Царква
Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго
(9 запаведзь, Выхад 20:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

ПЫТАНЬНI АДНОСНА ВЕРЫ

МОЛАДЗЬ ЗАПЫТВАЕ:

Папа казаў, што Хрыстос быў такiм самым чалавекам, як i мы, толькi застаўся бязгрэшным. Цi можна сказаць, што Iсус быў звышчалавекам?

Веранiка

ДУШПАСТЫР АДКАЗВАЕ:

Слова "звышчалавек" мае дрэнныя асацыяцыi, бо гэтае акрэсьленьне – звышчалавек (Ubermensch) – выкарыстоўвалася ў iдэалогii нацыстоўскай Нямеччыны. У iмя расiсцкай канцэпцыi звышчалавека падзялялiся i нават зьнiшчалiся ў часе II Сусьветнай вайны людзi. Таму гэтае слова мне вельмi не падабаецца.

Мы, хрысьцiяне, вызнаем, i гэта ёсьць праўдай веры адначасова i для католiкаў, i для праваслаўных, i для пратэстантаў, што Iсус Хрыстос быў праўдзiвым Богам i праўдзiвым чалавекам. "Слова сталася целам i пасялiлася памiж намi", гаворыць сьвяты Ян у Евангельлi (Ян 1, 14). А тое, што Ён быў на нас падобны, што быў сапраўды адным з нас, вельмi дакладна акрэсьлiў апошнi Сабор: "Сын Божы ... людзкiмi рукамi працаваў, людзкiмi думкамi мысьлiў, людзкой дзейнiчаў воляй, людзкiм сэрцам кахаў, народжаны з Марыi Дзевы, стаў сапраўды адным з нас, ва ўсiм на нас падобным, акрамя граху". Таму слова "звышчалавек" ёсьць памылковым i неадпаведным. Царква абвяшчае i апявае таямнiцу ўцелаўленьня ў словах аднаго з гiмнаў сьвятога Паўла: "Бо ў вас павiнны быць тыя самыя адчуваньнi, як i ў Хрысьце Iсусе; Ён, быўшы ў Боскай прыродзе, не палiчыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам, а прынiзiў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабiўшыся падобным на людзей i з выгляду стаўшыся, як чалавек; упакорыў Сябе i быў паслухмяны аж да сьмерцi, i сьмерцi крыжовай" (Пасланьне да Пiлiпянаў 2,5-8).

Можна сказаць болей: Iсус, не губляючы Боскай прыроды, прыняў чалавечую прыроду, зьяўляючыся праўдзiва Богам i праўдзiва чалавекам.

Тамаш Дастатнi, дамiнiканiн


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)