Царква
Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
(Кніга Ёва 1:21)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 3 (31) 2008

«Трэба даверыцца Богу і зрабіць крок Яму насустрач»

(Сьведчаньне семінарыста БГКЦ на сустрэчы моладзі ў Івянцы)

Кожны з нас рана ці позна ставіць перад сабой пытаньне: для чаго я жыву? Каб быць шчасьлівым, неабходна абавязкова знайсьці адказ.

Пасьля школы я паступіў ва ўніверсітэт на гістарычны факультэт. За першыя гады вучобы я адкрыў для сябе шмат цікавага: новыя знаёмыя, новыя дысцыпліны, самастойнае жыцьцё, поўная свабода, як тады здавалася. Але з часам я пачаў адчуваць пустату ў сэрцы, чагосьці не хапала, і не было радасьці, нягледзячы на маладыя гады. Толькі сёньня я разумею, што гэта Бог клікаў мяне да Сябе. Яго голас гучыць заўсёды, і ад нас залежыць, ці мы яго пачуем і адкажам. З малых гадоў я не сумняваўся, што Бог існуе. Хачу вам сказаць, што Бог карыстаецца ўсімі сродкамі. Галоўнае, каб чалавек зразумеў гэты знак. Гэта могуць быць розныя знакі і, зразумела, людзі, якіх ставіць на нашым шляху Бог. Для мяне такім чалавекам быў а. Віктар Данілаў — грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні (які некалі прыехаў сюды з Расеі). Незвычайны чалавек і сьвятар, а. Віктар – сапраўдны апостал Хрыста нашага часу, а таксама мучанік, вязень ГУЛАГу. Чалавек малітвы.

З першых дзён знаёмства з ім я адчуў, што ў маім сэрцы зьявіўся агонь, які ўсё мацней распальваўся. Хацелася быць падобным да яго, слухаць і выконваць усе ягоныя настаўленьні. Я ведаў, што без выкананьня Божых законаў, без малітвы гэта немагчыма. У той час я жыў у студэнцкім інтэрнаце. Прыйшло разуменьне, што разам з сябрамі-студэнтамі патрэбна зьбірацца на сумесную малітву. З цягам часу пачалі запрашаць ўсё новых людзей. Паўстала невялічкая малітоўная група студэнтаў. (Сярод іх вельмі актыўным быў мой сябра Зьміцер; ён сёньня манах-рэдэмптарыст, вучыцца ў семінарыі ў Львове). Радасьць Хрыста напаўняла ўсіх нас. Час ад часу мы запрашалі да сябе сьвятароў, семінарыстаў, манахаў. Гэта быў блаславёны час.

Аднойчы я зразумеў, што Бог кліча мяне да чагосьці большага — прыйшла думка пра сьвятарства. Але, разумеючы, што гэта патрабуе вялікіх намаганьняў, я пэўны час уцякаў ад Бога. Чалавек заўсёды хоча, каб усё было проста. Але так не бывае. Трэба даверыцца Богу і зрабіць крок Яму насустрач, нават калі гэта палохае. Бог усё растлумачыць у свой час. І вось цяпер я — вернік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а таксама вучуся на 4 курсе духоўнай семінарыі.

Івянец, 19 ліпеня 2008 г.
Андрэй Гайдукевіч
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)