Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Міжваенная Унія

Грэка-каталікі ў мястэчку
Ільля на Вялейшчыне

Неаунія ў Заходняй Беларусі, або каталіцтва візантыйска-славянскага абраду – што гэта была за зьява? Хто яны, тыя людзі, што маліліся ва ўніяцкіх храмах?

Сяргей Яноўскі, сёньняшні парафіянін з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску, узгадвае, што ў польскай школе, якую ён скончыў у 1939 г. у мястэчку Ільля на Віленшчыне (цяпер – у Вілейскім р-не Менскай вобл.), вучні, запаўняючы анкеты, у графе “веравызнаньне” пісалі “грэка-каталік”. Узгадаў таксама і пра храм, у якім праводзіліся ўніяцкія набажэнствы, які прывабліваў дапытлівых хлапчукоў з праваслаўных сем’яў, бо ён быў для іх новым і незвычайным. Тады Сяргею, сыну Пятра, Яноўскаму і ў галаву не магло прыйсьці, што дзед яго Тамаш, які загінуў 26 траўня 1863 г. у баі паўстанцкага атрада Вінцэнта Козел-Паклеўскага з расейскімі войскамі пад Уладыкамі “за вольнасьць нашу і вашу”, таксама быў грэка-каталіком. Пра гэта ён даведаўся значна пазьней.

Гэтая інфармацыя пра далёка не самы вядомы ў міжваенны час уніяцкі асяродак у м. Ільля нас зацікавіла. Але хто зможа распавесьці пра гэтую малавядомую старонку гісторыі сёньня, праз семдзясят гадоў, ці застаўся там яшчэ хтосьці, хто памятае пра неаунію? Разам з сп. Сяргеем Яноўскім, мы, менскія грэка-каталікі – Андрэй Русін, Алег Чыгір і я, Вольга Іванова,– вырашылі сёлета зрабіць невялікую эксьпедыцыю ў мясьціны, дзе была спроба адрадзіць уніяцтва.

У мястэчку Ільля, дзе большая частка жыхароў цяпер прыезджыя, цяжка знайсьці мясцовых старажылаў. І ўсё ж, шукаем людзей, якія маглі б распавесьці пра ўніятаў міжваеннага часу, па мясцовых прозьвішчах: Рудніцкія, Альшэўскія, Кандрацёнкі, Шушкевічы...

Іван Каляда з вёскі Лёпаўшчына – шляхотны, жывы, вельмі малады, нягледзячы на свае 90, з якіх 15 яму давялося правесьці ў лагерах пад Ухтой. Вось што ён распавёў нам:

«Уніяцкі храм дзейнічаў пару гадоў, недзе ў 1934-1935 гг. Парафія ня склалася. З каталікоў ведаю толькі дзьве сям’і перайшлі, столькі ж з праваслаўных. Але людзей хадзіла шмат. Службы вяліся па-стараславянску, як і ў праваслаўных, хор таксама сьпяваў, было зручна і зразумела. З праваслаўнага хору [ва ўніяцтва] перайшлі тры сястры Оля, Маня і Таня Мандрык. Іван Буглак стаў псаломшчыкам, кіраваў хорам, яго сястра Марыя сьпявала. Драўляны храм, у якім праводзіліся набажэнствы, быў пабудаваны ў 1728 г. Міхалам Савіцкім, лоўчым ВКЛ як каталіцкі. Натуральна, што пасьля 1863 году ён стаў праваслаўным, у 1920 г. зноў ператвораны на касьцёл, потым сюды прыехаў уніяцкі сьвятар з сям’ёй. Жылі ў плябаніі каля храму і чатыры каталіцкія сястры [манахіні], якія займаліся падрыхтоўкай дзяцей да школы, навучалі іх польскай мове. Зьехалі яны толькі пасьля прыходу Саветаў у 1939 г. Сьвятар размаўляў на беларускай мове, быў добразычлівым, лекаваў людзей, ня браў грошы. За абрады – толькі тое, што маглі даць прыхаджане. Гэта прываблівала. Шмат вянчаліся ў грэка-каталіцкай царкве.

Я з праваслаўнай сям’і, але цікавіўся, хадзіў слухаць абедню. Праваслаўны сьвятар а. Сергій Голасаў, які выкладаў у школе Закон Божы, даў майму бацьку кніжку на польскай мове “Зброя праўды”, і там было напісана пра ўніяцтва. Я прачытаў яе і захацеў паглядзець, як там. А там – усё таксама, толькі калі [на Літургіі] выходзіў сьвятар з Дарамі – ня ўзгадваў праваслаўнага ярарха. Голасава я не баяўся, хоць, можа, ён і ня ведаў, што я хадзіў ва ўніяцкі храм. Але чуў, што ён вельмі абураўся [на ўніятаў], казаў, што «гэта кладачка, па якой з праваслаўя пераходзяць у каталіцызм». Ксёндз жа ня меў нічога супраць. Уніяцкі сьвятар прабыў тут нядоўга, магчыма скончыліся адведзеныя рэсурсы... Зараз хаджу да касьцёла, бо добрыя адносіны са сьвятаром...»

На жаль, сёньня сп. Іван Каляда ўжо не жыве. Дзякуй Богу, мы пасьпелі яшчэ яго запісаць.

Аляксандр Шушкевіч – з мястэчка Ільля. Вось, што ўзгадаў ён:

«Сам я ў грэка-каталіцкую царкву не хадзіў. Калі хадзіў у польскую школу, нас навучалі сьпяваць каталіцкія і сьвецкія песьні сёстры і дзяўчына, якая ім дапамагала, ставілі пастаноўкі. Сьпеваў было шмат, і зараз можна прыгадаць завучаныя польскія пясэнкі... Да ўніяцкай царквы перайшлі тады Іван Буглак, яго сястра Марыя, зараз Алексяёнак, сёстры Барысенкі. Пасьля таго як сьвятар зьехаў, яны вярнуліся да праваслаўнай царквы. Зараз засталася толькі Марыя. А астатнія? Няма такой лапаты, каб адкапаць былых грэка-каталікоў, усе памерлі...»

Іван Рудніцкі – таксама адзін са старажылаў у Ільлі:

«Мой дзед быў арганістам у тым касьцёле, які потым стаў уніяцкім. Падчас паўстаньня 1863 г. там знайшлі зброю, якая належала паўстанцам, абяцалі саслаць дзеда, калі ня прыме праваслаўе. А ў яго сям’я вялікая. І ён прыняў. Нас потым яшчэ называлі арганістамі. Уніяцкая царква [у Ільлі] была нядоўга, у 1930-я гады. Касьцёл у 1939-ым перабудавалі пад клуб. Падчас вайны там прымалі, куплялі лекавыя зёлкі, а немцы як адступалі – запалілі, і загарэлася яна ў адзін момант... Зараз на тым месцы клуб. У савецкія часы зруйнавалі адну з ільлянскіх цэркваў. Зачынялі і руйнавалі нават саборы паўсюль, а тут маленькія драўляныя цэркаўкі – што тут скажаш! А калі і скажаш, то Сібір недалёка».

Узгадвае былая ўніятка Марыя Алексяёнак, 94 гады:

«Я усё жыцьцё прасьпявала ў царкве. Пайшла да ўніяцкай – тут нічога ж дрэннага: службы такія ж, як у праваслаўнай, сёстры мяне навучылі добра шыць, сьвятар быў добры. Грошай за службы амаль ня браў. Але потым даведалася, што гэта так палякі хочуць нас апалячыць, зацягнуць у касьцёл... Зараз да мяне прыходзіць праваслаўны сьвятар, віншуе са сьвятамі. Чаму ж толькі адзін выходны – такое вялікае хрысьціянскае сьвята – пасха? Таму і панаехаўшая ў Ільлю менская моладзь бавіць тут час выпіўкай і гарланьнем».

Такая наша “жывая” гісторыя, створаная духоўна жывымі яе сьведкамі, якія валодаюць вялікім хрысьціянскім досьведам, захоўваюць памяць пра адну з старонак свайго жыцьця і лёсу Беларусі.

Вольга Іванова, г.Менск

Гістарычная даведка

Паводле зьвестак М.Радвана перад скасаваньнем Уніі ў 1839 г. парафія сьв. Ільлі ў мястэчку Ільля Перадвілейскага дэканату налічвала 2269 парафіянаў, да яе належылі таксама капліцы ў вёсках Гута, Казлы, Малевічы, Асьцюковічы, Шыпкі, Уладыкі, Забор’е.

Дакладнай інфармацыі пра ўніяцкую парафію ў Ільлі ў міжваенны час дасьледчыкі пакуль ня маюць. С.Абламейка падае колькасьць вернікаў у ільлянскай парафіі ў некалькі сотняў, але некаторыя дасьледчыкі яе існаваньне наогул ставяць пад сумнеў. Пра спробы ўтварэньня парафіі згадвае Ф.Жэменюк: грэка-каталікі ў м.Ільля Віленскай архідыяцэзіі пачалі маліцца ў 1929 г. пры рыма-каталіцкім касьцёле, душпастырам іх быў а. Міхаіл Сулкоўскі, былы праваслаўны, які ў 1926 г. прыняў каталіцтва ўсходняга абраду. У першыя тры гады існаваньня ўніяцкага асяродку да яго належалі толькі сьвятар з жонкай і псаломшчык. Паводле Ф.Жэменюк, пасьля 1934 г. парафія ня згадваецца ў статыстычных матэрыялах. Вынікі сёлетняй эксьпедыцыі маладых менскіх гісторыкаў у м.Ільля пацьвярджаюць факт існаваньня там уніяцкага асяродку. Праўда, спрэчным застаецца час яго існаваньня і некаторыя сьцьверджаньні апытаных людзей. Так, А.Сьвірыд прыводзіць факт вельмі варожага стаўленьня мясцовых жанчынаў з касьцёлу да ўніяцкага сьвятара М.Сулкоўскага, якія нават патрабавалі, каб той зьехаў, а 29.03.1929 г. яго нават не пусьцілі ў касьцёл. Сьвятар вымушаны быў скардзіццца Віленскаму архібіскупу Р.Ялбжыкоўскаму, але безвынікова. Адсутнасьць уласнага храму ў уніятаў і востры недахоп неабходных царкоўных рэчаў для набажэнстваў, а таксама канфлікты паміж каталікамі і праваслаўнымі ў Ільлі, у якіх уніяцкаму сьвятару часьцей даводзілася браць бок праваслаўных, не спрыялі ўмацаваньню і росту ўніяцкай грамады, сьцьвярджае А.Сьвірыд. Падобна, што ўласна праз такое стаўленьне сьвятар вырашыў вярнуцца ў праваслаўе.

Нягледзячы на цэлы шэраг прац па неауніі ў апошні час, статыстыка ўніяцкіх парафіяў і вернікаў у Заходняй Беларусі, якую падаюць розныя дасьледчыкі, дагэтуль вельмі супярэчлівая, лічбы часам істотна адрозьніваюцца. Існаваньне асобных уніяцкіх пляцовак наогул ставіцца пад сумнеў. Вынікае гэта з таго, што некаторыя місійныя пляцоўкі памылкова залічваюцца ў дзейныя парафіі, хоць там былі адно спробы іх утварэньня. Таксама ў беларускія парафіі часам запісваюць парафіі з тэрыторыі Заходняй Украіны. Розныя, і па-свойму зацікаўленыя крыніцы, у залежнасьці ад стаўленьня да ўніятаў, у той самы перыяд могуць па-рознаму падаваць колькасьць вернікаў у парафіі, а часам самыя вернікі большымі або меншымі групамі вярталіся ў праваслаўе і парафіі амаль зьнікалі. І ўсё ж аб’ектыўна сёньня можна сьцьвярджаць, што ў 1930-ыя гг. у Заходняй Беларусі было каля 20 уніяцкіх парафіяў і місійных пляцовак, а колькасьць вернікаў складала 9-10 тысячаў.

Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)