Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 2 (30)-2008

Аб хрысьціянскай свабодзе

“Людзі ў наш час усё больш усьведамляюць сабе годнасьць асобы чалавека, павялічваецца колькасьць тых, хто патрабуе, каб у сваёй дзейнасьці людзі кіраваліся ўласнай развагай і адказнай свабодай – не па прымусу, але кіруючыся ўсьведамленьнем уласных абавязкаў. [..] Паколькі ўсе людзі надзеленыя розумам і свабоднай воляй, а тым самым і асабістай адказнасьцю, сама прырода іх схіляе і маральна абавязвае ўсіх і кожнага з іх шукаць праўды, і найперш тую, якая стасуецца рэлігіі. Яны таксама абавязаны трымацца пры пазнанай праўдзе і ўсё сваё жыцьцё ўладкоўваць згодна з патрабаваньнямі гэтай праўды”.
(З Дэкларацыі аб рэлігійнай свабодзе “Dignitatis humanae”).


У нашыя часы пытаньне свабоды стала адным з самых актуальных. Калі запытацца, што такое свабода, хутчэй за ўсё можна пачуць адказ, што быць свабодным – значыць рабіць, што захочаш, не сустракаючы зьнешняга прымусу, іншымі словамі – быць поўнасьцю незалежным.
Але ці заўсёды чалавек ведае, чаго жадае? Ці можа ён рабіць усё, што жадае? Напэўна, хвілінны запал ня ёсьць сапраўднай свабодай. А перадусім, магчымасьці чалавека абмежаваныя яго ўласнай прыродай, ён жадае больш, чым можа рэалізаваць. Нават калі ён і вызваліцца ад абмежаваньняў, акалічнасьцяў і абавязкаў атачэньня, зьяўляецца пачуцьцё пустэчы і самотнасьці, паўстаюць пытаньні, куды падзець гэтую свабоду і што з ёй рабіць.
Кожны чалавек жадае дабра і пазьбягае зла. З лёгкасьцю прызнае сябе добрым і не жадае прызнавацца ў сваіх памылках, зьмяншае зло, якое сам робіць іншым. Прыпісвае зло, якое сустракае ў сваім жыцьці, бацькам, начальству, палітыкам, усемагутнаму Богу. Самае галоўнае – чалавек не імкнецца пазнаць Дабро, але сам вырашае, што ёсьць дабро, а што зло, і тым самым адмаўляе ідэю Бога і паняцьце граху. Не прымаючы Бога як Падмурак і Мэту, чалавек глыбока парушае свой лад і ўнутраную гармонію, а таксама гармонію грамадзтва і ўсёй створанай прыроды. Прызнаючы сябе цэнтрам свайго жыцьця, чалавек імкнецца задаволіць свае патрэбы праз багацьце, уладу, забавы, пагарду іншымі людзьмі, да якіх ставіцца як да рэчаў ці сродкаў. Такім чынам, перад чалавекам стаіць альтэрнатыва: з аднаго боку, стаць як багі і са сьпячым сумленьнем прыдумляць сваю асабістую мараль, тым самым выракаючы сябе на жыцьцё бяз Бога, а гэта значыць на сьмерць; а з другога – строгае выкананьне загадаў прыводзіць да крывадушнасьці і фарысейства, паколькі ўсе намаганьні розуму, скіраваныя на тое, каб прытрымлівацца дабра, скажаюцца прыхільнасьцямі пашкоджанай першародным грахом прыроды.
Але Госпад не пакінуў чалавека ў роспачы. Абяцанае непаслухмяным прабацькам вызваленьне выканалася ўвасабленьнем Божага Сына Ісуса Хрыста. У Ім Бог аб’яўляецца нам як міласэрны Айцец, Якому можам даверыць самыя цёмныя закуткі нашай душы. Праз свой Крыж і Ўваскрасеньне Хрыстос зьдзейсьніў нашае Адкупленьне, якое ёсьць вызваленьнем у поўным значэньні, паколькі выбавіла ад найбольш радыкальнага зла, ад граху. Праз Хрыста сьмерць ужо ня мае ўлады над чалавекам, бо кожны пакліканы да ўваскрасеньня падобнага да Яго ўваскрасеньня. Свабода, якую прынёс нам Хрыстос у Сьвятым Духу, вярнула нам здольнасьць да самаадданай любові да Бога. Мы сталі незалежнымі ад бязладнага самалюбства, якое зьяўляецца крыніцай пагарды бліжняга і жаданьня панаваць над людзьмі. Апостал Павел піша: “Стойце ў свабодзе, якую дараваў нам Хрыстос, і не жадайце ізноў трапіць пад ярмо няволі” (Гал 5, 1). А гэта значыць змагайцеся і трывайце, каб не патрапіць ізноў да няволі. Існаваньне хрысьціяніна – гэта духоўная барацьба з дапамогай Божай сілы за жыцьцё згодна з Евангельлем. І мы маем сілу і надзею на нашую перамогу над злом у перамозе любові Хрыста, якой ніхто не зможа супрацівіцца.
Дар свабоды ёсьць неад'емнай часткай чалавека, які быў дадзены пры стварэньні Госпадам: "Ён ад пачатку стварыў чалавека і пакінуў яго ў руцэ волі яго" (Сір 15, 14). Чалавек, створаны, каб панаваць над сьветам, атрымлівае праз гэта магчымасьць кіраваць сабой. Так сьв. Рыгор з Нісы піша ў трактаце “Пра стварэньне чалавека”: “Душа выяўляе сваю царскасьць тым, што ня мае ўладара над сабой і як вольная, яна самадзяржаўна кіруе сваімі жаданьнямі. А ў каго гэта можа быць, акрамя цара? Паколькі чалавечая прырода праз падабенства Цару ўсяго была прыгатаваная да начальніцтва над іншымі, яна стала як бы адухаўлёнай выявай, якая прыналежыць першаўзору як годнасьцю, так і імем. Яна, замест пурпуру, пакрытая дабрадзейнасьцю, якая большая за ўсе адзежы, а замест скіпетра абапіраецца на асалоду несьмяротнасьці, а замест царскай дыядэмы ўпрыгожылася вянком праведнасьці, так што ва ўсім даказала сваю царскую годнасьць дакладным падабенствам прыгажосьці першаўзору”.
І сапраўды, як пануючы над сьветам чалавек уладкоўвае яго згодна з сваім разуменьнем і воляй, таксама? калі робіць дабро, ён пацьвярджае, разьвівае і ўмацоўвае ў сабе падабенства да Бога. Адбітак вобразу Бога ў чалавеку схіляе яго да пошуку Дабра, дапушчае да ўдзелу ў Божым Жыцьці. Сапраўдная свабода праяўляецца ў тым, што чалавек можа зразумець і прыняць Божыя запаветы, якія ёсьць Дабром і ў якіх знаходзіць паўнату шчасьця.

семінарыст Аляксей Філіпенка
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)