Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Архiбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія падчас сьвятой Імшы
кананічнага ўступленьня на пасаду
Ардынарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Менск, архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны
Марыі, 10 лістапада 2007 г.

Умілаваныя ў Хрысьце браты і сёстры!

1. 25 ліпеня 1989 года ўпершыню ў сваім жыцьці я пераступіў парог менскага катэдральнага касьцёлу Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, які залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. Тады ў ім месьцілася спартовая зала. Я ўвайшоў у вестыбюль. Жанчына, якая сядзела на вахце, сказала мне: «Сюды нельга!». Я пачаў прасіць яе, кажучы, што мне вельмі падабаецца спорт і што мне хацелася б паглядзець, як практыкуюцца спартоўцы. У рэшце рэшт яна саступіла маім просьбам і дазволіла мне ўвайсьці. Я добра памятаю, як прайшоў па правай ад уваходу наве, прыадчыніў дзьверы і ўбачыў барцоў. Міжволі ўзьнікла думка, што, хоць спартовыя залы і патрэбныя (я, дарэчы, таксама займаюся спортам), але патрэбныя і залы, дзе, калі так можна сказаць, «практыкуецца», удасканальваецца чалавечы дух. Дом малітвы павінен выкарыстоўвацца ў адпаведнасьці са сваім прызначэньнем.

Я паціху выйшаў з ператворанай у спартовую залу сьвятыні з надзеяй і малітвай, каб адбыўся цуд і каб яна зноў стала месцам абвяшчэньня Добрай Навіны і цэлебрацыі сакрамэнтаў.

Праз некалькі гадзін з Ватыкану прыйшло паведамленьне пра маё прызначэньне біскупам, Апостальскім Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для каталікоў лацінскага абраду ў Беларусі.

Божы Провід учыніў так, што сёньня ў адпаведнасьці з рашэньнем Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, у якім я бачу волю Найвышэйшага і якому выказваю належную пашану, удзячнасьць і поўную паслухмянасьць, я зноў пераступаю парог гэтай сьвятыні ўжо ў якасьці новага Ардынарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасьля шаснаццаці гадоў служэньня ў Расеі, дзе ўсё трэба было ўздымаць практычна з нуля, я вяртаюся на старое і адначасова новае месца служэньня, бо вельмі шмат зьмянілася ў Беларусі і ў жыцьці Каталіцкага Касьцёлу ў нашай Бацькаўшчыне. Зьмяніўся і не перастае зьмяняцца выгляд гарадоў і вёсак, разьвіваецца інфраструктура, людзі жывуць лепш і маюць значна больш магчымасьцяў для духоўнага ўзрастаньня.

2. З вялікім хваляваньнем і пачуцьцём адказнасьці я ўваходжу ў гэты архікатэдральны касьцёл — касьцёл-Маці ўсіх касьцёлаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі — і вітаю вас словамі сьвятога апостала Паўла: «Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасьць Духа Сьвятога няхай будуць з усімі вамі» (пар. 2 Кар 12, 13). З гэтымі словамі Апостала народаў на вуснах я стаю перад вамі як ваш брат і адначасова як ваш біскуп.

Вітаю ўсіх, хто прыбыў на сёньняшнюю ўрачыстасьць. Перадусім вітаю Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Марціна Відавіча, які прадстаўляе Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, і беларускіх біскупаў на чале са Старшынёю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандрам Кашкевічам. Асаблівыя словы прывітаньня кірую да кардынала Казіміра Сьвёнтка, майго папярэдніка на Менска-Магілёўскай катэдры. На яго плечы лягла надзвычайная місія як адраджэньня веры, так і аднаўленьня гэтага катэдральнага касьцёлу і многіх іншых сьвятыняў. Ад шчырага сэрца выказваю сваю падзяку Вашай Эмінэнцыі і прашу ў Пана Бога бласлаўленьня на далейшую дзейнасьць. Выражаю таксама ўдзячнасьць Біскупу Антонію Дзям’янку за яго адданую і ахвярную працу ў якасьці Апостальскага Адміністратара нашай Архідыяцэзіі. З радасьцю вітаю аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Папы Яна Паўла ІІ і Бенядыкта XVI кардынала Казіміра Шоку, карані якога з Беларусі, бо яго бацька нарадзіўся непадалёку ад Горадні.

Шчыра вітаю біскупаў і прадстаўнікоў Епіскапатаў з Аўстрыі, Казахстану, Літвы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Украіны, сьвятароў і манахаў. Сардэчна вітаю Ўладыку Серафіма, Япіскапа Бабруйскага і Быхаўскага, які прысутнічае тут ад імя Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Вітаю прадстаўнікоў іншых хрысьціянскіх Цэркваў і супольнасьцяў, нехрысьціянскіх рэлігій. Шчыра вітаю прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, на чале з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанідам Паўлавічам Гулякам; прысутных тут прадстаўнікоў дыпламатычных місій, сьвету навукі і культуры, дабрачынных арганізацый, асабліва «Renovabis» і «Caritas» дыяцэзіі Лінц. З асабліва цёплымі пачуцьцямі вітаю сваякоў, блізкіх, вернікаў з майго роднага Адэльску і з Горадні, а таксама з Расеі і ўсіх вас, браты і сёстры, веруючых і няверуючых, і ўсіх людзей добрай волі.

3. Сёньняшняя ўрачыстасьць кананічнага ўступленьня на пасаду Ардынарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі — гэта мае заручыны з гэтым партыкулярным Касьцёлам. З вялікім хваляваньнем я памаліўся перад Найсьвяцейшым Сакрамэнтам, пацалаваў алтар, прыняў пастарал — знак біскупскай улады — і ўзышоў на катэдру, каб узяць на сябе адказнасьць за даручаны маёй пастырскай апецы статак, у якім Дух Сьвяты паставіў мяне кіраваць Касьцёлам Божым у імя Айца, вобраз якога я пакліканы ўвасабляць у Касьцёле; у імя Сына Яго Езуса Хрыста, настаўніцкае, сьвятарскае і пастырскае служэньне якога мне трэба будзе выконваць; і ў імя Сьвятога Духа, які ажыўляе Касьцёл і лечыць нашую немач Сваёю моцаю (гл. Абрад пасьвячэньня біскупа). Я малю Хрыста Першасьвятара і Добрага Пастыра ўмацоўваць мяне ў гэтым служэньні Народу Божаму, каб я стаў жывым знакам прысутнасьці Езуса Настаўніка ў Ягоным Касьцёле, як да гэтага заклікае Папа Ян Павел ІІ у адной са сваіх апошніх кніг «Устаньце, хадзем», што стала як быццам яго духоўным тэстамэнтам (пар. «Устаньце, хадзем», Дзень кансэкрацыі: пасярод касьцёлу).

4. Пачынаючы сваё служэньне ў якасьці кіраўніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, жадаю разам з вамі, браты і сёстры, сузіраць вобраз Хрыста, Добрага Пастыра, Які да канца нас палюбіў і наказаў нам любіць адзін аднаго; Які Сам выбірае сваіх пастыраў і пасылае іх, каб яны ішлі і прыносілі плён, і каб гэты плён трываў (пар. Ян 15, 16).

Заклікаю вас разам са мною сузіраць гэты вобраз, каб лепш зразумець, чым зьяўляецца ў Касьцёле біскуп і якая яго місія, згодна з думкаю сьвятога Ігнацыя з Антыёхіі: дзе біскуп, там і Касьцёл. Сам Езус уяўляе сабою кранальны вобраз любячага Пастыра, Які ведае сваіх авечак, прабывае з імі, падзяляе іх лёс, бароніць ад небясьпекаў, ахоўвае, шукае згубленую і вядзе бясьпечнаю сьцежкаю. Больш за тое, калі ўзьнікае такая патрэба, Ён аддае за іх Сваё жыцьцё. Пастыр — не найміт, ён пасланы, каб пасьвіць статак і прыносіць духоўны плён (пар. Ян 10, 1–18).

Біскуп, па-грэцку επισκοπος, што азначае «той, хто назірае, хто ўзіраецца», узіраецца перш за ўсё на Хрыста, каб праз прызму Яго вучэньня і прыклада назіраць за даручаным яму Народам Божым. Папа Бенядыкт XVI падчас пасьвячэньня шасьці новых біскупаў 29 верасьня гэтага году назваў біскупа Анёлам-ахоўнікам даручанага яму Касьцёла, які ім апякуецца, абараняе яго і накіроўвае на правільны шлях (пар. Omelia di sua Santita` Benedetto XVI).

Гісторыя Касьцёлу ведае шмат такіх пастыраў, якія, да канца палюбіўшы свой статак і поўныя клопату пра тое, каб прыносіць плён свайго служэньня, узіраліся на вобраз Добрага Пастыра і імкнуліся насьледаваць Яго ў выкананьні гэтай нялёгкай місіі. Многія з іх вернасьць свайму пакліканьню пацьвердзілі цярпеньнямі і нават мучаніцкай сьмерцю. Тут належыць згадаць пра Слугаў Божых біскупа Баляслава Слосканса, Апостальскага Адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі і Менскага біскупа Зыгмунта Лазінскага, беатыфікацыйны працэс якіх цяпер вядзецца, а таксама пра сьведку веры кардынала Казіміра Сьвёнтка, які сёньня знаходзіцца сярод нас.

«Хвала Бога — гэта жывы чалавек», — вучыць сьвяты Ірэнэй Ліёнскі. «Жывы» азначае перш за ўсё духоўна і маральна здаровы. Нездарма Слуга Божы Ян Павел ІІ кажа, што чалавек — гэта першы і галоўны шлях Касьцёлу, прычым гэты шлях быў пачаты самім Хрыстом (пар. RH, 14).

Бенядыкт XVI, клапоцячыся пра духоўнае дабро чалавека, перасьцерагае ад небясьпекаў, якія пагражаюць людзям і грамадзтву. Гэта — секулярызм, маральны рэлятывізм, які становіцца новым вызнаньнем веры, своеасаблівым новым Credo, рэлігійная абыякавасьць і часам агрэсіўны лібералізм. Усё гэта вядзе да зьяўленьня неапаганства, адмаўленьня ад маральных каранёў і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і такім чынам да дэхрысьціянізацыі грамадзтва. Як адказ на гэтыя выклікі, што пагражаюць сучаснаму сьвету, Ян Павел ІІ заклікае нас зьвярнуцца да Хрыста і адчыніць перад Ім дзьверы сваіх сэрцаў, бо толькі ў Ім чалавек можа спазнаць сябе да канца (пар. Omelia di Giovanni Paolo II per l'inizio del Pontificato), а Бенядыкт XVI заахвочвае навярнуцца да Хрыста, Які нічога не забірае, а толькі дае (пар. Omelia di sua Santita` Benedetto XVI). Як жа не згадаць тут словы апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага» (Ян 6, 68). Таму чалавек і клопат пра яго збаўленьне павінны стаць вуглавым каменем нашай праграмы.

5. Усьведамленьне таго, што сёньня я прымаю на сябе выключна важную місію, з аднаго боку, калі разважаць чыста па-чалавечы і разьлічваць толькі на ўласныя сілы, напаўняе мяне цалкам абгрунтаванай боязьзю. Ці змагу я выканаць даручанае мне заданьне, ці не перавышае яно маіх сілаў і здольнасьцяў? З другога ж боку, я ведаю, што калі Бог пасылае, то дае і неабходныя сілы і ласку для выкананьня даручанага заданьня. Таму сваё пастырскае служэньне ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі праз заступніцтва Панны Марыі, Апекуна Беларусі сьвятога Міхала Арханёла і майго апекуна ў цяжкіх справах сьвятога Юды Тадэвуша я даручаю Богу, паўтараючы дэвіз свайго біскупскага служэньня: «Quis ut Deus» — «Хто ж, калі ня Бог!». Я глыбока веру, што мне будуць спадарожнічаць словы падбадзёрваньня, якія сказаў Папа Ян Павел ІІ яшчэ 20 кастрычніка 1989 года адразу ж пасьля майго біскупскага пасьвячэньня ў ватыканскай базыліцы сьвятога Пятра: «Тадэвуш, ня бойся, усё будзе добра. Я за цябе малюся».

Я ведаю, Яне Паўле Вялікі, ты за мяне молішся і бласлаўляеш мяне з вакна дома нашага нябеснага Айца. Я веру, што мне будзе спадарожнічаць таксама бласлаўленьне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, якое ён з айцоўскаю любоўю перадаў у Буле пра маё прызначэньне арцыбіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім.

Разам з тым я прашу і вас, дарагія браты і сёстры, маліцца за мяне. Бог пасылае мяне «абвяшчаць год ласкі Пана». А для гэтага патрэбныя сілы, асабліва калі ўзяць пад увагу выклікі нашага часу. Ізраэль перамагаў Амаліка, калі Майсей маліўся з узьнятымі ўгору рукамі. Калі ж ён стаміўся і рукі яго пацяжэлі, то Аарон і Ор падтрымлівалі іх для малітвы, каб перамагчы ў бітве з амалікіцянамі. Таксама і я сёньня прашу ў вас малітоўнай падтрымкі.

6. Хто жадае напіцца з крыніцы, той павінен укленчыць і схіліць галаву,— гэта ўсім вядомая праўда. Пачынаючы сваю місію ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, я ўсьведамляю, што гэтая задача была б невыканальнай, калі б я разьлічваў выключна на сябе. Гэта — заданьне для ўсіх нас, і мы ўсе павінны актыўна далучыцца да яго выкананьня; усе — духавенства і сьвецкія вернікі, кожны ў адпаведнасьці са сваім пакліканьнем. Збаўляе чалавека Бог, але для выкананьня гэтай справы Яму патрэбныя мы. Мы ўсе павінны стаць Яго рукамі, нагамі, вуснамі.

Таму я зьвяртаюся да вас, браты ў біскупскім служэньні, сьвятары, члены манаскіх супольнасьцяў і таварыстваў апостальскага жыцьця, прадстаўнікі сьвету навукі і культуры, сьвецкія вернікі, каб мы ўсе разам, салідарна і ў адпаведнасьці з прынцыпамі Хрыстовага Евангельля ўдзельнічалі ў духоўным адраджэньні і станаўленьні нашай Бацькаўшчыны.

Бог паставіў нас, біскупаў, тут на беларускай зямлі, каб мы служылі беларускаму народу; паставіў у гэты лёсавызначальны час. Мы пакліканыя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб быць адпаведнымі гэтаму часу людзьмі, з усёю адказнасьцю і салідна выконваючы сваю прафетычную (настаўніцкую), сьвятарскую і пастырскую місію дзеля дабра людзей, да якіх мы пасланыя.

З асаблівым заклікам я зьвяртаюся да сьвятароў. Дзякую за самаадданую працу як мясцовым сьвятарам, так і тым, хто прыбыў да нас з дапамогаю з-за мяжы. Моцаю сакрамэнту сьвятарства мы ўтвараем таямнічую супольнасьць (пар. PG, 47), у якой зьдзяйсьняецца айцоўская і братняя сувязь паміж біскупам і сьвятарамі. Вы зьяўляецеся маімі першымі памочнікамі. Мы разам утвараем прэзьбітэрый нашай архідыяцэзіі і пакліканыя разам несьці адказнасьць за яе духоўны стан і за перададзеную нам спадчыну веры. Я хачу быць для вас айцом, які пра вас клапоціцца і вас абараняе. Разам з тым я са спадзяваньнем разьлічваю на ўзаемнасьць, паразуменьне, дапамогу і адказнае служэньне на жніве Пана.

Неабходна памятаць, што мы пакліканыя не валадарыць, а служыць па прыкладзе самога Збаўцы (пар. Мц 20, 28). Пры гэтым нашае служэньне пры алтары Пана, асабліва цэлебрацыя Еўхарыстыі, павінна зьдзяйсьняцца ў адпаведнасьці з зацьверджанымі касьцёльнаю ўладаю нормамі, бо гэта не асабістае дзеяньне сьвятара, а дзеяньне самога Хрыста.

Вялікую надзею я ўскладаю на семінарыстаў. Пакліканьне да сьвятарства, будучы таямніцаю, зьяўляецца адначасова найбольшым дарам самаго Бога. Неабходна гэты дар берагчы і разьвіваць. Жадаю вам, каб гады фармацыі ў семінарыі сталі часам сур’ёзнай падрыхтоўкі да сьвятарства, бо жніво вялікае, а работнікаў усё яшчэ мала, і трэба прасіць Гаспадара жніва, каб Ён паслаў работнікаў на жніво сваё (пар. Мц 9, 37-38), таму што так шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангельля!

Я са спадзяваньнем зьвяртаюся да манаскіх супольнасьцяў і таварыстваў апостальскага жыцьця. Вашыя харызмы, якія зьяўляюцца вялікім скарбам Касьцёла, павінны яшчэ больш плённа служыць яго ўзбагачэньню і новай евангелізацыі. Як няма Касьцёлу без кансэкраваных асобаў, так ня можа быць кансэкраванага жыцьця па-за Касьцёлам. Розныя харызмы манаскіх супольнасьцяў і таварыстваў апостальскага жыцьця разам з дыяцэзіяльным духавенствам і Народам Божым павінны ўтвараць адзіны, прыгожы, шматколерны сад нашай архідыяцэзіі, які будзе гарманічна разрастацца. Разьлічваю на вашую дапамогу і супрацоўніцтва.

Нам неабходна таксама зьвярнуць больш пільную ўвагу на душпастырства пакліканьняў. Гэта задача як сьвятароў і кансэкраваных асобаў, так і парафіяльных супольнасьцяў і сем’яў. Усе мы нясем адказнасьць за пакліканьні. Няхай нашыя душпастырскія намаганьні, узмоцненыя малітваю, дапамогуць сынам і дочкам нашае зямлі пачуць голас Пана, Які іх кліча.

Выключна важнаю сфераю дзейнасьці Касьцёлу зьяўлялася і ў наш час зьяўляецца неабходнасьць паўнавартаснай катэхізацыі ня толькі дзяцей і моладзі, але таксама і дарослых, бо шмат з іх у свой час ня мелі такой магчымасьці. Для больш дзейснага навучаньня прынцыпам веры і яе ўмацаваньня я заклікаю сьвятароў, кансэкраваных асобаў і катэхетаў выкарыстоўваць новыя сучасныя метады і сродкі катэхізацыі, не забываючыся пры гэтым і пра старыя, выпрабаваныя часам, каб можна было сумясьціць vetera et nova — старое і новае, бо, як кажа прымаўка, вельмі часта новае — гэта добра забытае старое. Нездарма Ян Павел ІІ у Апостальскай канстытуцыі «Fidei depositum» — «Задатак веры», абвешчанай з нагоды апублікаваньня Катэхізіса Каталіцкага Касьцёлу, піша, што Катэхізіс утрымлівае ў сабе і новае, і старое (пар. Мц 13, 52), бо хоць вера заўжды застаецца тою ж самаю, але ў той жа час яна зьяўляецца крыніцаю заўсёды новага сьвятла (пар. «Fidei depositum», ІІІ).

Зьвяртаюся да вас, сьвецкія вернікі. Адным з найбольш значных дасягненьняў ІІ Ватыканскага Сабору, сапраўднаю рэвалюцыяй стала яго вучэньне пра апостальства сьвецкіх. Відавочна таксама, што выключна важным у Касьцёле ХХІ стагоддзя зьяўляецца менавіта гэтае апостальства. У секулярызаваным грамадзтве, асабліва ў вялікіх гарадах, апостальства сьвецкіх зьяўляецца ў найвышэйшай ступені неабходным і незаменным. Без яго Касьцёл ня выканае даручанай яму Збаўцам місіі абвяшчэньня Добрай Навіны. Сучасны сьвет мае вострую патрэбу ў сьведчаньні хрысьціянаў.

Браты і сёстры, вы павінны быць сольлю зямлі і сьвятлом сьвету (пар. Мц 5, 13-14). У нашым сьвеце, напоўненым неонавым сьвятлом рэкламы, так шмат цемры ў чалавечых душах! Соль захоўвае прадукты ад псаваньня і надае ежы смак. Сёньняшняму сьвету, які маральна гніе, неабходная соль, каб збавіць яго ад духоўнага раскладу. Таму будзьце тым сьвятлом, якое сьвеціць у духоўнай цемры нашага сьвету. Будзьце тою сольлю, якая захавае сьвет ад маральнага раскладу і надасьць яму збаўчы смак хрысьціянства. Будзьце тою евангельскаю закваскаю, што здольная заквасіць хрысьціянскімі каштоўнасьцямі наш сьвет (пар. Гал 5, 9).

Пакліканая да таго, каб быць радасьцю і надзеяй, як пра гэта казаў яшчэ Ян Павел ІІ (пар. «Discorsodi Giovanni Paolo II nel corso dell incontro mondiale con le famiglie,сучасная сям’я перажывае глыбокі крызіс. У той жа самы час шлях Касьцёлу вядзе праз сям’ю. Таму Касьцёл нястомна падтрымлівае яе як створаны Богам інстытут і як адзіны саюз мужчыны і жанчыны, узьняты Хрыстом да годнасьці сакрамэнту. Сям’я зьяўляецца асноўнаю клетачкаю грамадзтва (пар. AA, 11) і натуральным асяроддзем чалавечага жыцьця. Таму яна ня можа быць замененая ніякім іншым саюзам. Менавіта ў сям’і закладаецца падмурак чалавечай і духоўнай фармацыі маладых людзей. І ніхто ня можа замяніць сям’ю ў гэтай справе. Каталіцкі Касьцёл будзе вітаць і падтрымліваць усе здаровыя ініцыятывы дзяржавы і грамадзтва, скіраваныя на падтрымку і аздараўленьне інстытуту сям’і.

Не ўтаю, што асаблівым адрасатам маіх біскупскіх спадзяваньняў зьяўляецца моладзь. З аднаго боку, вы — надзея сьвету і Касьцёлу. З другога — менавіта за душы маладых разгортваецца самая жорсткая, часам агрэсіўная і бескампрамісная барацьба негатыўных сілаў сучаснага сьвету. Характэрным для сучаснай моладзі імкненьням да інтэлектуальнага ўзрастаньня і высокага прафесіяналізму павінны спадарожнічаць глыбокія духоўныя і маральныя каштоўнасьці, якія ня могуць паддавацца негатыўнаму ўплыву суб’ектывізму і рэлятывізму. Шмат маладых людзей лічыць, што яны носяць у сабе невылечнае пачуцьцё адзіноты, пакінутасьці, непатрэбнасьці, загубленасьці... Ня бойцеся! Касьцёл не пакіне вас у самоце. Хрыстус, які жыве ў сваім Касьцёле, — гэта вашая надзея. Разьлічвайце на Яго, адкрыйце перад Ім вашыя сэрцы. Ваш вялізны патэнцыял, юнацкі імпэт і энэргія чакаюць таго, каб быць запатрабаванымі ў Касьцёле. Заставайцеся вернымі хрысьціянскім ідэалам, не паддавайцеся нічога ня вартым абяцанкам секулярызаванага сьвету, будуйце сваю будучыню на нязьменных і трывалых маральных прынцыпах. Няхай вернасьць Хрысту вядзе вас да разьвіцьця чалавечай асобы і яе годнасьці на вобраз і падабенства Божае (пар. Быц 1, 27), да сапраўднай любові, да выхаваньня пачуцьцяў і адказнасьці за сябе, Касьцёл, Радзіму і яе гісторыю. Я вельмі разьлічваю на вашую дапамогу і актыўны ўдзел у жыцьці Касьцёлу.

З пачуцьцём глыбокай павагі і ўдзячнасьці я зьвяртаюся да інтэлігенцыі, да людзей навукі і культуры, выкладчыкаў і студэнтаў. Менавіта Каталіцкі Касьцёл заснаваў першыя ўніверсітэты і асаблівую ўвагу прысьвячаў і прысьвячае разьвіцьцю навукі і культуры. Дарэчы, корань слова «культура» паходзіць ад слова «культ» і такім чынам паказвае на яе духоўнае значэньне. Евангельле, калі яно не становіцца элементам культуры, ня можа быць прынятае ва ўсёй сваёй паўнаце тым ці іншым грамадзтвам.

У сучасным сьвеце ўзнікае вялікая колькасьць праблемаў, што датычаць адносінаў навукі і веры. Таму людзям навукі і культуры неабходныя евангельскія паказальнікі, якія не абмяжоўваюць свабоду дасьледаваньняў і творчасьці, але зьяўляюцца неабходным сьвятлом на гэтым шляху. Ад усяго сэрца жадаю вам, каб, ідучы за вучэньнем Касьцёла, якое гаворыць, што вера і навука — гэта «нібы два крылы, на якіх чалавечы дух узносіцца да пазнаньня праўды» (FR, уступ), вы ня толькі спазнавалі таямніцы створанага сьвету і рыхтавалі высокакваліфікаваных сьпецыялістаў, але таксама спрыялі фармацыі людзей, багатых Божай мудрасьцю і гатовых узяць на сябе адказнасьць за лёс Айчыны.

Вялікія спадзяваньні я зьвязваю таксама з супрацоўнікамі сродкаў масавай камунікацыі, асабліва ў справе абвяшчэньня Евангельля, служэньня праўдзе і супольнаму дабру. Неабходнасьць больш эфектыўнага абвяшчэньня Добрай Навіны перад абліччам выклікаў секулярызаванага сьвету патрабуе выкарыстаньня сучасных метадаў і сродкаў евангелізацыі, сярод якіх асаблівае месца павінны займаць сродкі масавай камунікацыі. Таму мы абавязаныя зьвярнуць на гэта больш увагі, таксама як і на інтэнсіфікацыю выданьня тэалагічнай, катэхетычнай, літургічнай і іншай рэлігійнай літаратуры. Усё гэта будзе служыць ня толькі адраджэньню і разьвіцьцю духоўнасьці, але таксама стане значным унёскам у справу разьвіцьця беларускай культуры, узбагачаючы яе рэлігійнымі элементамі.

Сёньня я не магу не згадаць і пра тых, хто праз хваробу ці пакуты становіцца падобным да церпячага Пана, і атуліць іх сваім сэрцам. Я памятаю і пра інвалідаў, вязьняў, падарожных, мігрантаў, бежанцаў. Сваімі цярпеньнямі і перажытымі цяжкасьцямі падтрымлівайце Касьцёл, які, у сваю чаргу, памятае пра вас у малітве і справах міласэрнасьці.

Апошняя акалічнасьць патрабуе асаблівай увагі. Папа Бенядыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсьць любоў» паказвае, што сутнасьці Касьцёла ўласьцівыя ня толькі абвяшчэньне Божага слова і зьдзяйсьненьне сакрамэнтаў, але таксама і справы міласэрнасьці (пар. DCE, 25).

Прычым дабрачыннасьць павінна мець эклезіяльны характар, захоўваць высакароднасьць і не станавіцца толькі формаю сацыяльнай падтрымкі. Яна павінна служыць справе абвяшчэньня Добрай Навіны, выключаючы пры гэтым усялякія праявы празелітызму (пар. DCE, 31).

Я зьвяртаюся да прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. І Касьцёл, і ўлады, маючы аўтаномію, пакліканыя, тым ня менш, служыць адной мэце — дабру чалавека. Таму нас павінна аб’ядноўваць агульнае імкненьне служыць людзям і клапаціцца пра годнасьць чалавека. Памятаючы пра тое, што хоць Касьцёл і ня з гэтага сьвету, але ён знаходзіцца ў гэтым сьвеце і не аддзелены ад грамадзтва, я выказваю сваю гатоўнасьць да ўзаемадзеяньня і спадзяюся на сумеснае служэньне гэтай агульнай справе ў клопаце пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт нашых суайчыньнікаў.

Ужо гістарычна так склалася, што ў Беларусі на працягу стагоддзяў поплеч мірна жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, моваў і культураў. Нездарма нашая Айчына славіцца сваёю талерантнасьцю і адкрытасьцю для ўсіх. Мы павінны берагчы, абараняць і далей разьвіваць гэтую спадчыну нашых продкаў і вялікі набытак беларускага народу.

Таксама і ў Каталіцкім Касьцёле ёсьць месца для кожнага: таму ён і каталіцкі, ад грэцкага слова καθολικος — паўсюдны, усеагульны. У Касьцёле, як вучыць апостал Павел, ня можа быць «розьніцы паміж юдэем і элінам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча» (Рым 10, 12).

Іншаю характэрнаю ўласьцівасьцю Беларусі зьяўляецца яе шматканфесійнасьць. З братняю любоўю я зьвяртаюся да прадстаўнікоў іншых веравызнаньняў і, напоўнены духам адказнасьці за нашую будучыню, выяўляю волю да супрацоўніцтва і дыялогу як з хрысьціянскімі Цэрквамі і супольнасьцямі, у першую чаргу — з Праваслаўнаю Царквою, так і з нехрысьціянскімі рэлігіямі. Перад абліччам выклікаў сучаснасьці як Каталіцкі Касьцёл, так і Праваслаўная Царква займаюць практычна аднолькавыя пазіцыі. Асабліва гэта датычыць хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, традыцыйнай сям’і, жыцьця і іншых важных пытаньняў. Мы павінны разам дзейнічаць у гэтым кірунку.

Сёньня ўсё больш і больш востра стаіць шэкспіраўскае пытаньне: «To be or not to be — быць ці ня быць хрысьціянству, бо яму пагражае вельмі сур’ёзная небясьпека. Я малю Найвышэйшага, каб нашыя адносіны былі адзначаныя ня толькі талерантнасьцю і ўзаемапавагаю, але таксама, каб у Духу нашага Збаўцы мы маглі будаваць супольнасьць дзяцей Божых, заснаваную на ўзаемнай любові і праўдзе.

Усе мы розныя і па-рознаму праслаўляем Найвышэйшага, але мы — дзеці аднаго Бога і жывем на адной зямлі, а таму папросту абавязаныя, я нават сказаў бы, вымушаныя шукаць шляхоў да дыялогу і супрацоўніцтва.

Мір і гармонія ў грамадзтве дасягаюцца не праз узаемавыключэньне, а праз узаемадапаўненьне, што мае актуальнае значэньне таксама перад абліччам выкліку глабалізацыі і міграцыйных працэсаў, што імкліва пашыраюцца.

Для належнага зьдзяйсьненьня ўскладзенай на Касьцёл місіі ў сучасным сьвеце неабходная адпаведная фармацыя як сьвятароў і кансэкраваных асобаў, так і сьвецкіх вернікаў, у тым ліку тэалагічная. Неабходныя адпаведныя, распрацаваныя на персьпектыву, праграмы душпастырства. Неабходная таксама і адпаведная матэрыяльная база: перш за ўсё — сьвятыні, а таксама пастырскія, выдавецкія, фармацыйныя, дабрачынныя, інфармацыйныя і іншыя цэнтры. Ад усяго сэрца, з надзеяй на далейшае супрацоўніцтва, я дзякую каталікам з Германіі, Італіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Аўстрыі, Польшчы і іншых краінаў за дапамогу і салідарнасьць у адносінах да Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі, які адраджаецца.

7. Умілаваныя ў Хрысьце браты і сёстры!
Знамянальна, што сваё біскупскае служэньне ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі я пачынаю ў юбілейным годзе 90-ых угодкаў Фацімскіх аб’яўленьняў і душпастырскім годзе, прысьвечаным усеагульнаму пакліканьню да сьвятасьці. Марыя ў Фаціме заклікала да малітвы, пакаяньня і навяртаньня, што было ўмоваю вырашэньня ўсіх праблемаў. Народ не паслухаўся, і здарылася трагедыя. Сёньня, праз 90 гадоў, фацімскія аб’яўленьні актуальныя, як заўсёды актуальны заклік да навяртаньня. Мы ўсё больш і больш усьведамляем, што як атэізм, так і секулярызм у рэчаіснасьці вядуць да зьнішчэньня чалавечай годнасьці. Разьвіцьцё навукі і тэхнікі без уліку маральных і этычных прынцыпаў ня толькі не вядзе да вырашэньня праблемаў сучаснага сьвету, але стварае новыя, дагэтуль невядомыя, як, напрыклад, праблемы біяэтыкі ці геннай інжынерыі. Таму для нас недапушчальна паўтараць памылкі мінулага, недапушчальна другі раз наступаць на тыя самыя граблі.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць пра ўсеагульнае пакліканьне да сьвятасьці (пар. LG, 40). Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй Апостальскай адгартацыі на пачатак новага, трэцяга тысячагоддзя «Novo millennio ineunte» — «Распачынаючы новае тысячагоддзе» гаворыць, што персьпектыва сьвятасьці павінна быць упісана ў нашу душпастырскую дзейнасьць (пар. NMI, 30-41).

Сьвятасьць — гэта не набытак ці прывілей абраных; яна магчымая для кожнага чалавека, бо так жадае Стварыцель, а Збаўца робіць гэта рэальным. Заклік да сьвятасьці павінен абвяшчацца з новаю моцаю, бо падчас катастрафічнага адрыву ад хрысьціянскіх каранёў адмаўляецца хрысьціянская канцэпцыя павагі да чалавечага жыцьця і яго абароны ад зачацьця да натуральнай сьмерці, хрысьціянскае бачаньне сям’і, заснаванай на сужэнстве мужчыны і жанчыны, свабода ў выхаваньні дзяцей і садзеяньне супольнаму дабру ва ўсіх яго формах. Гэтыя фундаментальныя каштоўнасьці, што вынікаюць з натуральнага права, — неад’емныя і неаспрэчныя, адзначае Папа Бенядыкт XVI у сваёй Апостальскай адгартацыі пра Еўхарыстыю «Sacramentum caritatis» — «Сакрамэнт любові» (пар. SacrC, 83).

Шлях навяртаньня і шлях да сьвятасьці мы пакліканыя прайсьці разам, і таму на самым пачатку маёй місіі на чале Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі я паўтараю словы вялікага біскупа, сьвятога Аўгустына: «Для вас я хачу быць біскупам, а разам з вамі — хрысьціянінам».

З гэтымі словамі я кірую мой позірк да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і апекуна Беларусі сьвятога Арханёла Міхала. Ім я даручаю нашую архідыяцэзію з надзеяй на тое, што маё разам з вамі служэньне Хрыстоваму Касьцёлу дапаможа нам адарваць вочы ад зямлі і ўзьняць іх угору, да Бога, каб мы былі арламі, дом якіх — у нябёсах; каб ня сьвет з яго праблемамі, які становіцца ўсё больш секулярызаваным, валодаў намі, а наадварот, каб мы ажыўлялі яго духам Божым.

Перад абліччам выклікаў сучаснасьці ёсьць над чым задумацца. Калі яшчэ ў не зусім далёкім мінулым мы вытрывалі ў выпрабаваньнях, што былі наступствам ганеньня Касьцёлу, то сёньня ўзьнікае рэальная праблема, як вытрываць, як бы парадаксальна гэта ні гучала, выпрабаваньне новымі магчымасьцямі, якія Касьцёл атрымаў для рэалізацыі сваёй місіі. Мы перажываем пэўны парадокс. З ростам магчымасьцяў, на жаль, не ідзе нага ў нагу ўзрастаньне духоўнасьці. Сёньня мы з усёю сур’ёзнасьцю павінны задумацца пра вырашэньне наступных і падобных праблемаў: як перанесьці новыя выпрабаваньні, якія нясе з сабою секулярызм, маральны рэлятывізм, лібералізм, геданізм, адмаўленьне ад хрысьціянскіх каранёў і маральных каштоўнасьцяў, прапаганда нормаў паводзінаў і дзейнасьці, якія супярэчаць хрысьціянскай маралі, абагаўленьне матэрыяльных дабротаў, спажывальніцтва і задавальненьняў, спробы зьвесьці рэлігію да прыватнай сферы жыцьця чалавека ці, у лепшым выпадку, сьпіхнуць яе на абочыну жыцьця, і гэтак далей.

Калі мы свабодна выбіраем той ці іншы від спорту, то ня можам зьмяняць правілаў гульні. Гэта ўсім зразумела. Абраўшы хрысьціянства, мы ня можам зьмяняць Евангельля. Наадварот, Евангельле павінна перамяняць нас, і перамяняць да лепшага. Таму, браты і сёстры, зьмесьцім у цэнтры нашага жыцьця Бога і Яго закон, каб захаваць вернасьць прынцыпам Евангельля, якія будуць спрыяць разьвіцьцю чалавечай асобы ў адпаведнасьці з Божаю задумаю, а таксама дапамагаць у дасягненьні сьвятасьці і ў разьвіцьці грамадзтва на непахісных маральных прынцыпах.
Божа! Глянь літасьціва на мяне, Твайго слугу, і на даручаны маёй пастырскай апецы Народ Божы, каб мы разам ішлі да сьвятасьці — мэты нашага жыцьця. Глянь на нашую Бацькаўшчыну, каб яна, наша Белая Русь, заўсёды захоўвала духоўную чысьціню і была прыемнаю Табе; каб над намі заўсёды было мірнае блакітнае неба. Адары нашу сінявокую краіну сваёю ласкаю, каб яна ў міры і ў Божым бласлаўленьні квітнела на хвалу Бога і дзеля збаўленьня людзей.

Няхай нам дапаможа ў гэтым Пан Бог і блаславіць нас! Амэн.

На фота: Менск, 10.11.2007. Прадстаўнікі БГКЦ віншуюць Архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з уступленьнем на пасад Мітрапаліта Менска-Магілёўскага.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)