Царква
Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго; шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы... таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго
(4 запаведзь, Выхад 20:8-11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Рухі і супольнасьці

Валанцёрскі рух сьв. Мікалая

Хрысьціянскі валанцёрскі рух сьв. Мікалая, што існуе пры грэкакаталіцкай парафіі г. Віцебска, зьяўляецца царкоўнай ініцыятывай сацыяльнага служэньня. Заснаваны ўвосень 2007 году, сёлета адзначае свае другія ўгодкі. Рух яднае людзей добрай волі незалежна ад канфесійнай прыналежнасьці, што жадаюць служыць Богу праз дапамогу людзям, якія яе патрабуюць.

Галоўнымі нашымі прыярытэтамі зьяўляюцца: дапамога бліжняму (бескарысьліва дапамагаць людзям у патрэбе), евангелізацыя (дапамагаць іншым людзям прыходзіць да Бога праз прапаведаньне Евангельля Божага і ўчынкі любові і міласэрнасьці), сьведчаньне (дапамагаць і дзяліцца сваім досьведам з кожным, хто хацеў бы бескарысьліва служыць Богу і людзям у любові і міласэрнасьці).

Аднак любая сацыяльная дзейнасьць немагчыма без падрыхтаваных людзей. З гэтай прычыны рух мае сваю “Школу валанцёра”, пад якой разумеецца комплекс мерапрыемстваў, што дапамагаюць азнаёміцца, навучыцца і набыць валанцёрскі вопыт. Удзельнікі руху вучацца суправаджаць людзей на інвалідных калясках, здабываюць практычныя веды па аказаньні першай дапамогі, а таксама засвойваюць навыкі працы з дзецьмі-сіротамі, састарэлымі і людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі. Галоўным накірункам зьяўляецца духоўная хрысьціянская падрыхтоўка валанцёраў.

У нашых планах – паступова расказаць пра нашае сацыяльнае служэньне. А яшчэ – абавязкова пазнаёміць з нашымі валанцёрамі і людзьмі, якія патрабуюць нашай увагі і дапамогі.

а. Алесь Шыбека, г. Віцебск

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)