Царква
Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта
(Кніга Эклезіяста 7:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Новы душпастыр у Кастамлотах

1 верасьня 2007 году адышоў на пенсію шматгадовы парах неаўніяцкай парафіі ў Кастамлотах на Падляшшы (18 км ад Берасьця, на польскім беразе р. Буг) – Архімандрыт Раман Пентка, марыянін.

Душпастырам у парафіі сьв. Мікіты ў Кастамлотах а. Раман Пентка быў 40 гадоў. За гады яго душпастырства гэтая неаўніяцкая парафія на мяжы Польшчы і Беларусі стала сапраўды духовым цэнтрам сустрэчы Ўсходу і Захаду. Айцец Раман стварыў у Кастамлотах Санктуарыюм Падляшскіх уніятаў, грунтоўна адрамантаваў стары драўляны храм, спрычыніўся да рэстаўрацыі старажытных уніяцкіх абразоў. Сярод гэтых абразоў варта адзначыць ікону патрона парафіі сьвятога велікамучаніка Мікіты, якую ў 1631 годзе, у часы Уніі, падаравала для царквы ў Кастамлотах “Хведора з Прылук” (з прыбужскай вёскі каля Берасьця).

Намаганьнямі а. Рамана Пенткі пры парафіі быў створаны Міжнародны экуменічны цэнтр Nicetianum, у якім вось ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сустракаюцца вернікі розных Цэркваў ня толькі з Польшчы, але і з Беларусі, Украіны, Чэхіі, Славакіі, Расеі, краінаў Балтыі, Германіі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Велікабрытаніі, Мальты і іншых краінаў Еўропы.

Ад пачатку 1990-х гадоў архім. Раман гасьцінна адчыніў дзьверы кастамлоцкага храму і парафіяльнага будынку для шматлікіх беларусаў. Тут шматразова ладзіліся катэхетычныя летнікі для беларускай грэка-каталіцкай моладзі, сюды прыязджалі беларускія пілігрымы, каб памаліцца Санктуарыюме Падляшскіх уніятаў, тут праходзілі літургічную практыку семінарысты БГКЦ.

Архімандрыт Раман зьяўляецца вучнем беларускіх марыянаў Тамаша Падзявы і Язэпа Германовіча, а на служэньне ў Кастамлотах блаславіў яго ў 1967 годзе Ўладыка Чэслаў Сіповіч, які ў той час быў Генеральным суперыёрам Ордэну Марыянаў.

У нядзелю, 9 верасьня 2007 году, у рамках Патранальнаяга сьвята парафіі – сьвята велікамучаніка Мікіты, парафіяне і шматлікія сябры кастамлоцкай парафіі разьвіталіся з Архімандрытам Раманам і прывіталі новага душпастыра – айца Зьбігнева Ніканюка, прызначанага Седлецкім рыма-каталіцкім біскупам Зьбігневам Кернікоўскім, якому Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў даручыла біскупскую апеку над парафіяй у Кастамлотах. Айцец Зьбігнеў Ніканюк паходзіць з іншай прыбужскай вёскі – Пратулін, якая дала Паўсюднай Царкве Пратулінскіх мучанікаў. Ён – нашчадак уніятаў, што сталі мучанікамі за сваю веру.

9 верасьня на сьвяце ў Кастамлотах удзельнічала група пілігрымаў з Беларусі, у тым ліку – семінарысты БГКЦ, што вучацца ў Драгічыне над Бугам (Польшча). Групу беларускіх пілігрымаў узначальваў Апостальскі Візітатар архім. Сяргей (Гаек).

Дастойнаму Архімандрыту Раману выказваем ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ, а новаму параху ўніяцкай парафіі ў Кастамлотах жадаем Божага блаславеньня “на многія леты!”

Новапрызначаны кастамлоцкі парах ужо пасьпеў пазнаёміцца з нашай Царквой у Беларусі – ён прымаў удзел у пілігрымцы Віцебск – Полацак у ліпені гэтага году. Разьвітваючыся з беларускімі пілігрымамі, ён сказаў: “Кастамлоты і надалей чакаюць братоў і сёстраў з Беларусі!”

С. Г.
На фота: 09.09.2007, Кастамлоты (Польшча).
Новы душпастыр прыбужскіх уніятаў а. Зьбігнеў
Ніканюк.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)