Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі

N. 07.119/M Менск, 10.11.2007.
Яго Эксцэленцыя Найдастойны
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Менск
Эксцэленцыя, Высокадастойны Айцец Мітрапаліт Тадэвуш!

У радасьці вернікаў Менска-Магілёўскай Мітраполіі з нагоды Вашага ўступленьня на Пасад Менска-Магілёўскіх Архібіскупаў удзельнічае і Супольнасьць Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Католікі візантыйскага абраду, якія разам з братамі і сёстрамі лацінскага абраду складаюць Адзіны, Сьвяты, Паўсюдны (значыць Каталіцкі) і Апостальскі Касьцёл у Беларусі, дзякуюць Госпаду за прызначэньне Вас Яго Сьвятасьцю Папам Рымскім Бенядыктам ХVI на старажытную катэдру Менска-Магiлёўскiх Мiтрапалiтаў і шчыра віншуюць Вас з пачаткам Вашага Архіпастырскага служэньня.

Вы пачынаеце новае служэньне як Першаярарх Каталіцкай Царквы на Вашай Бацькаўшчыне ў час, калі спаўняецца 490 год ад выданьня першых кнігаў старабеларускай Бібліі Францішка Скарыны. Гэта важны момант на шляху адраджэньня хрысьціянскай спадчыны Беларусі.

Ад шчырага сэрца жадаем Вам, Эксцэленцыя, каб Госпад Ісус Хрыстос шчодра дабраславіў Вашыя шырокія архіпастырскія планы.

Няхай Міласэрны Чалавекалюбца «захавае Вас для сьвятых Сваіх Цэркваў у супакоі, цэласьці, добрай славе, здароўі і даўгалецьці, каб Вы маглі верна навучаць нас словам Яго праўды» (пар. Анафара Боскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага) І няхай сваімі малітвамі суправаджаюць Вас усе сьвятыя Беларускай Зямлі, а асабліва сьвятая Еўфрасіньня Полацкая, копію Крыжа якой просім прыняць ад нас — беларускіх грэка-католікаў — як выраз нашых малітваў і віншаваньняў.

Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)