Царква
Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго; шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы... таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго
(4 запаведзь, Выхад 20:8-11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 2 (30)-2008

Юбілейная XXV Экуменічная сустрэча моладзі ў Кодані

У колішняй рэзідэнцыі Сапегаў у мястэчку Кодань, што на Падляшшы, за 15 км на поўдзень ад Берасьця, з польскага боку ракі Буг, 23-25 траўня 2008 году прайшла XXV Экуменічная сустрэча моладзі. Стала ўжо традыцыяй, што тэма штогадовых коданьскіх сустрэчаў такая ж самая, як і Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў (18–25 студзеня). У гэтым годзе гэта былі словы: «Няспынна маліцеся» (1 Сал 5, 17).

У сустрэчы прынялі ўдзел каля 150 асобаў з розных мясцовасьцяў Польшчы, найперш моладзь з групаў, якія зьвязаныя з экуменічнай Супольнасьцю Тэзэ, а таксама вернікі розных Цэркваў ды царкоўных Супольнасьцяў. Былі таксама прадстаўнікі хрысьціянскай моладзі з Беларусі, у тым ліку семінарысты БГКЦ Аляксей Філіпенка і Андрэй Гайдукевіч, якія вучацца ў Польшчы.

Гасьціну ўдзельнікам сустрэчы, ужо традыцыйна, зладзілі айцы Аблаты Беззаганай Дзевы Марыі. Пра арганізацыйны бок клапаціліся а. Караль Ліпінскі ОМІ (ён раней быў супэрыёрам кляштару ў Кодані, а сёньня – супэрыёр кляштару на гары Сьвяты Крыж каля Кельцаў) ды сябры розных экуменічных моладзевых групаў з Келеччыны, працай якіх нястомна кіраваў ветэран коданьскіх сустрэчаў Яцак Дзюбел.

Гэта было ХХV юбілейнае спатканьне. На тры дні мястэчка Кодань і ваколіцы, дзе стагоддзямі побач жылі рыма-католікі, грэка-католікі (якіх тут традыцыйна называюць уніятамі), праваслаўныя і пратэстанты (найперш лютэране), сталі месцам супольных малітваў, пілігрымак, спатканьняў, а таксама дыскусіяў маладых вернікаў на тэму дыялогу паміж хрысьціянамі. Удзельнікі коданьскіх сустрэчаў падзяліліся сьведчаньнямі свайго заангажаваньня ў справу еднасьці хрысьціянаў і разьвіцьця міжканфесійнага супрацоўніцтва.

Сама ідэя экуменічных сустрэчаў нарадзілася ў 1983 годзе як форма малітоўнай падзякі за моладзевыя сустрэчы Тэзэ. Ад пачатку галоўнай думкай ініцыятараў была малітва за еднасьць хрысьціянаў, за прымірэньне і мір. Як месца, дзе мела працягваецца малітва ў духу сустрэчаў Тэзэ быў прапанаваны санктуарыюм Маці Божай у Кодані. Зрабіў гэта душпастыр гэтага ж санктуарыюма а. Анджэй Мадэй; сёньня ён пастыр (прадстаўнік Апостальскай Сталіцы) для каталіцкай Супольнасьці ў Туркменістане.

Ад самага пачатку гэтых сустрэчаў у Кодані хрысьціянская моладзь, што зьбіралася над памежнай ракой Буг, малілася за моладзь з другога боку ракі: у Беларусі і Ўкраіне. З часам на гэтыя сустрэчы пачалі прыязджаць маладыя людзі з Беларусі, Украіны, Расеі, Эстоніі, Латвіі. Пачынаючы з 1991 году ў Коданьскіх сустрэчах ня раз удзельнічалі і беларускія грэка-католікі, асабліва з Берасьцейшчыны. У апошнія гады ў Кодань шмат маладых людзей прыязджае з Кельцаў, Варшавы, Беластоку, Лодзі, Любліна і Сандамера.

Экуменічныя сустрэчы ў Кодані традыцыйна адбываюцца ў апошнія выходныя траўня, праходзяць яны па ўстаноўленым ужо некалькі гадоў раскладзе. Так было і ў гэтым годзе.

Малітоўную праграму вечара пятніцы, 23 траўня, з Літургіяй Слова, якая праходзіла ў старажытнай уніяцкай царкве Сьвятога Духа, збудаванай у стылі беларускай готыкі, падрыхтавалі пратэстанты. Са словам прывітаньня да ўдзельнікаў юбілейнай 25-й сустрэчы ў Кодані выступіў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). У гэтым прывітаньні ён прасіў удзельнікаў працягваць малітву за моладзь з другога боку ракі Буг: каб моладзь Польшчы, Беларусі і Ўкраіны зьядналася ў Хрысьце, каб магла даваць сумеснае сьведчаньне, што Божае Слова для ўсіх ёсьць крыніцаю надзеі.

На другі дзень, у суботу раніцай, моладзь сабралася ў коданьскай базыліцы з цудатворнай іконай Маці Божай, якая з даўніх часоў шануецца па абодва бакі Буга. Была адслужана Еўхарыстыя (у рымы-каталіцкім абрадзе), якую ўзначальваў айцец Зьбігнеў Ніканюк, з якім саслужылі архімандрыт Сяргей Гаек і архімандрыт Раман Пентка. Казаньне на тэму няспыннай малітвы прамовіў Архімандрыт Раман. Пасьля імшы праходзілі гэтак званыя варштаты і сустрэчы ў малых групах, тэмы якіх былі зьвязаныя з экуменічным дыялогам паміж Цэрквамі. А пад вечар моладзь сабралася на экуменічную малітву ўжо ў мясцовай праваслаўнай царкве, дзе была адслужана вячэрня. Увечары гэтага ж дня ў былой уніяцкай царкве Сьвятога Духа (цяпер касьцёл) быў адсьпяваны Акафіст да Найсьвятой Багародзіцы.

У нядзелю, 25 траўня 2008 году, удзельнікі Коданьскай экуменічнай сустрэчы моладзі маліліся на Боскай Літургіі ў старажытнай уніяцкай царкве сьв. Мікіты ў Кастамлотах. Гасьцінна прыняў усіх мясцовы парах а. Зьбігнеў Ніканюк разам з парафіянамі.

Варта дадаць, што на працягу 25-ці гадоў у Коданьскіх сустрэчах бралі актыўны ўдзел (як выкладчыкі, прапаведнікі і выступоўцы, якія дзяліліся сваімі сьведчаньнямі) многія душпастыры, семінарысты і вернікі БГКЦ.

семінарыст Андрэй Гайдукевіч
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)