Царква
Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго; шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы... таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго
(4 запаведзь, Выхад 20:8-11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Экуменічнае сьвяткаваньне парафіяльнага сьвята ў Лужках

У парафіяльным сьвяце Нараджэньня Маці Божай у рыма-каталіцкай парафіі ў Лужках (Глыбоччына) 8 верасьня 2009 году – чарговы раз – удзельнічалі грэка-католікі.

Гэтае парафіяльнае сьвяткаваньне было ўключана ў юбілейны Год сьвятарства рыма-каталіцкай Віцебскай дыяцэзіі. Сьвяточнае набажэнства ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі ераманахі з ордэну Айцоў Піяраў з Ліды і Шчучына. Прысутнічалі шматлікія рыма-каталіцкія сьвятары з навакольных парафіяў, а таксама шматгадовы душпастыр мясцовай праваслаўнай парафіі.

«Храм, у якім мы сёньня молімся, быў пабудаваны айцамі піярамі, і быў ён сьведкам духовага клопату Касьцёлу пра навучаньне моладзі. У мястэчку Лужкі дзейнічала ў свой час і ўніяцкая царква. Каштоўная традыцыя заахвочвае нас усіх да малітвы. Гэта вельмі добра, што можам тут сёньня маліцца ў экуменічнай супольнасьці: рыма-католікі, грэка-католікі (якіх калісьці называлі ўніятамі), праваслаўныя.

На пачатку новага навучальнага году хочам асабліва маліцца за моладзь і за ўсіх настаўнікаў. Хочам таксама ўзгадаць у малітве тых, хто адышоў да вечнасьці і склаў сьведчаньне вернасьці хрысьціянскім каштоўнасьцям», – сказаў у казаньні Архімандрыт Сяргей.

Пасьля набажэнства ў касьцёле сьвятары і вернікі маліліся таксама на мясцовых каталіцкіх могілках.



Паводле Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)