Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Ушанаваньне абраза Ісуса Міласэрнага

У нядзелю, 23 жніўня 2009 году, у Менску адбыліся ўрачыстасьці з нагоды заканчэньня вандраваньня па парафіях Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі абраза Ісуса Міласэрнага і рэліквіяў блаславёнага Міхала Сапоцькі, які служыў у Беларусі і спрычыніўся да пашырэньня культу Божай Міласэрнасьці. Разам з братамі рыма-католікамі ў гэтай урачыстай падзеі бралі ўдзел і грэка-католікі з Меншчыны.

Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ пасьля шматгадовых дасьледаваньняў надаў нядзелі пасьля Пасхі (Нядзелі Тамаша) імя Нядзелі Божае Міласэрнасьці і блаславіў паўсюдае шанаваньне іконы Ісуса Міласэрнага, якая мае надпіс «Ісус, давяраю табе!». У Цэрквах візантыйскай традыцыі гэтая ікона ўшаноўваецца як ікона Хрыста Чалавекалюбцы. Сэнс гэтай іконы – заклікаць чалавецтва зьвярнуцца да Бога і даверыцца Яму.

Урачычтасьці ў Менску ўзначальвалі архібіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснэр і архібіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. На царкоўным сьвяце былі вернікі ўсіх чатырох менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў і два сталічныя душпастыры беларускіх грэка-католікаў – а. Пахом Кавалёў і а. Яўген Усошын.

Таксама на ўрачыстасьць у Менску прыехалі верінікі з Маладэчна, якія ў сваім горадзе моляцца ў грэка-каталіцкім санктуарыюме Божай Міласэрнасьці. У маладэчанскай грэка-каталіцкай сьвятыні ўшаноўваюцца ікона Хрыста Чалавекалюбцы і ікона блаславёнага сьвятара Міхала Сапоцькі, напісаныя ў візантыйскай традыцыі іканапісу.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)