Царква
Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 29:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

«Няхай Бог блаславіць Беларусь!»

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уступіў на пасад
Мітрапалітаў Менска-Магілёўскіх

Словы «НяхайБогблаславіцьБеларусь!», што прагучалі з вуснаў архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага падчас яго кананічнага ўступленьня на пасад 10 лістапада 2007 г. у менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, працяглымі воплескамі сустрэлі некалькі тысяч вернікаў, якія бралі ўдзел ва ўрачыстасьці.

Урачыстую Літургію, якую канцэлебравалі два кардыналы, дзевятнаццаць біскупаў з розных архідыяцэзіяў, сьвятары-госьці з іншых дыяцэзій Беларусі і з-за мяжы, распачаў Апостальскі Нунцый Марцін Відавіч. Ён прывітаў новага Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, пасьля чаго запрасіў канцлера архідыяцэзіі кс. Юрыя Касабуцкага абвясьціць Апостальскі ліст Сьвятога Айца Бенядыкта XVI Solliciti Ecclesiae, якім Папа прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча Архібіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім. Ліст прагучаў на лацінскай і беларускай мовах.

Пасьля прачытаньня папскага дакументу архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў біскупскі пастарал — знак пастырскай улады ў мясцовым Касьцёле і ўзначаліў цэлебрацыю Еўхарыстыі. Яна працягнулася цырымоніяй выразу пашаны і паслухмянасьці духавенства архідыяцэзіі свайму новаму архібіскупу.

Пасьля чытаньняў са Сьвятога Пісаньня, якія раскрывалі глыбокі сэнс таямніцы Касьцёлу і біскупскага служэньня, Мітрапаліт прамовіў палымяную гамілію. (Поўны тэкст гамілі гл. тут; захоўваем у ім асаблівасьці мовы арыгіналу — Рэд.) Вітаючы прысутных ярархаў, Мітрапаліт з асаблівымі словамі прывітаньня зьвярнуўся да свайго папярэдніка — Сьведкі веры кардынала Казіміра Свёнтэка.

Воплескамі вернікі прывіталі прадстаўніка праваслаўнага Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Яго Праасьвяшчэнства япіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма. Напрыканцы Літургіі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка прачытаў прывітальны ліст з нагоды ўступленьня на пасад новага Мітрапаліта Менска-Магілёўскага ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і ўручыў Тадэвушу Кандрусевічу адпаведны адрас.

Пасьля гэтага слова ўзяў папярэднік Мітрапаліта Кандрусевіча на Менска-Магілёўскай катэдры кардынал Казімір Сьвёнтэк. Яго айцоўскія словы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч слухаў са сьлязьмі на вачах, а потым, падышоўшы да кардынала, укленчыў перад ім і пацалаваў пярсьцёнак на руцэ Сьведкі веры. Казімір Сьвёнтэк таксама пацалаваў біскупскі пярсьцёнак свайго наступ ніка, пасьля чаго абодва ярархі моцна абняліся, і было відаць, што гэтыя абдымкі — ня толькі старажытны хрысьціянскі рытуал, а сапраўдны знак любові і шчырай павагі тых, каго сам Хрыстос паставіў пастырамі ў сваім Касьцёле.

Акрамя кардынала, архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прывітаў яе Старшыня Гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, пасьля якога прамовілі ксёндз пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі — ад імя духавенства Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ксёндз Ігар Лашук SDB — ад імя членаў манаскіх супольнасьцяў і таварыстваў апостальскага жыцьця, якія нясуць служэньне ў архідыяцэзіі. Акрамя таго, віншавалі Мітрапаліта таксама прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ўладыка Серафім і прадстаўнік дэлегацыі, якая прыбыла на ўрачыстасьць з месца папярэдняга служэньня архібіскупа Кандрусевіча — архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

З асаблівым прывітальным Словам да Мітрапаліта зьвярнуўся Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек (тэкст Слова гл. тут), у якім павіншваваў Уладыку Тадэвуша з уступленьнем на Пасад Менска-Магілёўскіх Мітрапалітаў, пажадаў Божага блаславеньня і малітвам усіх сьвятых Беларускай Зямлі, і асабліва Еўфрасіньні Полацкае, даручыў Архіпастырскае служэньне Мітрапаліта. Разам з Апостальскім Візітатарам ва ўрачыстым багаслужэньні ўдзельнічалі таксама сьвятары, семінарысты і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Завяршаючы набажэнства, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз шчыра падзякаваў усім удзельнікам урачыстасьці. Ён яшчэ раз адзначыў асаблівыя заслугі кардынала Казіміра Свёнтэка ў справе захаваньня і адраджэньня веры на нашай зямлі, назваўшы гэтага вялікага чалавека, які перажыў доўгія страшныя гады перасьледу за веру, «жывым мучанікам».

Працягнуўшы ў Беларусі сваю даўнюю традыцыю, што ўзьнікла ў гады пастырскага служэньня ў Расеі, Мітрапаліт зьвярнуўся да прысутных вернікаў са словамі прывітаньня на 11-ці розных мовах, падкрэсьліваючы такім чынам універсальнасьць Каталіцкага Касьцёлу, які ахоплівае прадстаўнікоў розных нацыяў і народаў. Акрамя згаданых вышэй асобаў, у Літургіі бралі ўдзел госьці з Аўстрыі, Казахстану, Літвы, Польшчы, Расеі, Румыніі і Ўкраіны, прадстаўнікі розных хрысьціянскіх супольнасьцяў і рэлігій, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь, людзі навукі і культуры, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый «Renovabis» і «Caritas» дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя). На ўрачыстасьць прыбылі таксама сваякі і блізкія архібіскупа Кандрусевіча, а таксама вернікі з яго роднага Адэльска і Горадні. Завяршылася набажэнства велічнымі гукамі беларускага рэлігійнага гімну «Магутны Божа», якія, узьлятаючы ўвыш, зьліваліся з пералівам званоў архікатэдры, абвяшчаючы пачатак новай старонкі ў гісторыі ўсяго Касьцёлу ў Беларусі.

Паводле Catholic.by
На фота:
Менск, 10.11.2007. Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек вітае Ўладыку Т.Кандрусевіча з уступленьнем на мітрапалічы пасад. Сьвятары БГКЦ на ўрачыстасьці інтранізацыі архібіскупа Т.кандрусевіча.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)