Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Вандроўка туды i назад,

альбо мае калядныя практыкi...

"Была ў зямлi дзiрка, але ж ня проста дзiрка, а нара, i жыў у ёй хобiт..." Менавiта гэтак сусьветна вядомы пiсьменьнiк Джон Рональд Руэл Толкiн распачаў сваю кнiгу "Хобiт, альбо Вандроўка туды i назад", i менавiта гэтыя словы сталi маiм часовым дэвiзам ды тэмай для разважаньняў падчас калядных сьвятаў, а значыцца – i калядных практыкаў у Беларусi.

Бывае так у нашым жыцьцi, што нейкiя словы прыйдуць i амаль адразу адыходзяць, дакранаюцца да розуму, але не кранаюць сэрца, ды й зьнiкаюць з памяцi, з жыцьця, як нiчога ня вартыя для дадзенага канкрэтнага моманту. А бывае й так, што прыходзяць словы, якiх ня можаш адкiнуць, якiя ўваходзяць у тваё сэрца i напаўняюць яго нейкiмi прадчуваньнямi. Яны нiбы паказваюць табе больш глыбокi, сымбалiчны сэнс тых словаў, што ты толькi што пачуў цi прачытаў, i знаходзяць водгук у сэрцы. Словы даюцца кожнаму свае, залежна ад моманту, ад унутранага духоўнага стану i ад тых пытаньняў, што турбуюць цябе ў дадзены момант. Вось так i да мяне – прыйшлi словы, якiя я ведаў вельмi добра, але якiя нiколi яшчэ, ажно да гэтага часу, не давалi мне стымулу да разважаньняў, не даходзiлi так глыбока ў маё сэрца, як зараз.

Адныя памятаюць, iншыя – не, але з хобiтам Бiльбо сытуацыя адбывалася гэтак: жыў ён сабе ў сваёй утульнай норцы, пакуль не прыйшоў сiвабароды Гэндальф, якi пастукаў у яго дзьверы, намаляваў на iх Знак ды адаслаў Хобiта ў Вандроўку. Ня проста ў Вандроўку, нiбыта на шпацыр з сьвежым паветрам ды цудоўнымi краявiдамi, але на рызыкоўную прыгоду ды на змаганьне з Цмокам. I наш Хобiт пайшоў, пайшоў каб выканаць патрэбнае i... вярнуцца.

Гiсторыя гэтага Хобiта часам нагадвае жыцьцё семiнарыста: табе пастукалi ў сэрца, табе намалявалi ў сэрцы Знак перамогi, цябе клiчуць – i ты зьбiраешся ў дарогу ды робiш першы крок. Ты становiшся на гэты шлях. Ты – семiнарыст. Ты той, хто знаходзiцца ў Вандроўцы, i вельмi важна, што Вандроўка твая пачалася ня дзесьцi ў абстрактным месцы, але з тваёй канкрэтнай "норкi", цёплай, утульнай норкi, з месца, дзе ты – дома: з тваёй канкрэтнай парафii, з тваёй канкрэтнай Царквы. I менавiта гэта, як тая норка для хобiта, i ёсьць тым месцам, куды ты паклiканы вярнуцца "назад". Ты яшчэ сьпяшаешся "туды", а гэтае "назад" ужо закладзена, намалявана, выразана ў тваiм сэрцы. I ты крочыш далей, ведаючы гэта...

Вандроўка семiнарыста – гэта ўвесь перыяд навукi, увесь перыяд выпрабаваньняў i нашых папярэднiх служэньняў у Царкве, гэта час практыкi i працы над сабой, гэта шлях "туды". Хто мы ў гэты перыяд? Гэта нейкi асаблiвы стан? Паўсьвятары? Не. Мы – звычайныя вернiкi, звычайныя хрысьцiяне, толькi якiя адчулi паклiканьне да асаблiвага служэньня i спрабуюць iсьцi за iм, быць верным яму. Да чаго мы паклiканыя ў гэты час? Як i ўсе браты ды сёстры мы паклiканыя да сьведчаньня пра Хрыста, да пашырэньня Добрай Весткi, да жыцьця ў Хрысьце i ў Ягонай Царкве. Але праз свой выбар, праз свой адказ на Заклiк, мы паглыбляем свае паклiканьнi i сваю адказнасьць за iх. Iсьцi i здабываць патрэбныя веды ды зьбiраць духоўныя каштоўнасьцi, змагацца з Цмокам у сваёй душы i вучыцца перамагаць яго.

Калi ж ты дайшоў, пераадолеў усе перашкоды, не паддаўся на спакусы, адкiнуў фальшывыя мапы, якiя абяцалi нешта iншае, калi ты дайшоў да фiнальнага змаганьня з Цмокам i перамог яго, то раптам ужо ясна бачыш тое, што раней толькi адчуваў. Ты бачыш, што насамрэч шлях ня скончаны, што цябе чакае Вандроўка назад. Ты разумееш, што ня можаш захаваць толькi i выключна для сябе ўсё тое, што атрымаў, бо дары раскрываюцца i паглыбляюцца толькi тады, калi будзеш iмi дзялiцца, калi будзеш раздаваць iх iншым. Ты бачыш, што вакол цябе ёсьць шмат тых, хто чакае тваёй дапамогi, каму можа быць патрэбнае тваё слова, твой досьвед, хто чакае на тваё вяртаньне, пры чым на вяртаньне ўжо ў новай якасьцi: вяртаньне не для адпачынку, але для служэньня; i менавiта тут, напрыканцы першай часткi Вандроўкi, ты, праз ускладаньне рук, атрымлiваеш ласку, неабходную для гэтага.

У гэты момант сама Царква пацьвярджае тваю вернасьць заклiку й просiць Госпада памножыць твае дары, якiмi ты будзеш служыць: узвысiць тваё Слова, паглыбiць твой Дух, узмацнiць тваё Цела. Царква бласлаўляе цябе на вяртаньне ды дае табе ўсе тыя скарбы, якiмi валодае сама, каб ты нёс iх да сваiх братоў i сясьцёр, да тае супольнасьцi Духа, да якой ты належаў ды належыш, як кожны хрысьцiянiн. I ты з радасьцю вяртаешся. Вяртаешся, каб заставацца там, з сваiмi, з тымi, з кiм быў паклiканы i да каго быў паклiканы. Вяртаешся ў вернасьцi, вяртаешся з дарамi, вяртаешся, каб аддаць усё iншым. Урэшце вяртаешся дамоў... Туды, дзе можаш сказаць: гэта – браты мае, гэта – сёстры мае, гэта – Мацi мая, гэта – маё месца...

На працягу гэтае нашае вялiкае Вандроўкi даволi рэгулярна адбываюцца маленькiя, але ад гэтага ня менш важныя, вандроўкi. Рэгулярныя вандроўкi на Бацькаўшчыну, i потым назад у семiнарыю, iзноў туды й назад. Кожныя сьвяты, кожныя вакацыi...

Нашае служэньне, нашыя практыкi – гэта ня проста прысутнасьць семiнарыста ў нейкай парафii, каб "сьвечку патрымаць" цi "Апостал прачытаць", але амаль заўсёды гэта рэальныя сустрэчы з людзьмi: рэальныя размовы й дыскусii, знаёмства з рэальнымi патрэбамi парафii i нашая пасiльная дапамога. Семiнарыст ня мае пакуль дазволу вучыць, але мае доступ да кнiг ды можа заўсёды пашукаць адказ з аўтарытэтных крынiцаў. Семiнарыст ня можа ўдзяляць сьв. Тайнаў, але можа дапамагаць лепш зразумець iх. Семiнарыст не апякуецца парафiяй, але пры патрэбе заўсёды можа папрацаваць, дапамагчы ды арганiзаваць. У гэтым ён вучыцца таму, чым будзе потым служыць ужо як сьвятар.

Гэтыя Каляды для мяне былi вельмi плённыя i поўныя перажываньняў, хоць я й ня змог трапiць у Беларусь уласна на сьвята Раства Хрыстова. Узамен я атрымаў ласку пабываць у Менску на навагоднiх багаслужбах дзьвюх парафiяў – Мацi Божай Нястомнай Дапамогi (на якую быў накiраваны для практыкi) i парафii сьв. Язэпа, з якой зьвязаны сваiм жыцьцёвым шляхам i прыходам да Царквы. Таксама ў Менску, на парафiяльных урачыстасьцях у гонар сьв. Язэпа, я меў ласку супольна малiцца з усiмi нашымi грэка-каталiцкiмi сьвятарамi i семiнарыстамi, а праз iх – i з усёй нашай Царквой.

З цiкавага досьведу, якi я атрымаў на гэтыя Каляды, было яшчэ й тое, як я вучыўся варыць куцьцю. Дзякуй тым, хто падштурхнуў мяне да гэтага, заўважыўшы: "Як гэта так? Прасфоры пякчы ўмееш, а куцьцю рабiць – яшчэ не!" I ў гэтым была праўда, бо куцьця – таксама частка нашага лiтургiчна-царкоўнага жыцьця, частка нашае традыцыi.

Але напэўна самай асаблiвай ласкай ды радасьцю для мяне была магчымасьць удзелу ў прымiцыйнай сьв. Лiтургii новапастаўленага сьвятара а. Андрэя Буйнiча, чалавека, якi першы мяне пазнаёмiў з нашай Царквой i якога я з радасьцю магу называць сваiм сябрам.

Урачыстая прымiцыйная служба – гэта якраз той бачны знак вяртаньня. Гэта момант сустрэчы таго, хто вярнуўся, з тымi, хто чакаў i спадзяваўся. I хоць для мяне ў маёй семiнарыi ў Айхштэце (Нямеччына) значна цяжэй у поўнi ўдзельнiчаць у жыцьцi нашае Царквы, але тым ня менш i я, наколькi магу, намагаюся сустракацца, назiраць, слухаць, адказваць, запiсваць тэмы й пытаньнi, на якiя ня змог адказаць, каб потым, вяртаючыся "назад", з яшчэ большай сiлай ды руплiвасьцю сядаць за кнiгi, шукаць адказы на пытаньнi, якiя турбуюць, спасьцiгаць тое, чым буду служыць.

Гэткiя пытаньнi i размовы дадаюць мне i, думаю, кожнаму семiнарысту, сiлаў для далейшага шляху ды ўказваюць арыенцiры на iм. I хоць часта бывае, што людзi саромяцца цi баяцца пагаварыць цi спытаць нешта, кожная такая размова i кожнае пытаньне – нiбы яшчэ адна маленькая зорачка, якая таксама патрошку разганяе цемру i асьвятляе мне, ды й нам усiм, шлях у нашай Вандроўцы, у нашай Вандроўцы "туды i назад", у нашай Вандроўцы дамоў...

"Падумайце, бо ж калi зоркi запальваюць, значыцца гэта камусьцi патрэбна!"

iпадыякан Аляксандр Аўдзяюк


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)