вячаславу Пялінку і Андрэю Сідаровічу – за іхняе руплівае служэньне падчас Росіцкай пілігрымкі ды за іхні асаблівы клопат пра нас – грэка-католікаў.

Дзякуй... і – "На многія леты!"

семінарыст Аляксандар Хахлоў
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)