Царква
Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Эфэсянаў 4:29)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Шлях да Бога

Міласэрнасьць
у нашым жыцьці

Якое месца яна займае ў нашым жыцьці? Хтосьці бачыць у гэтым слове адценьне сентыментальнасьці, хтосьці адразу думае: “Гэта не для мяне”. Адзін знаёмы ўзгадаў Маці Тэрэзу, а потым дадаў: “У нас з міласэрнасьцю цяжка, мы ж не ў Калькуце!”

Як часта мы думаем, што для таго, каб рабіць міласэрныя ўчынкі, трэба шмат выдаткаў і часу, трэба асаблівае месца і абставіны. Хтосьці скажа: “Столькім трэба дапамагаць – і дзецям, і старым! Што я адзін магу зрабіць?” Такі чалавек забываецца, што і мора складаецца з мноства кропелек. Ня можаш зрабіць усё, але можаш пачаць!

Міласэрнасьць нам падаецца чымсьці глабальным і маштабным. Але чаму б не зьвярнуць сваю ўвагу на людзей, якія жывуць побач з табою, якіх ты, магчыма, бачыш штодня? Я вельмі моцна адчула гэта пасьля аднаго яскравага выпадка.

Некалькі месяцаў я думала: трэба пачаць дапамагаць пры Доме інвалідаў, прыдумвала, чым можна было б займацца з гэтымі людзьмі. Але штотыдзень паездка адкладалася: ехаць амаль гадзіну цераз увесь горад, а яшчэ трэба вучыцца, штосьці дапамагчы дома… Калі я ўжо вырашыла, што дапамога там – гэта не для мяне, бо ніяк не дабяруся туды, я сустрэла знаёмую, якая сказала: “Ведаеш, ёсьць адзін малады інвалід, які хоча знайсьці сябра”. Далей адбылося штосьці незвычайнае для мяне: знаёмая назвала яго адрас: маю вуліцу, нумар дома як у мяне!.. Толькі ў яго быў суседні корпус. Дом, дзе жыве гэты хворы хлопец, я кожны дзень бачу ў акно, кожны дзень праходжу каля яго некалькі разоў. Больш таго: я ня раз была ў ім – у сяброўкі. І вось тут, літаральна за 20 метраў ад мяне, жыве чалавек, якому патрэбна дапамога! Колькі б яшчэ часу я магла прыдумваць вялікія планы замест таго, каб паглядзець, што робіцца ў двух кроках ад мяне?..

Потым высьветлілася, што ў 15 хвілінах хадзьбы ад майго дому ёсьць дзіцячы дом, а калі праехаць пяць прыпынкаў, то яшчэ і два інтэрнаты.

Мы думаем, што міласэрнасьць – гэта штосьці вялікае і нам не пад сілу: трэба будзе звадзіць увесь дзіцячы дом ў тэатр, арганізаваць вялікі дабрачынны канцэрт або нават узяць прыёмнае дзіця ў сваю сям’ю… Таму многія баяцца раскрыць сваё сэрца.

Мы памятаем запаведзь: “Любі бліжняга, як самога сябе”, але паняцьце “бліжні” заўсёды ў нашым розуме размываецца. А між тым, бліжні – гэта той, хто ў дадзены момант патрабуе маёй дапамогі. Прытым гэты бліжні можа знаходзіцца вельмі блізка – як ў маім выпадку.

Праявіць міласэрнасьць да бліжняга – гэта падыйсьці да бабулі, якая штодзень сядзіць на лавачцы ля твайго пад’езду адна, бо засталася бяз мужа і дзяцей, і спытацца пра яе здароўе; гэта – схадзіць у краму для дзядулі з другога паверху, які перанёс інсульт; гэта – падараваць пару сваіх цацак, якія даўно проста так ляжаць у шафе, дзецям з беднай сям’і, а разам з гэтым – запрасіць іх на абед або пачастунак. Тое, што для цябе дробязь – камусьці можа даць сілы жыць. Непатрэбная табе рэч можа зрабіць кагосьці шчасьлівым. Кожны, напрыклад, мае старую вопратку, якую ўжо не апранеш, але і выкінуць шкада – аддай яе, ня ўжо ты ня ведаеш чалавека, каму яна патрэбна болей, чым табе?! Зьбяры дзясятак дзіцячых кніжак, якія пыляцца на антрэсолях – і падаруй іх у бліжэйшы дзіцячы дом.

Банальна? Ніколькі. Ёсьць рэчы, якія застаюцца нязьменнымі на працягу гадоў і стагоддзяў. Пра такія ўчынкі кажа і Евангельле: “Праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне” (гл. Мц 25:34-40).

Падчас падрыхтоўкі да Вялікадня нас абавязвае пост, міласьціна і малітва. Вялікі пост – гэта цудоўны час, калі ты можаш адкрыць іншым і сабе, якім міласэрным можа быць тваё сэрца. Варта памятаць, што міласьціна – гэта ня толькі грошы, але ўсё, пра што пісалася вышэй. Павер, ты і сам адчуеш сябе такім шчасьлівым ад таго, што можаш падзяліцца з тым, хто ў нястачы, ад таго, што можаш сваімі словамі і ўчынкамі зрабіць сьвет больш добрым! Памятайма таксама, што міласэрнасьць робіць нас падобнымі да нашага Айца, а таму “будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6:36).

Яўгенія Ізотава, г. Віцебск

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)