Царква
Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - іня будзе пачуты
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 21:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Рухі і супольнасьці

Восеньскі баль

Сапраўдныя восеньскія балі ладзіліся для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі і састарэлых у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну г. Віцебска 25 і 27 лістапада 2009 году. Мерапрыемствы былі арганізаваныя Хрысьціянскім валанцёрскім рухам сьв. Мікалая сумесна з працаўнікамі цэнтру на чале з дырэктарам спн. Тацянай Старынскай.

“Нас цікавяць любыя новыя формы работы, таму мы рады супрацоўнічаць з валанцёрскім рухам”, – адзначыла дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня на_сельніцтва. Праграма двухдзённага “Восеньскага балю” складалася з гульняў, конкурсаў, простых пытаньняў на эрудыцыю, сцэнак і танцаў. Але галоўным для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, а таксама ветэранаў і састарэлых былі знаёмствы, размовы і нарэшце пошук новых сяброў, якія ня бачаць у цябе фізічных заганаў, а ўспрымаюць такім, які чалавек ёсьць. Так за выдатную імправізацыю песьні атрымаў ганаровае званьне “Песеннага караля балю” Дзьмітры Жырнель. За актыўны ўдзел у конкурсах і танцах карону і тутул караля і каралеўны балю атрымалі Мікалай Надзежка і Юлія Нагорская, а таксама права ўзнагароджваць астатніх удзельнікаў мерапрыемства граматамі і прыемнымі падарункамі. У выніку ніхто не застаўся па-за ўвагай.

А лепшымі падарункамі для валанцёраў сталі ўсьмешкі на тварах усіх прысутных і хрысьціянская атмасфера дабрыні і любові, вельмі важная для ўсіх людзей, а асабліва з абмежаванымі магчымасьцямі. Арганізатары і ўдзельнікі спадзяюцца, што супрацоўніцтва Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва і валанцёрскага руху сьв. Мікалая будзе працягвацца. Пра ўдалы пачатак кажа таксама і тое, што падчас гэтых мерапрыемстваў на працягу больш за дзьве гадзіны цікаўнасьць удзельнікаў не зьмяншалася. Людзям сталага ўзросту было прыемна знаходзіцца ў кампаніі хрысьціянскай моладзі, якая паводзіць сябе шчыра і проста. У сваю чаргу, дзядулі і бабулі прасьпявалі валанцёрам песьні сваёй маладосьці, зухавата танцавалі, чыталі вершы.

Вельмі сымбалічна, што “Восеньскі баль” адбыўся напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў, але ў валанцёраў не было мэты прывязаць мерапрыемства да пэўнай даты, бо сваё дабрачыннае служэньне яны нясуць у звычайныя буднія дні, не даючы ў жыцьцё гэтых людзей прабрацца самоце, комплексам і смутку.


Ірына Лобан
, г. Віцебск

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)