Царква
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Катэдральны пляц

Ці магчымы развод у Каталіцкай Царкве?

Пытаньне для мяне важнае. Жыцьцё склалася так, што з мужам я разьвялася. Мы бралі шлюб у Каталіцкай Царкве. Пасьля разводу мінула 6 гадоў. Былы муж ажаніўся ў другі раз. Пытаньне: ці магчымы развод у Каталіцкай Царкве?

Сьвятлана з mail.ru

Адказвае а. Андрэй Крот (STM):

Разводаў у Каталіцкай Царкве не існуе. Шлюб зьяўляецца адной з сямі сьв. Тайнаў, г. зн. знакам зыходжаньня ласкі Божай на чалавека. Ніхто, нават царкоўныя ярархі ня могуць зьняць з чалавека гэтую ласку, і таму шлюб зьяўляецца неразрыўным і непаўторным.

Аднак у асобных выпадках у Каталіцкай Царкве можа мець месца працэдура прызнаньня несапраўднасьці шлюбу (якую часта памылкова называюць разводам), калі кампетэнтныя царкоўныя ўлады пасьля грунтоўнага вывучэньня справы сьцьвярджаюць, што пры самым заключэньні шлюбу існавалі ўмовы, якія пазбавілі сужонкаў магчымасьці сьвядома і дабравольна прыняць рашэньне аб сумесным жыцьці, нараджэньні дзяцей і г. д. Напрыклад, калі адна з асобаў была прымушаная, фізічна ці маральна, для заключэньня шлюбу. Такіх прычынаў існуе цэлы шэраг. Як паказвае практыка, найчасьцей у нашых беларускіх умовах паўтараецца прычына няведаньня сутнасьці навукі Каталіцкай Царквы пра шлюб. Паколькі Вы задаяце пытаньне пра неразрыўнасьць шлюбу, то, думаю, такая прычына, магчыма, існуе і ў Вашым выпадку.

Для атрыманьня больш дакладнай інфармацыі адносна Вашай сітуацыі Вы мусіце зьвярнуцца да сьвятара ў сваю або найбліжэйшую каталіцкую парафію. Думаю, сьвятар Вам падкажа, што рабіць і куды зьвярнуцца, каб мог быць распачаты працэс аб прызнаньні несапраўднасьці Вашага сужэнства.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)