Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Малітва перад Жыровіцкай іконай
Маці Божай

О, Міласэрная Ўладарка, Дзева Багародзіца! Якімі вуснамі дакрануся да сьвятыні абраза Твайго? Якімі словамі выкажу пачуцьці аб міласьці Тваёй да людзей, што прыходзяць да Цябе? Ніхто ж ад Цябе не адыходзіць без памілаваньня.

Ад пачатку жыцьця чалавек адчувае ласку маці свае, якая вучыць славіць Цябе, Багародзіца, Уладарка душаў нашых. Аддаемся пад апеку Тваю, стоячы на каленях перад цудатворным вобразам Тваім. Не пакінь нас бяз помачы ў дзень смутку, у дзень жалю, пры нягодах жыцьця нашага. Будзь радасьцю і надзеяй збаўленьня нашага.

Міласэрная Ўладарка, прасьвяці розум мой і ўсіх тых, хто да Цябе зьвяртаецца!

Захавай Царкву Сына Твайго ў еднасьці! Архіпастырам нашым пашлі помач Тваю ў апостальстве Евангельля! Дапамажы ўладам нашым кіравацца Праўдаю Сьвятою і розумам ясным, а суддзям – чыніць праўду і справядлівасьць. Яшчэ молім Цябе, Міласэрная Багамаці, глянь на зямлю нашую й народ ды ўкрый ад бяды, войнаў, голаду й чужога прыгнёту волі нашае. Дай шчасьце й супакой у жыцьці ў свабодзе, каб з хрысьціянскім сумленьнем жыць і славіць Цябе малітвамі і песьнямі на зямлі нашай на векі вечныя. Амін.


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)