Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 3 (31) 2008

Несьці Евангельле – значыць несьці Жыцьцё

Некалькі ўспамінаў
з Сусьветнага Дня Моладзі ў Сіднэі


Калі тры гады таму ў Кёльне Папа абвясьціў, што наступны Сусьветны Дзень Моладзі пройдзе ў Аўстраліі, я сказаў сабе і сваім сябрам, што вельмі хачу туды патрапіць. І я разумеў, што гэта немагчыма, таму што вельмі дорага, але ж вельмі хацелася! І вось Бог зрабіў мне такі падарунак.

З Беларусі ў Аўстралію паляцела група з дзевяці чалавек – восем ад Рыма-Каталіцкага Касьцёлу і адзін ад Грэка-Каталіцкай Царквы. У гэтай пілігрымцы з намі быў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ўладыка Антон Дзям’янка. Спачатку — паўтара сутак пералёт з Менску ў Сіднэй, пасьля — амаль 10 дзён у Аўстраліі і ўрэшце прылёт назад, у Менск. У нас лета, у іх – зіма... Зіма там, канешне ж, не такая, як у нас. Днём да +19 градусаў. Клімат іншы зусім – сьпеюць мандарыны, лятаюць папугаі, стаяць зялёныя пальмы. Мушу з жалем сказаць, што кенгуру там ня скачуць проста па вуліцах, як аб гэтым мяне пытаўся ўжо не адзін чалавек. Але яны ёсьць у заапарку, таксама як і каалы і сабакі Дынга, ну і шматлікія іншыя зьвяры ды птушкі.

* * *

З аэрапорту нас забралі аўстралійскія эмігранты з Польшчы, так што жылі мы ў польскіх радзінах па тры чалавекі ў сям’і. Ніхто не плаціў гэтым людзям за нашае ў іх пражываньне і зьвязаныя з гэтым клопаты – гэта дабрачыннасьць ад сэрца.

Дык вось, прыляцелі мы ў аўторак днём, трохі адпачылі, пасьля зьездзілі ў Сіднэй, так як жылі мы не ў самім Сіднэі, а непадалёк. Паглядзелі вячэрні горад – ён вельмі прыгожы і сучасны – і паехалі дамоў. Назаўтра, а таксама ў чацьвер і пятніцу, праграма да абеду была аднолькавая: спачатку – казань-разважаньне пра дзеяньне Сьвятога Духа ў жыцьці чалавека, жыцьці супольнасьці і Царквы. Увогуле дэвізам гэтага Сусьветнага Дня моладзі стала цытата з Дзеяў сьвятых Апосталаў: "Вы атрымаеце моц зышоўшага на вас Духа і будзеце маімі сьведкамі" (пар. Дз 1, 8). Пасьля разважаньня ахвотныя складалі сьведчаньні пра дзеяньне Бога ў іх асабістым жыцьці. Мяне яны вельмі моцна ўразілі. Бог дзейнічае так па-рознаму і трэба толькі Яму даверыцца. Пасьля сьведчаньняў была сьв. Імша. На малітве верных (аналаг нашай мірнай літаніі), кожны з нас мог уголас сказаць, за што моліцца, і Царква адказвала супольным: "Выслухай нас, Госпадзе!" Я маліўся за еднасьць хрысьціянаў.

Пасьля імшы – абед і вольны час. Канешне, мы адразу выязджалі ў Сіднэй. У сераду і чацьвер проста аглядалі горад, а ў пятніцу адбылася Крыжовая дарога (набажэнства, падчас якога ўзгадваецца мучаніцкі шлях Ісуса Хрыста), пасьля якой Папа афіцыйна прывітаў пілігрымаў і жыхароў Сіднэя. На наступны дзень, у суботу, усе пілігрымы пешкі прайшлі шлях на поле, дзе сабраліся маладыя католікі з усяго сьвету, каб супольна памаліцца з Папам Бенядыктам XVI. Нас разьмясьцілі ў сектары разам з афрыканцамі і італійцамі. Урачыстае вітаньне прысутных на полі пілігрымаў з усяго сьвету, супольныя набажэнствы, час на сон і з раніцы зноў супольная Літургія з Наступнікам Апостала Пятра – вось галоўная частка ды і наогул сэнс усёй сустрэчы ў Сіднэі. Пасьля Літургіі праграма Сусьветнага Дня моладзі афіцыйна закончылася.

Але гэта было яшчэ толькі 20 ліпеня, а адляталі мы 24-га. Так што з ласкі Божай мы яшчэ пахадзілі па Сіднэі, пабывалі ў аквапарку, наведалі заапарк і зьездзілі на пляж, дзе я нават пакупаўся ў акіяне – так што купаўся зімой. Пасьля пляжу мы запыталіся ў адной дзяўчыны, як праехаць у горад, а яна нам проста прапанавала праехаць у яе аўтамабілі. Ды і ўвогуле мы сустракаліся з зычлівасьцю незнаёмых нам людзей.

Аднаго разу вельмі хацелася есьці, а кошты дарагія, і вось стаім мы перад прылаўкам і вырашаем, што ўзяць. Пакуль вырашалі, прадавец, гледзячы на нас, узяла нейкую страву і пачала разаграваць. Мы ёй кажам, што гэтага мы не замаўляем, але на яе гэта ніяк не ўзьдзейнічала. Аказалася, што гэта нам проста так. Пасьля іншую страву – таксама проста так! Пасьля мы ўжо самі нешта сабе купілі, а напрыканцы – ізноў жа бясплатна – гаспадыня нам прынесла садавіны. Мы дзякавалі Богу за Ягоную апеку над намі, за зычлівасьць гэтых людзей і напрыканцы засьпявалі ім песьню падзякі.

Дык што ж можна сказаць пра гэтае падарожжа, пра гэтыя дні там, далёка-далёка? Гэта дні, напоўненыя пачуцьцём блізкай прысутнасьці Бога і Ягонай апекі над маім жыцьцём. Як калісьці Пятру, так і мне захацелася паставіць тры намёты і застацца там, затрымаць гэтае пачуцьцё радасьці ў сабе. Але Госпад кліча далей, кліча сьведчыць усім, што Ён ёсьць, што жыцьцё ў супольнасьці з Ім становіцца іншым, прыносіць радасьць і супакой. Як сказала адна дзяўчына з нашай групы, кожны з нас мусіць узяць на сябе па мільёну чалавек з разьліку колькасьці ўдзельнікаў нашай пілігрымкі на колькасьць жыхароў нашае краіны і сьведчыць гэтым людзям пра спатканьне з Богам, з жывой Царквой, з Пераемнікам Апостала Пятра — Папам Бенядыктам XVI, з веруючай моладдзю, якой не абыякавы свой лёс, лёс сваіх родных і Бацькаўшчыны, а нават і ўсяго сьвету. Бо несьці Евангельле – значыць несьці сьвятло Хрыста, несьці Жыцьцё кожнаму чалавеку.

Жыцьцё з Хрыстом робіць нас свабоднымі, зьнішчае межы і адкрывае нас на бліжняга. Па ўсім Сіднэі хадзілі людзі рознага колеру скуры, розных нацыянальнасьцяў, ва ўсіх розная мова – столькі моваў ня вывучыць нават за ўсё жыцьцё. Але з Хрыстом гэтага і ня трэба рабіць – бо Хрыстос вучыць нас адзінай мове – мове Любові. То ў адным, то ў іншым месцы маладыя людзі праслаўлялі Бога радаснымі сьпевамі пад гітары, альбо таньчылі, славячы Бога таксама і танцам. І мне зразумелая гэтая радасьць – бо Хрыстос вызваліў нас ад сьмерці і прывёў да Жыцьця.

Наступны Сусьветны Дзень моладзі пройдзе ў Мадрыдзе ў 2011 годзе. Гэта нашмат бліжэй, таму я спадзяюся, што нас, беларусаў, паедзе больш і мы з вялікай радасьцю і вялікім духоўным плёнам разам правядзем гэты незабыўны час!

Сяргей Раюнец, семінарыст БГКЦ


На фота:

1. Маладыя каталікі з Беларусі ў аўстралійскім Сіднэі.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)