Царква
Ня чыні пералюбу
(7 запаведзь, Выхад 20:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Голас сэрца

“Мой Улюбёны – нібы гор вышыні”

На пачатку чэрвеня 2009 году выйшаў дыск “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю”, які запісалі берасьцейскія грэка-католікі з харызматычнай супольнасьці “Маран ата”. Гэты дыск, які складае музычная кампазіцыя з 14 песьняў і ўрыўкаў з Сьвятога Пісаньня, стаў ня толькі першым для музыкантаў гэтай харызматычнай супольнасьці, але і першым музычным праектам, зьдзейсьненым у БГКЦ. У бліжэйшы час плануюцца выступы з прэзентацыяй гэтага дыску ў краіне.

Распавесьці пра гэты дыск (наклад якога склаў 1000 асобнікаў), пра тое, як нарадзілася ідэя яго стварэньня, мы папрасілі спн. Вольгу Граськову, каардынатара гэтага музычнага праекту. Яна зрабіла пераклад на беларускую мову вершаў вялікіх містыкаў Кармелю – сьв. Яна ад Крыжа, сьв. Тэрэзы Авільскай і сьв. Тэрэзы з Лізье, а таксама зьяўляецца аўтарам музыкі і аранжыроўкі да шэрагу песьняў, што гучаць на дыску. Вось што яна распавяла:

Зьяўленьне ў сьвет нашага першага кампакт-дыску “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю” адбылося дзякуючы Ўсемагутнаму Богу, Ягонай ласцы, дарагім братам і сёстрам кармялітам, якія падтрымалі наш праект, а таксама ахвярнаму служэньню музычнай групы супольнасьці “Маран ата”. Шчыра ўдзячныя таксама Віталю Ўсьцямчуку, які дапамог нам зрабіць аранжыроўку і запіс песьняў у сваёй студыі.

Распавядаючы пра наш дыск, пачну з выявы, якая зьмешчана на ягонай вокладцы. На ёй – выгнутая ў языках полымя постаць з малітоўна ўзьнятымі рукамі, якая сама стала адным з языкоў гэтага полымя. Гэта выява сьв. Тэрэзы з Лізье (Тэрэза ад Дзіцятка Ісуса) – манахіні-кармяліткі, якая прынесла сябе як ахвяру міласэрнай Любові Бога. Аўтарам гэтага выдатнага мастацкага твора (эмаль на медзі) зьяўляецца Элізабэт Содэрбэр-Вэйксельгартнер. Свой твор яна так і назвала “Сьв. Тэрэза з Лізье” (мы знайшлі яго ў інтэрнэце на адным з кармяліцкіх сайтаў).

Каб прыняць і адчуць Боскую Любоў трэба адрачыся сябе, пакласьці на ахвярнік для цэласпаленьня нават не свайго адзінага любага сына, як гэта зрабіў Абрагам, (і Сам Бог, дарэчы), а сябе самога, сваё “Я”. Гэта зразумела, але цяжка. Мы жывем і пакутуем толькі праз тое, што ня можам адважыцца на такую шалёную любоў, але ніякага іншага “механізму збаўленьня” ў нашым стане, у нашай сістэме каардынатаў, не існуе. Як бы мы ні адкідвалі гэты камень – ён ўжо зрабіўся галавою вугла той пабудовы сьвету, у якой мы жывем. Ня ўсе могуць гэта прыняць, бо Сам Бог кажа: “Шмат пакліканых, ды мала выбраных” (Лк 14, 24) – тых, для якіх такі шлях не пакута, а любоў. Дарэчы, як казала Малая Тэрэза (з Лізье), “паміраць ад любові не азначае паміраць у захапленьні. Наш Гасподзь памёр на крыжы ў страшных муках, але гэта – самая цудоўная сьмерць ад любові”.

А ішлі мы да ідэі стварэньня дыску на вершы вялікіх кармельскіх містыкаў доўгім шляхам. Некалькі гадоў таму да мяне зьвярнулася сястра з Берасьцейскага дому сясьцёр-кармялітак ад Дзіцятка Ісуса з просьбай перакласьці з польскай на беларускую мову тэкст чатырох – “нашых кармельскіх”, як яна іх назвала – песьняў. Я адразу з радасьцю згадзілася, бо літаральна за дзень да гэтага малілася і прасіла Бога аб якой-небудзь карыснай і цікавай справе для сябе. Сястра-манахіня прынесла магнітафон і касету з песьнямі Конрада Ясовіча на вершы сьв. Яна ад Крыжа і сьв.Тэрэзы з Лізье (“Rzucać kwiaty”, 1995 г.)…

Сустрэча з паэзіяй вялікіх містыкаў Кармелю сталася значна больш сур’ёзнай справай, чым я сабе ўяўляла, калі згадзілася за 3-4 тыдні зрабіць пераклад ды падрыхтаваць касьцёльную моладзь да выкананьня чатырох кармельскіх песьняў на ўрачыстасьць складаньня вечных зарокаў трох сясьцёр-манахіняў у санктуарыюме Маці Божай у Гудагаі. Гэтая паэзія нібы адчыніла для мяне брамы праўды, якімі мне належала ўвайсьці ў неабсяжную, дагэтуль невядомую глыбіню (ці вышыню?) духа. Памятаеце, як кажа Давід: “Адчыніце мне браму праўды; увайду ў яе, праслаўлю Госпада” (Пс 117, 19). Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што Ён падвёў тады мяне да гэтых таемных дзьвярэй.

Гэтая “цікавая справа” аказалася няпростай: духоўная паэзія – ня проста па-мастацку рыфмаваная прыгажосьць вобразаў, створаных з дапамогай метафар, эпітэтаў і г. д. Гэта – багаслоўе Айцоў Каталіцкай Царквы, рэфарматараў ордэну кармялітаў, якое трэба было выказаць праз рыфмаванае слова і музыку. За гэтую справу малілася ўся “Маран ата”, сёстры-кармяліткі; маліліся таксама і Вялікая Тэрэза з Авілю і Малая Тэрэза ад Дзіцятка Ісуса, бо я зьвярталася да іх з просьбай аб дапамозе. Разам са сьв. Янам ад Крыжа мне прыйшлося араць духоўную цаліну майго асабістага шляху да Бога – я сама ішла праз пошук, ачышчэньне, ноч... – праз усе тыя этапы, пра якія гэты сьвяты згадвае ў “Песьні духа”.

“Неабсяжная прыгажосьць” Асобы Бога, якая адкрываецца праз духоўную паэзію містыкаў Кармелю, “неадрыўна прывабіла” ня толькі мяне, але і большасьць нашай супольнасьці. Кармяліцкая духоўнасьць, па сваёй прыродзе блізкая да ўсходняй, вельмі паўплывала на духоўнасьць “Маран аты”. Мы маліліся і молімся дагэтуль з гэтымі песьнямі. За гэты час у нас зьявіліся новыя беларускія пераклады (з польскай) вершаў сьв. Тэрэзы з Авілю і сьв. Тэрэзы з Лізье, якія таксама сталі песьнямі. Большасьць з іх увайшла ў сьпеўнік супольнасьці “Маран ата”, які мы выдалі ў 2006 годзе. Некалькі разоў мы былі з музычнымі праграмамі на тэму “Духоўны шлях душы-нявесты да Бога” ў манастыры кармялітаў у Гудагаі ды ў іншых парафіях Беларусі і Ўкраіны. Паўсюль кармельскія песьні выклікалі вялікую цікавасьць і пакідалі пазітыўны водгук у сэрцах слухачоў. “Толькі б людзі трохі болей зразумелі і праславілі Госпада, і няхай мяне пракляне ўвесь сьвет”, – пісала сьв. Тэрэза з Авілю, і мы цалкам былі згодныя з ёю.

І, нарэшце, Ігар Бараноўскі, рэдактар газеты “Царква”, пераканаў нас запісаць гэтыя песьні на кампакт-дыск. Мы пагадзіліся, таму што лічым гэта часткай нашага прапаведваньня Евангельля. Дакрананьне да духу Кармелю робіць нешта дзіўнае з сэрцам чалавека, натхняе і вабіць, уводіць у невядомы дагэтуль стан адносінаў з Богам. Праз песьні на гэтым дыску мы хацелі падзяліцца з усімі, “хто мае вушы, каб чуць”, тым, што самі атрымалі праз гэтыя песьні, – Любоўю да Бога.

На дыску запісана 14 песьняў, зьвязаных між сабою вершамі з Сьвятога Пісаньня ў адзіную кампазіцыю, агульны час гучаньня якой – больш за гадзіну. Усе тэксты песьняў сабраныя і выдадзеныя асобнай кніжачкай.

Паспрабуйце слухаць ня проста вушамі – сэрцам!

Адносна набыцьця кампакт-дыску “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю”, які запісалі берасьцейскія грэка-католікі з харызматычнай супольнасьці “Маран ата”, можна зьвяртацца да а. Ігара Кандрацьева на яго e-mail: a.ihar@tut.by і па тэлефонах: (+375 162) 24-74-82, (+375 29) 724-74-82.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)