Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Прафіяльнае жыцьцё

Грэка-каталікі ўшанавалі памяць К.Каліноўскага

Сёлета, 2 лютага, адзначалася 170-ая гадавіна з дня нараджэньня вялікага сына беларускага народу, кіраўніка Вызвольнага паўстаньня 1863 г. Кастуся Каліноўскага. З нагоды гэтай памятнай даты гарадзенскія грэка-каталікі зрабілі 10 лютага невялікую пілігрымку ў мястэчка Сьвіслач, у родныя мясьціны К.Каліноўскага.

У самой Сьвіслачы Канстанцін Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, таксама на сьвіслацкіх могілках пахаваны ягоны брат Віктар, які, хоць памёр яшчэ перад пачаткам паўстаньня, спрычыніўся да фармаваньня поглядаў свайго роднага брата.

Кастусь Каліноўскі быў прыхільнікам адраджэньня Ўніяцкай Царквы, гвалтоўна зьнішчанай у 1839 годзе расейскімі ўладамі. Тэме адраджэньня Уніі ён прысьвяціў шосты нумар сваёй «Мужыцкай праўды», у якой палымяна заклікаў суайчыньнікаў: «Калі Сын Боскі, прыйшоўшы на гэты сьвет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мукі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія… перамянялі закон Божы, а мы, на загад гэтых цароў выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую,– але ж для таго, дзецюкі, Бог Найвышэйшы цярпеў за нас, каб закон Яго быў ужо вечны, ніхто ня сьмеў яго перамяняць, а мы з усёй моцы трымаліся яго».

Літургію за супакой слугі Божага Вікенція Канстанціна Каліноўскага, ягоных паплечнікаў і ўсіх тых, хто загінуў у змаганьні за волю Бацькаўшчыны, адслужыў місійны душпастыр Гарадзенскай вобласьці а. Андрэй Крот. На набажэнстве ў рыма-каталіцкай капліцы на сьвіслацкіх могілках прысутнічалі, акрамя пілігрымаў з Горадні, грэка-каталікі са Сьвіслачы.

Пасьля Боскай Літургіі ўсе накіраваліся ў вёску Якушоўка, дзе некалі знаходзілася сядзіба Каліноўскіх. Тут, побач з крыжам, усталяваным некалькі гадоў таму, была асьвячаная новая каплічка з фігуркай Багародзіцы, зробленая мясцовымі грамадзкімі актывістамі.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)