Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Гісторыя Царквы

Г.Піхура (Гай дэ Пікарда)
Царкоўная музыка на Беларусі

(Пачатак у № 3 (58), 2008)

3. Заняпад (1569-1700).

Палітычная унія Вялікага Княства Літоўскага і распаўсюджаньне друку прысьпешылі арыентацыю на захад беларускай царкоўнай музыкі. Музычная друкарня была заложана пры каралеўскім двары ў Кракаве ў 1503 г. немцам Гохфэльдарам.1 Школы сьпеву працавалі ў Калегіі Рарантыстаў у Кракаве (1545), Езуіцкай Калегіі (пасьля Універсітэце) ў Вільні (1569), а таксама ў Езуіцкай Калегіі ў Полацку (1581). Усюды італьянскія майстры “новага мастацтва” навучалі паліфоніі і ўзгадоўвалі сьпевакоў. Іхнія мілагучныя напевы сталіся вельмі папулярнымі, і хутка нават праваслаўныя беларусы пачалі іх пераймаць і датарноўваць да літургічных тэкстаў. Такім чынам у розных славянскіх рукапісах позьняга ХVІ і раньняга ХVІІ ст. можна знайсьці напевы, якія носяць такія назовы, як “Кралевскі”, або “Езувіцкі”.2

Двары беларускіх вяльможаў былі вялікімі асяродкамі заходняга ўплыву. Так, напрыклад, на двары князя Радзівіла ў Нясьвіжы быў надрукаваны вядомы кальвінскі Катэхізм, які меў шмат польскіх гімнаў. Княжыя цэрквы ў Слуцку і Міры маглі пахваліцца собскімі расьпевамі. Абодва яны носяць адзнакі заходняга ўплыву, хоць у Слуцкім расьпеве гэты ўплыў адчуваецца больш.

Праваслаўныя манастыры і брацтвы былі цьвярдынямі кансерватызму і супраціву новай модзе, аднак іхны сьпеў быў часта папсаваны церазьмернай вакалізацыяй (заснаванай на такіх, на першы погляд, бяссэнсавых словах, як “Аненане” ці “Леге”) і скрыўленьнем тэксту (хомонія). Аднак сярод іх пачаў адчувацца ў другой палове ХVІ ст. рух за павышэньне ўзроўню традыцыйнага царкоўнага сьпеву. Манахі-музыкі былі запрошаныя з Украіны, Грэцыі і іншых балканскіх краінаў з мэтаю аднавіць і ўзбагаціць царкоўную музыку на Беларусі. Беларускія ірмалогіяны таго часу маюць шмат напеваў, якія носяць назоў “Грэцкі”, “Баўгарскі” і “Сербскі”, а ў манастырскіх цэрквах у Супрасьлі, Вільні і Жыровіцах сьв. Літургія часткова адпраўлялася па-грэцку.3

Галоўным асяродкам, які ўславіўся сваім сьпевам і які найбольш прычыніўся да ўзбагачэньня беларускай царкоўнай музыкі, быў бяз сумлеву Дабравешчанскі манастыр у Супрасьлі. У гэтым слаўным манастыры, адноўленым у 1509 г. Аляксандрам Хадкевічам, увесь цыкл беларускай літургічнай музыкі быў сабраны і запісаны. Гэты рукапіс, ведамы сёньня як Супрасьлеўскі Ірмалогіян (1601 г.), зьяўляецца найбольш цэнным помнікам беларускага ўнісоннага царкоўнага сьпеву пазьнейшага часу.4 Аўтар рукапісу, Багдан Анісімовіч з Пінску, ведаў і любіў царкоўную музыку, асабліва напевы Супрасьлеўскага манастыра, і выканаў свой твор з вялікай любоўю, паказаўшы пры гэтым нямала мастацкага таленту.

Арыгінальны рукапіс Супрасьлеўскага Ірмалогіяну зьяўляецца адным з найранейшых прыкладаў “Кіеўскага”, або “квадратнага”, запісу. У ірмалогіяне зьмешчаны службы Вячэрні і Ютрані на ўсе 8 літургічных тонаў (псальм “Госпадзі возвах”, сьціхіры, ірмасы, падобны і т. д.), а таксама розныя напевы для сьв. Літургіі і на сьвяты. Характэрнай і цэннай рысай Ірмалогіяну ёсьць тое, што ў ім зьвяртаецца вялікая ўвага на паходжаньне розных напеваў (Супрасьлеўскі, Мірскі, Канстанцінопальскі, Баўгарскі і т. д.). Цэлы цыкл г. зв. “дземественных” напеваў зьяўляецца сапраўднай скарбніцай беларускага літургічнага генія.5 Паводле свайго характару, мелодыі Супрасьлеўскага Ірмалогіяну (Супр. расьпеў) часткова падыходзяць да паўднёва-заходняга і “Кіеўскага” расьпеваў, а часткова адчуваецца ў іх балканскі ўплыў. Трэба, аднак, зазначыць, што час, у якім Ірмалогіян быў складзены, у адрозьненьне ад папярэдніх перыядаў, быў часам арыгінальнай сьпецыфічна-беларускай творчасьці. Ёсьць вялікае падабенства паміж Супрасьлеўскім Ірмалогіянам і, больш ведамым, Львоўскім, які паявіўся амаль сто год пасьля, у 1700 г. Аднак Супрасьлеўскія напевы ёсьць больш суровыя і пачуцьцёва больш глыбока рэлігійныя, і таму бліжэйшыя да старога знаменнага расьпеву.

На працягу ўсяго ХVІІ ст. напевы заходне-беларускага цыклу цешыліся вялікім посьпехам і да нас дайшло шмат ірмалогіянаў з гэтага часу. Асабліва годным увагі ёсьць Жыровіцкі Ірмалогіян (1661), які мае ў сабе шмат прыгожых мясцовых адменаў і напеваў.

Беларускія напевы распаўсюдзіліся таксама і ў Маскоўшчыне, дзе, разам з напевамі ўкраінскага цыклу, яны былі часткова абмаскаленыя і неправідлова названыя “Кіеўскім расьпевам”. Аднак гэты канчатковы ўздым беларускай музыкі быў канцом усяго перыяду. Паўстаньне і слава Магілянскай Акадэміі ў Кіеве (1633) прывялі да перавагі ўкраінскага стылю і смаку, які зацьміў Беларусь аж да пачатку цяперашняга стагоддзя.

Апошнім прадстаўніком старой школы ў беларускай царкоўнай музыцы быў Аляксандар Стрэмаухаў-Мяжэнец (дзейнічаў у 1652-68 гг.), ды ён жыў і працаваў у Маскве ў галіне маскоўскага знаменнага расьпеву.6 Народжаны у Ноўгарадзе-Северскім ад беларускіх бацькоў, Мяжэнец уступіў у Зьвенігародзкі манастыр, прыняўшы імя Савіна. Будучы праціўнікам заходняга стылю ў царкоўнай музыцы, што пранікнуў аж да ягонага роднага гораду цераз езуіцкія місіі, Мяжэнец выбраў Маскву, як яшчэ не “заражаную” новай модай. Там ён праз нейкі час стаяў на чале камісіі, назначанай царом Аляксеем Міхайлавічам дзеля рэформы царкоўнага сьпеву.

Традыцыйная царкоўная музыка траціла грунт у змаганьні з новай заходняй модай. Аднагалосны сьпеў (унісон), як жывое мастацтва, практычна перастаў зусім існаваць, калі манастыры, якія яго стварылі і баранілі, самі паддаліся чару паліфоніі.

(Далей будзе)

------------

1 H. Feicht, op. cit. p. 1694.

2 А. Преображенский. “Культовая музыка в России”, Ленінград 1924, бач. 57.

3 Д.Сцепкуро, op. cit., бач. 262; гл. таксама заўвагу 8. У XVI і XVII ст. сувязі з манастыром Хіляндарыян і Заграфу на Сьвятой Гары былі асабліва ажыўленыя.

4 Кароткае апісаньне рукапісу можна знайсьці у Г. Піхуры, op. cit., бач. 412.

5 Слова “дземественны” мела на Беларусі зусім іншае значэньне чым у Маскоўшчыне. У Маскве дземественны напеў быў напевам, ужываным на царскім двары. На Беларусі слова “дземественны” ўжывалася дзеля азначэньня мясцовых напеваў у адрозьненьне ад поўных цыклаў традыцыйных літургічных расьпеваў.

6 Гл. В. Металлов. “Русская Симмография”, Москва 1912, бач. 23-25, табліца CIX.

Друкуецца паводле часопісу “Божым шляхам” за 1964 г. (№ 83, сакавік-красавік, с. 8-14; № 84, травень-чэрвень, с. 4-10; № 85, ліпень-жнівень, с. 5-7). Захаваны асаблівасьці лексікі аўтара, выпраўлены памылкі і правапіс асобных словаў ды скаротаў.

На фота:

1. Супрасьлеўскі Iрмалогiян - раньняя квадратная натацыя (1601 г.)

2. Беларускі знаменны расьпеў (палова XVI ст.): Ірмас 4-га гласу, песьня 1. Спроба транскрыпцыі праз праф. І.Гарднэра.

3. Супрасьлеўскі расьпеў (з Супрасьлеўскага Ірмалогіяна 1601 г.).

4. Віленскі напеў (з Жыровіцкага Ірмалогіяна 1661 г.): Херувімская песьня.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)