Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Гісторыя Царквы

д-р Сьвятлана Марозава,
праф. ГрДУ імя Я.Купалы

Ідэя царкоўнай уніі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі XV – пачатку XVI ст.
 
Царкоўны раскол 1054 г. моцна аслабіў хрысьціянства. З кожным стагоддзем паглыблялася прорва паміж праваслаўем і каталіцызмам. Лепшыя розумы, у тым ліку самі лідары Ўсходняй і Заходняй Цэркваў, неаднаразова рабілі спробы пераадолець раскол і аднавіць страчаную еднасьць хрысьціянства. У ХІІІ – XV стст. раньні экуменічны рух увасабляўся ў форме ўсяленскіх (глабальных) царкоўных уніяў, заключаных на ўмовах прызнаньня Ўсходняй Царквой каталіцкай эклезіялогіі і дагматыкі, але пры захаваньні свайго літургічнага абраду. Такімі былі Ліёнская унія 1274 г. і Фларэнцкая унія 1439 г., закліканыя пакласьці канец разьяднаньню хрысьціянскага Ўсходу і Захаду. Іх заключэньня дамагаліся ня толькі рымскія папы, але і візантыйскія імператары, якія разьлічвалі да дапамогу папства і каталіцкай Еўропы ў барацьбе супраць шматлікіх ворагаў Візантыі. Гэтыя уніі аказаліся нетрывалымі, праіснавалі нядоўга, з часам былі адкінутыя большасьцю Ўсходніх Цэркваў і ануляваныя.

Раскол 1054 г. зьяўляецца ці не найбольшай недарэчнасьцю сусьветнай гісторыі. Яго наступствы многія стагоддзі адчувалі на сабе розныя народы і краіны, найперш тыя, што знаходзіліся на месцы разлому хрысьціянства – у зоне сустрэчы-сутыкненьня яго ўсходняга і заходняга адгалінаваньняў. Такім народам зьяўляюцца беларусы, якія жывуць на памежжы двух сьветаў: усходне- і заходнеславянскага, у кантактнай зоне дзьвюх цывілізацыяў: праваслаўна-візантыйскай і рымска-каталіцкай. У супрацьстаяньні і пад ціскам праваслаўнага Ўсходу і каталіцкага Захаду нашы продкі стагоддзямі вымушаны былі шукаць сваё месца ў агульнагістарычным працэсе, у тым ліку на царкоўным полі.

Геапалітычная сьпецыфіка Беларусі, дзе з часоў Крэўскай уніі ўсходнехрысьціянскі сьвет сутыкаўся з такім жа хрысьціянскім, толькі ў іншай культурна-рэлігійнай версіі Захадам, і рэлігійны антаганізм паміж пра¬васлаўным і каталіцкім насельніцтвам Вялікага княства Літоўскага, што набіраў моц з канца ХІV ст., проста вымагаў пошуку кампрамісаў у канфесійнай сферы, патрабаваў рэлігійна-культурнага дыялогу і ствараў спрыяльную глебу для высьпяваньня і прарастаньня тут уніяцкай ідэі. Гэтая ідэя, шчыльна зьвязаная з праблемай адстойваньня царкоўнага і дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ, то ажывала, то затухала. Яе жывілі тут геапалітычны і экуменічны фактары.

Першы раз пытаньне аб уніі ў ВКЛ было ўзьнята каля 1396 г. Ягайла і Вітаўт прапанавалі дзесьці на іх “рускіх” землях склікаць сабор, які мог бы заняцца пытаньнем рэлігійнага аб’яднаньня хрысьціянскага Ўсходу і Захаду, паколькі ў тагачаснай рэлігійна-палітычнай сітуацыі такі сабор ня мог быць скліканы ні на Захадзе, ні на Ўсходзе [12, с. 36-37]. Са згоды Вітаўта і Ягайлы мітрапаліт “кіеўскі, рускі і літоўскі” Кіпрыян (каля 1336 г. – 16.09.1406, Масква) накіраваў Канстанцінопальскаму патрыярху Антонію IV ліст з прапановай склікаць “на Русі” агульнацаркоўны сабор і дамовіцца пра аб’яднаньне з каталіцкай Царквой. Але патрыярх адхіліў праект Кіпрыяна, спаслаўшыся на неспрыяльную для праваслаўя часіну [11, с. 86-87].

Рост у ХIV–XV стст. у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы Вялікага Княства Літоўскага, якое ўвабрала ў сябе вялікія абшары беларускіх і ўкраінскіх зямель з хрысьціянізаваным насельніцтвам і царкоўна-ерархічныя структуры значнай часткі Кіеўскай мітраполіі, абумовіла стварэньне ў дзяржаве ў 1415 г. самастойнай Літоўска-Наваградзкай мітраполіі з мітрапалічай рэзідэнцыяй у Наваградку. Яна стала буйным усходнееўрапейскім цэнтрам праваслаўя.

Новая мітраполія адразу праявіла цікавасьць да заключэньня ўсяленскай уніі. Яе зьверхнік Рыгор Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які, ня здраджваючы праваслаўю, намагаўся ўсталяваць кантакт з каталіцкай Царквой. Са згоды вялікага князя літоўскага Вітаўта мітрапаліт Цамблак у 1418 г. узначаліў вялікую дэлегацыю ад ВКЛ на Канстанцкі сабор (1414-1418 гг.) – самы прадстаўнічы царкоўны сабор сярэднявечча. Сярод шматлікіх праблемаў, якія абмяркоўваліся на саборы, зьверхнікі Ўсходняй і Заходняй Царквы выпрацоўвалі ўмовы аб’яднаньня.

На Канстанцкім саборы мітрапаліт Цамблак выступіў з праектам аб заключэньні царкоўнай уніі, які быў падтрыманы Вітаўтам, бо той шляхам уніі жадаў зьнішчыць антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам княства, што набіраў сілу з часоў Крэўскай і асабліва Гарадзельскай уніі. Пры гэтым літоўска-наваградзкі мітрапаліт рабіў націск на паразуменьне ў гэтым пытаньні з візантыйскім імператарам і царгарадзкім патрыярхам. Гэта быў першы крок ад таго часу ўжо бесьперапынных – аж да Фларэнцкай уніі 1439 г. – перамоваў аб уніі. Наваградак, такім чынам, з пачатку ХV ст. становіцца генератарам і носьбітам моцных уніяцкіх тэндэнцыяў і можа лічыцца радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ.

У царкоўна-рэлігійным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага і Ўсходняй Еўропы ХІV–ХV стст. гэтаму беларускаму гораду належала вялікая, а нярэдка і вызначальная роля. Валянцін Пікуль, расейскі гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную Беларусь: “Калі б беларусы змаглі прыўзьняць гістарычную заслону мінулага, то … свае гістарычныя цэнтры Полацак і Наваградак яны паставілі б паводле гістарычнага рэйтынгу і ўплыву ў Еўропе на першае месца ў ХІ – ХІІ – ХV стагоддзях” [3, с. 7].

Ад мітрапалітаў Кіпрыяна і Рыгора Цамблака ідэю і справу царкоўнай уніі пераняў смаленскі япіскап Герасім, у 1432 г. быў вылучаны на мітрапалічы пасад вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлам і зацьверджаны Царгарадам. Герасім меў тытул “мірапаліт кіеўскі і ўсяе Русі”, аднак улада яго абмяжоўвалася тэрыторыяй ВКЛ і некаторымі прылеглымі ўсходнеславянскімі землямі. Рэзідэнцыяй гэтага мітрапаліта быў Смаленск.

Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма заключыць унію з праваслаўнай Царквой ВКЛ [2]. Захаваліся папскія булы Яўгена IV, які даваў Герасіму паўнамоцтвы склікаць у ВКЛ сабор у справе уніі, бо патрыярхат у Царгарадзе толькі тады праяўляў схільнасьць да аб’яднаньня, калі яму пагражалі туркі [7, с. 177].

Сьвідрыгайла ўхваляў уніяцкія схільнасьці Герасіма, але ў 1435 г. западозрыў яго ў палітычнай здрадзе і загадаў пакараць сьмерцю. Мітрапаліт быў публічна спалены на вогнішчы ў Віцебску.

У сярэдзіне 1430-х гадоў кіруючыя колы Візантыйскай імперыі праявілі гатоўнасьць падпісаць унію з Рымам. Візантыйскі імператар Ян VIII Палеолаг і царгарадзкі патрыярх Язэп II спадзяваліся ў абмен на саступку ў дагматыцы атрымаць дапамогу каталіцкай Еўропы ў змаганьні з турэцкай пагрозай для абароны імперыі. Удзел вялікай усходнеславянскай Царквы ў задуманым грэкамі зьяднаньні Цэркваў забясьпечваўся прызначэньнем у 1436 г. на Кіеўскую мітраполію (тады яшчэ адзіную для Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага) свайго суайчыньніка Ісідара (1380/1390 г., Тэсалонікі – 27.04.1463, Рым), вядомага сваімі сімпатыямі да ідэі уніі. З дапамогай яго высокай адукаванасьці грэкі спадзяваліся дамагчыся падпісаньня уніі з лацінянамі на годных умовах.

Па даручэньні візантыйскага імператара Ісідар ужо ўдзельнічаў у перамовах аб зьяднаньні Цэркваў на Базэльскім саборы (1431-1437 гг.). Вынікам гэтых перамоваў зьявілася скліканьне Фларэнцкага сабора, які павінен быў пакласьці канец разьяднанасьці хрысьціянскага Ўсходу і Захаду.

У 1436 г. Ісідар быў высьвячаны царгарадзкім патрыярхам Язэпам II у сан кіеўскага мітрапаліта замест спаленага на загад Сьвідрыгайлы мітрапаліта Герасіма.

2 красавіка 1437 г. ужо з мандатам прадстаўніка Рускай (усходнеславянскай) Царквы на будучы ўсяленскі сабор Ісідар прыбыў з Царгарада ў Маскву і адразу пачаў зьбірацца ў дарогу. Давяраючы вучонаму і аўтарытэтнаму грэку, вялікі князь маскоўскі Васіль II адправіў яго на сабор са шматлікай сьвітай, адпаведна годнасьці сваёй дзяржавы: пасольства са ста чалавек, абоз з двухсот коней [9, с. 111].

Сабор, на якім меркавалася заключыць унію, быў скліканы ў 1438 г. у Фэрары папам Яўгенам IV. На працягу красавіка – кастрычніка праводзіліся папярэднія прыватныя нарады і перамовы паміж прадстаўнікамі лацінскай і грэцкай партыяў. Сабор урачыста адкрыўся 8 кастрычніка 1438 г. Паколькі ў Фэрары лютавала эпідэмія і ў сувязі з фінансавымі цяжкасьцямі ў лютым 1439 г. сабор перанесьлі ў Фларэнцыю.

Удзельнікі сабора падзяліліся на 2 лагеры: супернікі і прыхільнікі уніі. Доўга ішлі дагматычныя дыскусіі, у якіх адзін бок дарэмна чакаў саступак ад іншага. На саборы самымі дзейнымі прыхільнікамі уніі з Рымам аказаліся нікейскі мітрапаліт Вісарыён і кіеўскі мітрапаліт Ісідар, які быў прадстаўніком праваслаўнай Царквы ўсяе Русі, г. зн. Русі Маскоўскай і Русі Літоўскай. Апазіцыю уніі ўзначальваў эфэскі мітрапаліт Мануіл (Марк) Яўгенік.

Ісідару прыпісваюць ролю аднаго з ініцыятараў і галоўнага арганізатара Фларэнцкай уніі. Будучы патрыётам Візантыйскай імперыі, ён ня бачыў іншага спосабу яе выратаваньня ад турак як шляхам атрыманьня дапамогі каталіцкага Захаду. Разам з нікейскім мітрапалітам Вісарыёнам ён пераканаў падпісаць унію візантыйскага імператара Яна VIII Палеолага і царгарадзкага патрыярха Язэпа II. Удзельнік сабора мятонскі біскуп Язэп пісаў, што Ісідар першы пачаў даказваць неабходнасьць прыняцьця уніі на ўмовах, прапанаваных папам, і рашуча паўплываў у гэтым на імператара, карыстаючыся сваім вялікім аўтарытэтам. Рускае “Слово о составлении осьмаго собора” усю віну за унію ўскладае на Ісідара: «Царя обольстил еси, патриарха смутил еси и царствующий град погибели исполнил еси» [6, с. 353].

5 ліпеня 1439 г. быў падпісаны акт уніі. З каталіцкага боку свае подпісы пад ім паставілі папа Яўген IV, 143 кардыналы, прымасы, біскупы і архібіскупы, з праваслаўнага – візантыйскі імператар Ян VIII і 18 мітрапалітаў. Подпіс патрыярха Язэпа II у акце уніі адсутнічае, бо ён памёр 10 чэрвеня 1439 г. Але ён пакінуў дакумент, у якім засьведчыў сваю згоду [4, с. 340]. Пад актам уніі стаіць подпіс Ісідара: «Подписуюсь с любовью и одобрением». 6 ліпеня адбылося ўрачыстае абвяшчэньне аднаўленьне еднасьці хрысьціянаў Усходу і Захаду ў адной Царкве.

У адпаведнасьці з Фларэнцкай дамовай, Царгарадзкая Царква разам з даччынымі Цэрквамі злучалася з Рымам. Лаціняне і грэкі ядналіся ў адзінай Хрыстовай Царкве на роўных умовах. Праваслаўныя прызнавалі шэраг каталіцкіх дагматаў, у тым ліку “філіоквэ” (у кампрамісным варыянце), пры захаваньні сваёй абраднасьці і богаслужэньня на грэцкай, царкоўнаславянскай і інш. мовах, шлюбу сьвецкага духавенства, магчымасьці для сьвецкіх людзей атрымліваць сьв. Прычасьце пад выглядам ня толькі хлеба, але і віна і г. д.

Напрыканцы 1439 г. Ісідар адправіўся ў зваротны шлях у сваю мітраполію, які ляжаў праз Венецыю – Харватыю – Заграб – Буду – Кракаў у Вялікае Княства Літоўскае і ў Маскоўскую дзяржаву. З вугорскай сталіцы Буды ў пачатку 1440 г. ён разаслаў ва ўсё падпарадкаваныя яму япархіі Маскоўскай дзяржавы, ВКЛ, Польшчы, Лівоніі афіцыйныя пастырскія пасланьні, у якіх абнародаваў факт зьяднаньня Цэркваў і ўсталяванае на саборы ў Фларэнцыі раўнапраўе ўсходняга і заходняга абрадаў. Яго пасланьне адрасавалася «ўсім людзям, што хрысьціянамі называюцца – лацінянам і грэкам, і ўсім тым, хто належыць да саборнай царквы Канстанцінопальскай, гэта значыць, русінам, сербам, валохам ды ўсім іншым родам хрысьціянскім» і заклікала гэтыя Цэрквы Ўсходняй Еўропы «прыняць гэтае сьвятое і найсьвяцейшае зьяднаньне з вялікай духоўнай радасьцю і пашанаю» ды вызнаць узаемна сапраўднасьць сьвятых Тайнаў [5, с. 60].

У 1440-1441 гг. дзейнасьць мітрапаліта Ісідара праходзіла ў Польшчы, ВКЛ, Маскоўскай дзяржаве. У Кракаве, на Вавелі, у гонар Ісідара быў зладжаны ўрачысты прыём, адбылася сустрэча з польскім каралём. Тут ён адслужыў візантыйскую літургію ў каталіцкім храме. Далей на яго шляху былі Перамышаль, Холм, Львоў, дзе ён зьдзяйсьняў урачыстую літургію і абвяшчаў акт Фларэнцкай уніі. Тут дзейнасьць мітрапаліта не сустрэла цяжкасьцяў, якія сталі зьяўляцца па меры яго перасоўваньня ў паўночным і ўсходнім кірунках.

На працягу шасьці месяцаў (са жніўня 1440 г.) Ісідар знаходзіўся ў ВКЛ. Ён быў прыязна прыняты ў Смаленску і Полацку, наведаў праваслаўных вернікаў у Вільні, Тураве ды іншых гарадах. Таксама Ісідар прызначыў біскупа ўладзімірскага і берасьцейскага Данілу, які пазьней зрокся яго. А 5 лютага 1441 г. ён прыехаў у Кіеў, дзе абвясьціў акт Фларэнцкай уніі ў саборы сьв. Сафіі. Праваслаўная шляхта ВКЛ добразычліва прымала Ісідара. Граматай князя Аляксандра Алелькі былі афіцыйна прызнаныя прывілеі і паўнамоцтвы Ісідара як мітрапаліта. Затое віленскі каталіцкі біскуп не пажадаў вызнаць сапраўднасьць сьв. Тайнаў у праваслаўных і не дазволіў Ісідару абнародаваць акт Фларэнцкай уніі ў сталіцы княства.

Справа ў тым, што каталіцкія ярархі і шляхта ў ВКЛ і Польшчы тады не асабліва жадалі уніі. Неадназначным было стаўленьне да яе ў 1430-1440-ыя гг. І ва ўрадавых колах Польшчы і ВКЛ. Гэта з большага тлумачыцца і тым, што з двух тагачасных папаў: арганізатара Фларэнцкага сабора Яўгена IV і абранага яго апанентамі на Базэльскім саборы Фелікса V (антыпапа ў 1439-1449 гг. – Рэд.), адныя дзяржаўныя мужы не прызнавалі ні таго, ні другога; іншыя ж, а таксама большасьць каталіцкіх ярархаў ВКЛ і Польшчы вызнавалі Фелікса V.

Найбольшым посьпехам дзейнасьці Ісідара ў Польшчы і ВКЛ было выданьне каралём Уладзіславам у 1443 г. прывілея аб ураўнаньні ў правах і прывілеях духавенства абодвух абрадаў у адпаведнасьці з пастановамі Фларэнцкага сабора. Але гэты прывілей застаўся толькі на паперы і ня стаў абавязковай нормай.

У параўнаньні са спакойнай рэакцыяй на Фларэнцкі сабор і унію ў беларуска-ўкраінскіх землях у Маскоўскай дзяржаве на гэтае зьяднаньне адрэагавалі бурна і варожа. Яно было ўспрынята як здрада праваслаўнай веры візантыйскім імператарам, царгарадзкім патрыярхам і прагнымі да грошай грэкамі. Акты Фларэнцкага сабора былі названыя некананічнымі. Вялікі князь маскоўскі Васіль II не жадаў дапусьціць царкоўнага аб’яднаньня Ўсходу і Захаду ў сваёй дзяржаве, бо яно перашкаджала яму ва ўсталяваньні абсалютнага адзінаўладдзя. Да прыезду Ісідара ў Маскву 19 красавіка 1441 г. Васіль II і праваслаўная ярархія з разанскім біскупам Ёнам на чале прасякліся рашучасьцю зрачыся здрадніка-мітрапаліта Ісідара. Яго, непахіснага прыхільніка уніі, яны абвясьцілі зрынутым з мітрапалічае пасады і заключылі ў манастырскую турму. Адтуль мітрапаліту Ісідару ўдалося 15 верасьня 1441 г. зьбегчы ў ВКЛ, дзе ў Наваградку ён сустрэўся з вялікім літоўскім князем Казімірам. Пасьля гэтага ён вырашыў накіравацца ў Рым. Ісідар меў цьвёрды намер аднавіць сваю ўладу над усёй Рускай Царквой, вярнуцца на Русь і там завяршыць справу уніі. Але наступныя рэлігійна-палітычныя падзеі перакрэсьлілі яго планы.

Сваёй дзейнасьцю на карысьць уніі, якая адбывалася без узгадненьня з Вільняй і насуперак жаданьню Масквы, Ісідар на многія гады вызначыў лёс беларуска-ўкраінскай Царквы і ўсёй Усходняй Еўропы. З пункту гледжаньня ўдзелу ў падрыхтоўцы, заключэньні і рэалізацыі Фларэнцкай уніі Кіеўскі мітрапаліт Ісідар выступае важнай асобай сусьветна-царкоўнай гісторыі.

У наступныя гады ў Маскве зьявілася мноства палемічных твораў, якія падступству грэцкага патрыярха і візантыйскага імператара, што пайшлі на унію з лацінянамі, супрацьпастаўлялі непахісную праваслаўную веру маскоўскага князя. Аўтары гэтых твораў тлумачылі падзеньне ў 1453 г. пад ударамі турак Візантыйскай імперыі, згубу “царствующего града” (Царгарада) іх адрачэньнем ад сваёй веры. Распрацаваная Філафеем Пскоўскім тэорыя “Масква – трэці Рым” засноўвалася на супрацьстаяньні дзьвюм тэзам: пра здраду грэцкай веры на Фларэнцкім саборы і паразу грэцкай зброі ў 1453 г. пад другім Рымам – Царгарадам.

Блізкае суседзтва і дачыненьні беларускіх зямель з лацінскім Захадам, знаёмства і далучэньне да сістэмы яго каштоўнасьцяў праз традыцыйныя палітычныя і культурныя сувязі з Польшчай, актыўнае збліжэньне з заходнехрысьціянскай культурай, міжканфесійныя шлюбы выпрацавалі сьпецыфічны, адметны ад маскоўскага, менталітэт беларуска-ўкраінскага праваслаўя. Яму ўласьцівы здольнасьць лавіраваць паміж Царгарадам і Рымам, гатоўнасьць пэўных колаў да дыялогу і кампрамісу на годных умовах, урэшце, папулярнасьць ідэі хрысьціянскага адзінства [10, с. 43-44]. Адсутнасьць шырокіх кантактаў з каталіцкім сьветам абумовіла лацінафобію маскоўскай знаці і духавенства.

15 сьнежня 1448 г. сабор рускіх япіскапаў упершыню бяз санкцыі царгарадзкага патрыярха – бо ён прыняў унію – узьвёў на мітрапалічы пасад даўно ўжо наменаванага на гэтую пасаду разанскага япіскапа Ёну. Гэтая падзея стала пачаткам аўтакефальнага існаваньня Рускай Праваслаўнай Царквы, якая, па словах яе гісторыка А.Карташава, «отрешилась от трусливого канонического предрассудка», быццам яна ня можа пачаць самастойнае, незалежнае ад Канстанцінопаля існаваньне [6, с. 362]. Дзесяць гадоў Ёна кіраваў мітраполіяй “всея Руси”", г. зн. яе абедзьвюма часткамі: маскоўскай і літоўскай.

Рым, хоць і ня цешыў сябе ілюзіяй адносна будучыні Фларэнцкай уніі ў Маскоўскай дзяржаве, не прызнаў маскоўскага рашэньня, лічыў мітрапаліта Ісідара законным першаярархам Русі, а Ёну – узурпатарам. У Рыме не гублялі надзеі аднавіць уладу Ісідара над той часткай Кіеўскай мітраполіі, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ. У 1458 г. папа Каліст III дамогся згоды вялікага князя літоўскага Казіміра на адыманьне літоўскай часткі мітраполіі ад Ёны і перадачы яе Ісідару.

Ісідар у той час быў ужо стары і на кіеўскі мітрапалічы пасад не вярнуўся. Папа пакінуў яму тытул мітрапаліта маскоўскага з намінальнай уладай над япархіямі Маскоўскай Русі. А для фактычнага кіраваньня праваслаўнай Царквой ВКЛ у 1458 г. царгарадзкі патрыярх-уніят Рыгор III Мамма, які быў выгнаны грэкамі з Царгарада за прыняцьце Фларэнцкай уніі і знайшоў прытулак у Рыме, са згоды папы Каліста III высьвяціў зьверхнікам Рускай Царквы вучня, паплечніка і пераемніка Ісідара, удзельніка Фларэнцкага сабора Рыгора II Балгарына (? – 1474 г.). Яму, ураджэнцу Балгарыі, былі падпарадкаваныя 6 япархіяў у ВКЛ і 3 – у Кароне. 11 верасьня 1458 г. на гэтай пасадзе Рыгора II Балгарына зацьвердзіў сваёй граматай папа Пій II.

Вынікам Фларэнцкай уніі было тое, што папы рымскія сталі прымаць непасрэдны ўдзел у справах Рускай (усходнеславянскай) Царквы, і гэта – з пераменным посьпехам – мела месца да пачатку XVI ст. Але гэта на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў рабіла нявызначаным юрысдыкцыю і статус Кіеўскай мітраполіі.

Па прыбыцьці ў Вільню і Наваградак мітрапаліт Рыгор Балгарын прывёз вялікаму літоўскаму князю Казіміру ліст ад папы рымскага, у якім гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве адбіраюцца ад “злочестивого монаха Ионы” і перадаюцца мітрапаліту-ўніяту Рыгору. Яго прыезд у ВКЛ унёс новы парадак у царкоўнае жыцьцё краіны.

Са свайго боку, Ёна выступіў супраць Рыгора і неаднаразова, хоць і беспасьпяхова, імкнуўся распаўсюдзіць сваю ўладу на япархіі ў ВКЛ. Ён разаслаў пасланьне да ўсіх япіскапаў ВКЛ, пераконваючы іх не прызнаваць мітрапаліта-ўніята і яму не падпарадкоўвацца. З дзевяці ўладык тых япархіяў толькі Яўхім, япіскап чарнігаўскі і бранскі, адгукнуўся на заклік Ёны – не прызнаў новага мітрапаліта і ў 1464 г. зьехаў у Маскву, кінуўшы сваю япархію. Прыняцьце мітрапаліта-ўніята астатнімі япіскапамі сьведчыла пра іх імкненьне да незалежнасьці ад Масквы.

Памкненьні мітрапаліта Рыгора Балгарыновіча распаўсюдзіць сваю кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і спробы пашырыць унію выклікалі рэзкі пратэст Масквы. Для яе Рыгор Балгарын, як і яго папярэднік Ісідар, быў сымбалем інтрыгі грэкаў, якія ў Фларэнцыі выявілі сваё агульнасьць з “лацінскай гарэзіяй”. Скліканы Ёнам у 1459 г. сабор япіскапаў у Маскве склаў саборную пастанову супраць Рыгора Балгарыновіча. Летапісец канстатаваў: «И оттоле разделися митрополия: король сего прия Григория, а князь велики [московский] не восхоте; и оттоле сотворишася два митрополита на Руси, един на Москве, а вторый в Киеве» [9, с. 115].

У лісьце Казіміру IV маскоўскі князь прасіў яго не прымушаць праваслаўнае насельніцтва ВКЛ падпарадкоўвацца Рыгору. У сваім лісьце ў адказ Казімір запрашаў Васіля прызнаць і прыняць Рыгора мітрапалітам у Маскве замест састарэлага мітрапаліта Ёны. Гэтую прапанову Васілю і яго сыну Івану III Казімір рабіў неаднаразова, але безвынікова. Пасьля сьмерці ў 1461 г. мітрапаліта Ёны яго пераемнік Феадосі пачаў ужываць скарочаны тытул “мітрапаліт усяе Русі” (без “кіеўскі”), верагодна, канчаткова зьмірыўшыся з стратай беларускіх і ўкраінскіх япархіяў.

Такім чынам, Фларэнцкая унія 1439 г. шмат у чым вызначыла наступны лёс усходнеславянскай Царквы і ўсяго ўсходу Еўропы. Адным з яе наступстваў было самастойнае, бяз санкцыі Царгарада, што “запляміў” сваю веру, прыняўшы “папскія гарэзіі”, абраньне ў 1448 г. свайго мітрапаліта ў Маскве і канчатковы падзел у 1458 г. праваслаўнай Царквы Ўсходняй Еўропы на 2 часткі: на Кіеўскую і Маскоўскую мітраполіі.

Нягледзячы на намаганьні мітрапаліта Рыгора Балгарына, праваслаўнае духавенства і вернікі ВКЛ не прынялі унію. У 1469 г. ён сам вымушаны быў адмовіцца ад уніі і быў зацьверджаны ў сане праваслаўнага мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі царгарадзкім патрыярхам Дыянісіем, які, такім чынам, не прызнаў самаабвешчанай фактычнай аўтакефаліі Маскоўскай мітраполіі. У адказ Масква разарвала адносіны і з Царгарадзкай патрыярхіяй, і з Кіеўскай мітраполіяй. Іван ІІІ загадаў не ўпускаць у маскоўскія абшары пасланьнікаў і мітрапаліта Рыгора, і царгарадзкага патрыярха. Ноўгарад, які рызыкнуў заявіць пра свой пераход пад юрысдыкцыю кіеўскага мітрапаліта Рыгора, Іван ІІІ у 1471 г. проста раздушыў вайсковай сілай і назаўсёды ануляваў федэратыўныя ноўгарадзкія вольнасьці [6, с. 548]. У канцы ХV ст. у архірэйскую прысягу ў Маскоўскай мітраполіі было ўведзена абяцаньне адрачыся ад Ісідара і Рыгора Балгарына і ад усіх – пасьля іх, «кому случится придти на Киев от Рима латинского или от Царьграда турецкия державы».

Хоць спробы рэалізацыі Фларэнцкай уніі ў Кіеўскай мітраполіі на землях Беларусі скончылася правалам, аднак вызначылі тут устойлівую ўніяцкую традыцыю на працягу ХV – пачатку XVІ стст. Гэтая сталая цікавасьць да ідэі царкоўнай уніі крыецца ў геапалітычным становішчы Беларусі і Ўкраіны паміж хрысьціянскім Усходам і Захадам, якое на працягу стагоддзяў абумоўлівала неабходнасьць вырашэньня двух актуальных для дзяржавы задач: захаваньня і ўмацаваньня дзяржаўна-палітычнай і рэлігійна-культурнай незалежнасьці. Пяцёра з дзевяці мітрапалітаў ВКЛ, што ўзначальвалі праваслаўную Царкву ў ХV ст., былі ўніятамі або прыхільнікамі Фларэнцкай уніі (Рыгор Цамблак, Ісідар, Рыгор Балгарынавіч, Місаіл Пестручэй, Язэп Балгарынавіч) [1, с. 35]. Яе падтрымлівалі вялікія князі літоўскія Казімір IV і Аляксандар. Таксама і ў другой палове ХV ст. кіеўскія мітрапаліты, як уяўляецца, усё яшчэ не прызнавалі катэгарычнага канфесійнага разьмежаваньня, хоць у вачах і Рыма, і Царгарада іх прымірэньне, дасягнутае на Фларэнцкім саборы, ужо ня дзейнічала.

Пасьля сьмерці Рыгора Балгарына (пахаваны ў Наваградку), аднаго з першых праўнійных дзеячаў праваслаўнай Царквы ў ВКЛ, мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі быў абраны ў 1475 г. смаленскі япіскап, ураджэнец м. Чарэя (цяпер у Чашніцкім раёне) Місаіл, які таксама падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі. Але ён ня быў зацьверджаны царгарадзкім патрыярхам, які не ўхваляў яго зносінаў з Рымам. Рэзідэнцыяй Місаіла быў Наваградак – царкоўная сталіца ВКЛ у XIII – XV ст.

Місаіл у 1476 г. арганізаваў зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства Кіеўскай мітраполіі і сьвецкіх асобаў да папы рымскага Сікста V. Пад гэтым зваротам-эпісталай акрамя яго ўласнага аўтографа стаялі подпісы архімандрытаў Кіева-Пячорскага манастыра Івана і Сьвята-Траецкага манастыра ў Вільні Макарыя, а таксама 13 прадстаўнікоў беларуска-ўкраінскай шляхты (князёў Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, Дзьмітрыя Вяземскага, намесьніка віцебскага Івана Хадкевіча і інш.).

Пасланьне напісана шматслоўна і мудрагеліста. У ім выказвалася гатоўнасьць прыняць унію, утрымліваліся скарга на лацінскае духавенства ВКЛ і Польшчы, якое крыўдзіць Рускую Царкву і вінаваціць усходніх хрысьціянаў у гарэзіі, і просьба зраўнаць іх з рыма-каталікамі.

Пасьля панегірыка ў гонар папы выказана бачаньне рэлігійнай згоды паміж хрысьціянскім Захадам, з яго дактрынаю папства, і Ўсходам. У пасланьні адстойвалася ідэя, што “няма адрозьненьняў у Хрысьце паміж грэкамі і рымлянамі”, але кожны закліканы жыць у адпаведнасьці са сваёй традыцыяй. Відавочным і дэкларатыўна шчырым зьяўляецца прызнаньне папскага вяршэнства над Кіеўскай мітраполіяй. Ухвалены таксама Фларэнцкі сабор і “філіоквэ”.

Мяркуюць, што гэты ліст з прапановай царкоўнай уніі быў накіраваны папе рымскаму ад імя япіскапата і шляхты наваградзкім саборам. Ліст яму перадалі праз папскага легата Антоніа Банумбрэ, які ўдзельнічаў у саборы.

Ліст застаўся без адказу папы. Ствараецца ўражаньне, што ў канцы ХV ст. у Рыме сталі звыкацца з думкай аб бесьперсьпектыўнасьці Фларэнцкай уніі на беларуска-ўкраінскіх землях і з недаверам ставіліся да ўсіх пасьпешных планаў новай уніі.

Гэты ліст упершыню быў апублікаваны ў 1605 г. мітрапалітам Іпаціем Пацеем, які ў пачатку ХVII ст. выкарыстоўваў яго дзеля прапаганды ідэі ўніі. Асобныя дасьледчыкі падвяргалі сумневу аўтэнтычнасьць гэтага ліста, сьцьвярджалі пра магчымасьць яго фальсіфікацыі ў пачатку ХVII ст., верагодна, І.Пацеем. Адказам праваслаўнага боку на апублікаванае Пацеем пасланьне мітрапаліта Місаіла да папы стаў вядомы палемічны твор “Пересторога”.

У 1498-1501 гг. на мітрапалічай катэдры ў Наваградку знаходзіўся Язэп І Балгарынавіч, прыхільнік далучэньня праваслаўнай Царквы ВКЛ да Фларэнцкай уніі. Ён паходзіў з шляхецкага роду Балгарынавічаў, зьяўляўся блізкім сваяком Івашкі Сапегі, пісара вялікага літоўскага князя Аляксандра і меў родавы маёнтак у Слуцкім павеце. Да пастаўленьня на мітраполію быў зьверхнікам слуцкага Траецкага манастыра, потым – смаленскім япіскапам.

У 1497 г. Язэп І Балгарынавіч, верагодна, зьвярнуўся да царгарадзкага патрыярха Ніфанта II з лістом, просячы яго выказаць сваё меркаваньне пра Фларэнцкую унію. У зваротным лісьце ад 5 красавіка 1497 г., аўтэнтычнасьць якога, аднак, ставіцца некаторымі дасьледчыкамі пад сумнеў, Ніфант заклікаў літоўска-наваградзкага мітрапаліта трымацца уніі, але захоўваць пры гэтым усе ўсходнія традыцыі. Адказ Ніфанта, арыгінал якога згублены, упершыню апублікаваў у 1617 г. Леў Крэўза у польскім перакладзе ў сваім творы “Абарона еднасьці царкоўнай”.

Толькі праз 2 гады, 10 мая 1500 г., Язэп Балгарынавіч быў зацьверджаны на Кіеўскай мітраполіі царгарадзкім патрыярхам Якімам I. Той ня мог ня ведаць пра тое, што кіеўскі мітрапаліт Язэп Балгарынавіч цікавіўся правамоцнасьцю Фларэнцкай уніі, верагодна, з намерам весьці праўнійную дзейнасьць. Гэта, аднак, не перашкодзіла патрыярху зацьвердзіць яго ў сане. З гэтага можна меркаваць, што стаўленьне Царгарада да уніі не было тады такім ужо варожым.

У той час рэлігійная палітыка афіцыйных уладаў ВКЛ выклікала асуджэньне ў Маскоўскай дзяржаве. У сувязі з палітычнымі амбіцыямі, хоць і не бяз пэўных падставаў, Масква абвінаваціла ўлады ВКЛ у парушэньні рэлігійных свабодаў усходніх хрысьціянаў, маючы на ўвазе найперш выпадак з дачкой вялікага маскоўскага князя Івана III Аленай, якую нібыта мітрапаліт Язэп прымушаў перайсьці на унію (або ў лацінскі абрад) пасьля яе замужжа з вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Маскоўская дзяржава, якая вясной 1500 г. пачала вялікі наступ на ВКЛ, выкарыстала гэтую рэлігійную праблему як нагоду, даказваючы, што абавязкам Масквы ёсьць абарона аднаверцаў, якіх мітрапаліт Язэп Балгарынавіч па ўказаньні кіраўніка ВКЛ нібы прымушаў скарыцца Рыму.

Вялікі князь літоўскі Аляксандар, які імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу шляхам увядзеньня канфесійнай гармоніі і парытэту паміж усходнім і заходнім хрысьціянствам, нягледзячы на моцныя антырускія настроі, якія панавалі сярод лацінскага духавенства на падпарадкаваных яму тэрыторыях, заахвочваў дзейнасьць мітрапаліта на карысьць царкоўнай еднасьці. 20 студзеня 1499 г. ён выдаў грамату, якой гарантаваў юрысдыкцыю мітрапаліта, епіскапаў і іх царкоўных судоў ва ўсіх кананічных спрэчках, і абавязваў падаваць у мітрапалічы суд скаргі на католікаў або праваслаўных, што ўчыняюць гвалт над “рускімі” сьвятарамі.

Падтрыманы вялікім князем, мітрапаліт Язэп, як і яго папярэднік Місаіл, 20 жніўня 1500 г. напісаў пасланьне да папы рымскага Аляксандра VI. У ім ён прызнаваў папскую ўладу і сымбаль веры, згодна з дэкрэтамі Фларэнцкага сабора, уключаючы “філіоквэ”. Гэтым пасланьнем мітрапаліт шукаў шляхоў паляпшэньня лёсу сваёй паствы, уцісканай рыма-католікамі. Дэлегацыя з пасланьнем мітрапаліта Язэпа, якую вялікі князь Аляксандар накіраваў у Рым з мэтай перамоваў аб стварэньні кааліцыі хрысьціянскіх дзяржаваў супраць Турцыі і Крымскага ханства, прыбыла туды 11 сакавіка 1501 г. У складзе гэтага пасольства, якое ўзначальваў Эразм Цёлэк, быў прадстаўнік “рускай” Царквы Іван Сапега. У Рыме Цёлэк, які па сутнасьці выступаў ад імя віленскага рымска-каталіцкага біскупа Войцеха Альберта Табара, вёў перамовы і меў дзьве прыватныя аўдыенцыі ў папы. Цёлэк даў зразумець, што лічыць недарэчным пасылаць папскую місію на рускія землі для афіцыйнага ўзнаўленьня Фларэнцкай уніі.

Інтарэсы Апостальскага Пасаду і выстаўленыя ім умовы папа выказаў у двух сваіх лістах: біскупа Войцеха Табара (ад 26 красавіка) і вялікаму князю Аляксандру (ад 7 ліпеня). Рым быў асьцярожны ў фармулёўках. У лісьце да віленскага біскупа папа адзначыў: “…Царкоўную супольнасьць не павінны псаваць дагматычныя разыходжаньні. …А таму, ухвалілі мы, …найважней берагчы здаровы і беззаганны статак, чым аслабіць яго бясьпеку, упускаючы ў яго авечак, пазначаных плямамі гарэзіі або іншых адрачэнскіх хваробаў”. Падобна, папства было гатова прызнаць часткай каталіцкай супольнасьці Кіеўскую мітраполію, аналіз адданасьці якой пастановам Фларэнцкага сабора павінен быў правесьці біскуп Табар. Галоўнай праблемаю для Рыму было тое, што мітрапаліта Язэпа высьвяціў “гарэтык Якім”, пасаджаны на царгарадзкі пасад турэцкім султанам. Ні папа, ні прызначаны папам царгарадзкі патрыярх кардынал Джавані Мікеле не зацьвердзілі Язэпа Балгарынавіча ў сане кіеўскага мітрапаліта.

Хоць папа Аляксандар VI стрымана прывітаў ініцыятыву Язэпа Балгарынавіча, непасрэдна яму ён не адказаў. Рымскі архірэй не імкнуўся мець справу з кіеўскім мітрапалітам, пакуль той ня зрокся патрыярха ў Царгарадзе і не атрымаў прызнаньня папы або ўніяцкага патрыярха Мікеле. Упаўнаважаным на перамовах было сказана, што Язэпа можа прыняць у Рымскую Царкву віленскі біскуп Войцех Табар. Хоць рымскія дакументы, якія зьявіліся ў адказ на афіцыйны зварот мітрапаліта Язэпа, неаднаразова спасылаюцца на Фларэнцкі сабор, дух уніі на той час ужо, відавочна, згас [5, с. 73-76].

У 1501-1502 гг., у адказ на пасланьне мітрапаліта Язэпа да папы Аляксандра VI, прафесар і рэктар Кракаўскай акадэміі Ян Сакран напісаў востры палемічны памфлет "Elucidarius errorum ritus Ruthenici", у якім нападаў на русінаў, крытыкуючы іх багаслоўскую і маральную сьвядомасьць, царкоўную дысцыпліну і наогул рэлігійны этас. Сакран пісаў, што Руская Царква ня можа быць партнёрам у прымірэньні з Рымскай Царквой, што русіны – самыя дрэнныя з усіх гарэтыкоў – могуць быць толькі суб’ектамі ў пераварочваньні ў адзіна правільную лацінскую веру. Падобныя меркаваньні, выказаныя ў памфлеце Я.Сакрана, былі тыповыя для каталіцкіх царкоўных і сьвецкіх колаў Польшчы і ВКЛ.

Мітрапаліты Ісідар, Рыгор Балгарын, Місаіл Пестручэй, Язэп Балгарынавіч – усе яны фармальна лічылі Фларэнцкую унію дзейснай на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ, хоць гэта фактычна не адбівалася на жыцьці духавенства і вернікаў. Да пачатку ХVI ст. кіеўскія мітрапаліты, не парываючы з Царгарадам, шукалі спосабы працягу або ўзнаўленьня адносінаў з Рымам, пакуль ня ўпэўніліся, што папства – і найперш вышэйшае каталіцкае духавенства ВКЛ і Польшчы – лічаць Фларэнцкую унію ўжо скасаванай (у 1501 г. папа рымскі Аляксандар VI прызнаў яе нядзейснай у ВКЛ). Пасьля сьмерці ў другой палове 1501 г. Язэпа Балгарынавіча яго пераемнікі, кіеўскія мітрапаліты, да канца XVI ст. не рабілі спробаў узнаўленьня уніі ў ВКЛ.

Увасабленьнем Фларэнцкай уніі ў культурнай сферы ВКЛ могуць лічыцца пабудаваныя на мяжы ХV – XVI стст. храмы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы і Супрасьлі, якімі Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. Праваслаўныя культавыя пабудовы візантыйскага тыпу тут упершыню ўвабралі гатычныя рысы, уласьцівыя заходнееўрапейскаму дойлідзтву.

Прыхільнікам і прапагандыстам ідэй фларэнцкага экуменізму – “церковной единоты” – быў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына. Ён падкрэсьліваў бессэнсоўнасьць падзелу хрысьціянства і надуманасьць спрэчак аб першынстве паміж найвышэйшымі ярархамі Заходняй і Ўсходняй Царквы. У сваёй Прадмове да “Першага Пасланьня Паўла да Карынцянаў” ён пісаў пра велізарную грамадзкую карысьць ад усехрысьцінскага адзінства [8; 11, с. 91].

У ХVI ст. у праваслаўным сьвеце суціхлі спрэчкі, выкліканыя Фларэнцкай уніяй, сьцерліся супярэчнасьці паміж праўнійнай і антыўнійнай праваслаўнымі партыямі, якія перад самым прыходам туркаў у Візантыю так зацята змагаліся паміж сабой. Фларэнцкая ўнійная традыцыя была забытая або напаўзабытая да апошняй траціны ХVI ст., калі на беларускай глебе сталі прарастаць новыя праекты царкоўнай уніі. Яе ізноў успомнілі і ў Рыме, і ў Вільні. Фларэнцкая мадэль аб’яднаньня хрысьціянаў, адаптаваная да новых гістарычных і геапалітычных умоваў, была пакладзена ў аснову Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 г., якая выявілася найбольш трывалай з усіх спробаў аб’яднаньня ўсходняга і заходняга хрысьціянства і стала ўкладам Беларусі ў сусьветную цывілізацыю. Эстафета пошуку шляхоў да еднасьці ад італьянскай Фларэнцыі пераходзіла да нашага Берасьця.

Літаратура:

1. Абламейка С. Хай усе будуць адно // Беларуская мінуўшчына. – 1994. – № 4. С. 33-36.

2. Бажэнаў Ю. Герасім // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. – Мінск: БелЭн, 2001. – С. 73.

3. Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В.Я.Ляшук, А.А.Майсейчык, К.М.Мароз і інш. Пад рэд. В.Я.Ляшук. – Мінск: Рэдакцыя часопіса “Крыніца”, 1997. – 608 с.

4. Белы А.В. Фларэнтыйская унія 1439 // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. – Мінск: БелЭн, 2001. – С. 339-340.

5. Криза і реформа: Київська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейської унії: Пер. з англ. – Львів: Інститут історії Церкви Львівської богословської академії, 2000. – 429 с.

6. Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. – Репринт. Париж, 1959. – Москва: Наука, 1991. – Т. 1. – 704 с.

7. Лужницький Г. Українська церква між Сходом і Заходом. – Филаделфія, 1954.

8. Мальдзіс 1990 – Мальдзіс А. Францыск Скарына як прыхільнік «церковной единоты» // Полымя. – 1990. – № 8. – С. 203-208.

9. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. – Репринт. Буэнос-Айрес, 1966. – Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. – 299 с.

10. Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз). – Мінск: Беларуская навука, 1998. – 112 с.

11. Cаверчанка І. Aurea medioсritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. – Мінск: Тэхналогія, 1998. – 319 с.

12. Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej / Przekł. A.Niclewicz. – Lublin – Rzym: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej; Fundacja Jana Pawła II, 1997. – T. I. – 270 s.

• Дыскусія папы, кардыналаў і біскупаў на саборы. (З Хронікі Канстанцкага сабору Ульрыха Рыхенталя).

• Мітрапаліт Кіеўскі Кіпрыян Цамблак.

• Від Фларэнцыі ў 1490 г. на старажытнай гравюры.

• Царква Нараджэньня Багародзіцы (1524 г.) у в. Мураванка Шчучынскага р-ну Гарадзенскай вобл.

Гэты артыкул чыталі 15 разоў (-ы)