Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 2 (30)-2008

Пасха ў Любліне

У канцы красавіка 2008 г. семінарысты БГКЦ Сяргей Раюнец і Андрэй Гайдукевіч былі ў Любліне з нагоды сьвяткаваньня нашымі братамі з УГКЦ сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага.

Прыехалі мы ў суботу, 26 красавіка, папалудні і, як гэта было прадугледжана, разьмясьціліся ў доме супольнасьці айцоў марыянаў. Тут мы сустрэлі айца архімандрыта Рамана Пентку, да нядаўняга часу параха каталіцкай парафіі візантыйскага абраду ў Кастамлотах, якога многія ў нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве добра ведаюць. Гэты сьввятар амаль сорак гадоў апекаваўся вернікамі ў Кастамлотах. Цяпер ён па стане здароўя знаходзіцца на адпачынку ў Любліне, але працягвае перакладаць богаслужбовыя тэксты. Таксама час ад часу ён прыязджае да семінарыстаў у Драгічын, каб адслужыць разам з імі Боскую Літургію, падзяліцца літургічнымі ведамі, ды і проста жыцьцёвым вопытам.

Вечарам, у суботу, мы з айцом Раманам паехалі да грэка-каталіцкай царквы Раства Багародзіцы. Там пазнаёміліся з грэка-каталіцкім парахам у Любліне а. Стэфанам Батрухам і ўкраінскімі семінарыстамі ды адслужылі з імі ўрачыстую вячэрню. Тут, безумоўна, хочацца адзначыць хор семінарыстаў – вельмі прыгожы малітоўны сьпеў. Моцны, спакойны, сьвяточны. У нядзелю раніцай, 27 красавіка, была Пасхальная ютрань і архірэйская Літургія сьв. Яна Залатвуснага. Яе служыў Мітрапаліт Перамышльска-Варшаўскі кір Ян Мартыняк. Саслужылі яшчэ некалькі сьвятароў, сярод якіх быў таксама і новы парах з Кастамлотаў а. Зьбігнеў Ніканюк. Гэтыя велікодныя ўрачыстасьці ў Любліне запісвала нацыянальнае польскае тэлебачэньне TVP-1. У нядзелю мы вярнуліся ў сваю Драгічынскую семінарыю.

семінарыст Сяргей Раюнец
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)