Царква
Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 6:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Царква і грамадзтва

Менскім грэка-католікам не дазволілі будаваць царкву

Улада дала адмоўны адказ на зварот сьвецкіх уніятаў да Аляксандра Лукашэнкі.

Як вядома, у сярэдзіне красавіка 2009 году некалькі дзясяткаў сьвецкіх грэка-католікаў г. Менску, сярод якіх пісьменьнік Уладзімір Арлоў, паэтэса Валянціна Аксак, доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, паэтэса і перакладчыца Галіна Дубянецкая, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Юры Хадыка, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі ды іншыя дзеячы культуры, накіравалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым звароце яны канстатавалі факт: за 19 гадоў існаваньня ў Менску грэка-каталіцкай супольнасьці ўлада так і не дала дазволу на будаўніцтва ўніяцкай сьвятыні ў сталіцы.

Толькі дзякуючы таму, што ў чэрвені мінулага году з візітам у Беларусь прыязджаў Дзяржаўны Сакратар Яго Сьвятасьці Папы Рымскага, менскім уніятам дазволілі адчыніць Грэка-каталіцкі цэнтр па вул. Арджанікідзэ, дзе ёсьць капліца. У парафіяльным жа доме, пабудаваным у завулку Сьнежны, улады Фрунзенскага раёну г. Менску дазволу на адпраўленьне багаслужбаў не далі.

Уніяты прасілі кіраўніка дзяржавы дазволіць ім пабудаваць храм на месцы зруйнаванай бальшавікамі царквы Сьвятога Духа, якую ўзьвялі за мітрапалітам Міхаілам Рагозам у 1598 годзе.

Пішучы зварот да А. Лукашэнкі, уніяты ня ведалі таго, што менскімі ўладамі прынята рашэньне пра будаўніцтва на месцы царквы Сьвятога Духа “утраченного исторического объекта с использованием архитектурно-художественного образа здания церкви Святого Духа XVII в.”. Таму амаль адначасовае зьяўленьне ў СМІ гэтага паведамленьня пра гэтае будаўніцтва і звароту грэка-католікаў да А.Лукашэнкі журналісты няправільна тлумачылі, быццам католікі візантыйскага абраду хочуць, каб улада адбудавала для іх царкву. Уніяты ж прасілі менавіта аб тым, каб ім было дазволена самім адбудаваць царкву.

20 траўня, г. зн. пасьля паездкі А.Лукашэнкі ў Ватыкан, на адрасы прафесара Анатоля Грыцкевіча, доктара Ірыны Дубянецкай і кандыдата гістарычных навук Эдварда Зайкоўскага быў напісаны адказ камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, а праз два дні пасьля адказ на імя прафесара Юрыя Хадыкі напісалі і чыноўнікі Менскага гарвыканкаму:

“...Сообщаем, что участниками совещания было высказано мнение о необходимости неукоснительного выполнения Указа Президента Республики Беларусь от 14.07.2004 № 330 "О развитии исторического центра г. Минска" и целесообразности дальнейшего восстановления бывшей церкви Святого Духа как памятника архитектуры, а не культового здания, с размещением в нём зала детской филармонии.

Функциональное использование указанного строения в качестве детской филармонии сможет объединить расположенную здесь детскую музыкальную школу, Белорусскую государственную академию музыки, Республиканскую гимназию-колледж при БГАМ и создать на территории исторического центра полноценный комплекс учреждений музыкального направления. Это будет способствовать также решению задачи по созданию и развитию в районе площади Свободы объектов духовно-культурного назначения, что отражено в Концепции реконструкции, развития и функционального использования объектов недвижимого имущества и территории исторического центра г. Минска".

Адказы з Адміністрацыі прэзідэнта, камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму і Менскага гарвыканкаму выклікалі негатыўную рэакцыю ў асяроддзі сьвецкіх католікаў візантыйскага абраду г. Менску. Яны схільныя лічыць, што грэка-каталіцкая супольнасьць Менску і ўсёй Беларусі дыскрымінуецца.

Якія будуць далейшыя крокі менскіх уніятаў, пакажа час.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)