Царква
Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Прафіяльнае жыцьцё

«Сьвятое і страшнае Імя Ягонае» (Пс 110, 9)

На пачатку 2008 году намаганьнямі супольнасьці «Маран-ата» пры грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці падрыхтавана й выпушчана адмысловая брашура «Имена Бога». Гэтую невялікую кніжачку ў 14 старонак фармату А5 можна назваць дапаможнікам для малітвы (асабістай або супольнай), дапаможнікам для медытацыі або малітоўнага разважаньня.

Зразумела, што тут, на зямлі, мы толькі ўгадваем, нібы скрозь цьмянае шкло, спрабуем угледзецца ў сьвятое Аблічча нашага Творцы. Але наўрад ці Бог захоча ўзбудзіць у Сваім стварэньні падобнае жаданьне без намеру яго задаволіць (вядома, зважаючы на нашую здольнасьць успрымаць інфармацыю). Той, Які задавальняе ўсякую сапраўдную патрэбу чалавека, ці не адорыць Сваімі шчадротамі шчырае жаданьне Свайго стварэньня – прагненьне глыбокіх і блізкіх зносінаў з Ім?

Знакавае імя Бога Ізраіля – Ягвэ – усяго толькі адно з Ягоных імёнаў, што сустракаем у Бібліі часьцей за іншыя (6823 разы). Менавіта з гэтым Імем Госпад адкрыўся Майсею (Вых 3, 13-14). Яго прынята тлумачыць як «Існы» («Сутны»), «Той, Хто ёсьць», «Той, Хто прымушае быць» або «Той, Хто зьяўляецца прычынаю быцьця». Юдэйская традыцыя сьцьвярджае, што гэтым Боскім Імем быў уладкаваны ўвесь сусьвет і што прамаўляць яго нельга, бо ўсё створанае Богам здрыганецца пры гэтым гуку. У старажытнасьці габрэі, пазьбягаючы прамаўляць гэтае таемнае Імя, замянялі яго на Аданай («мой Гасподзь», «мой Уладыка») або Элагім («Усемагутны») і прыпісвалі яму цудадзейную сілу. Запісвалі яго 4 зычнымі літарамі: уставіць тэтраграму!!!!! (у навуцы гэтыя чатыры літары прынята называць тэтраграмай).

У Бібліі тэтраграма часта суправаджаецца іншым імем: Ягвэ-Шалом («Гасподзь супакою»), Ягвэ-Ірэ («Госпад прадбачыць») і інш. Гэтыя імёны выяўляюць і саму сутнасьць Бога, і розныя формы яе праяваў. Госпад адкрываў іх людзям у пэўных сітуацыях, што таксама адлюстроўвалася ў перадачы Яго імя.

Бясконцая і неспасьцігальная да канца Асоба Бога ня можа быць ахарактарызаваная альбо названая канчатковым лікам імёнаў-якасьцяў, і таму ўсім, хто імкнецца заглыбіцца ў таямніцу сутнасьці Бога, у малітве могуць раскрывацца ўсё новыя і новыя Яго імёны. У брашуры «Имена Бога» сабраныя больш за 120 імёнаў-сутнасьцяў Бога ў Тройцы адзінага: Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, якія Ён Сам адкрывае Сваім абраньнікам, усім, хто чытае Яго Слова. Тэкст падаецца ў форме табліцы, якая мае 4 калонкі:

– імя Бога на мове арыгіналу (іўрыт, а таксама па-грэцку);
– яго трансьлітарацыя кірыліцай;
– сэнсавае значэньне або пераклад;
– спасылкі на кнігі Бібліі, дзе сустракаецца.

Гэтую брашуру пра Божыя імёны кожны можа замовіць у супольнасьці «Маран-ата»:

224014 г.Берасьце, вул.Дворнікава, 63,
кантактны тэлефон: +375-29-7923812.


Выдаўцы палічылі неабходным і вартым, каб таксама і вернікі, што будуць чытаць брашуру «Имена Бога», маглі ўнесьці ў яе свае ўдакладненьні або дадатковыя імёны Бога, якія сустрэнуцца ім пры чытаньні Сьвятога Пісьма. Таму праз нейкі час плануецца зрабіць другое выданьне гэтай брашуры – папраўленае і дапоўненае. Свае заўвагі можна паведаміць па тэлефоне або пісьмова (абавязкова падавайце спасылкі).

І яшчэ адна парада ад выдаўцоў кожнаму верніку: пачуць, зразумець, спазнаць якое-небудзь імя Бога зможам тады, калі яно ўвойдзе праз моц Духа Сьвятога ў сэрца і зьдзейсьніць у ім перамену, падобную яго «гучаньню». Зразумець, што значыць Бог Міласэрны, можна будзе тады, калі захочам і будзем паступаць міласэрна; зразумеем, што такое Ісьціна, калі ня зможам хлусіць... Бо на нас будзе напісана гэтае імя!

Заглыбляючыся (хрысьцячыся) у зносіны з Айцом праз спазнаньне кожнага імя-сутнасьці Бога, мы маем шанец наблізіць сваё падабенства да Дасканалага Арыгіналу. Таму для ўсіх, хто прагне зносінаў з Богам уласна такога ўзроўню, гучыць заклік Ісуса: «Хто прагне, ідзі да Мяне і пі!»(Ян 7, 37).

Вольга Граськова г.Берасьце


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)