Царква
Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго... нічога, што ў блізкага твайго
(10 запаведзь, Выхад 20:17)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 3 (31) 2008

«Нябесны Ўладару, пасяліся ў нас!»

Нататкі грэка-каталіцкай моладзі — удзельнікаў сустрэчы
"Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі Івянец-2008"


АКАФІСТ ДА СЬВЯТОГА ДУХА

Калі ў ноч 20 ліпеня 2008 г. (паводле менскага часу) дзясяткі тысячаў каталіцкай моладзі з усяго сьвету, сабраныя ў Сіднэі (дзе быў тады дзень), маліліся разам з Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI у рамках Сусьветнага Дня моладзі (СДМ-2008), больш за дзьве тысячы маладых людзей з розных куткоў Беларусі, сабраныя ў івянецкім касьцёле айцоў-францішканаў на Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, сьпявалі Акафіст да Духа Сьвятога. Акафіст быў адслужаны перад іконай Хрыста Чалавекалюбцы (іконай Божай Міласэрнасьці). Малітву ўзначальваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Дастойны Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні душпастыра лідзкай грэка-каталіцкай парафіі а. Аляксандра Шаўцова (цяпер ён служыць ужо ў Полацку – Рэд.). Паводле закліку Архімандрыта Сяргея, словамі Акафісту да Духа Сьвятога моладзь малілася за Прадстаўніка Сьвятога Айца ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Марціна Відавіча.

Сьпяваў акафіст менскі грэка-каталіцкі міжпарафіяльны хор "Прасфара", да якога далучыліся некаторыя семінарысты БГКЦ. Але ў хуткім часе ўжо ўся моладзь, сабраная ў храме, сьпявала пры-пеў "О Нябесны Ўладару, пасяліся ў нас!" Такім чынам беларуская моладзь распачынала трэці дзень агульнабеларускага спатканьня "МСМ Івянец-2008". Варта дадаць, што акрамя рыма-католікаў і грэка-католікаў у сустрэчы ў Івянцы ўдзельнічала праваслаўная моладзь ды моладзь з пратэстанцкіх супольнасьцяў, а таксама тыя, хто яшчэ шукае свой шлях да Бога.

Пасьля акафісту, нягледзячы на позьні час – а гэта была ўжо другая гадзіна ночы (у Аўстраліі – 12 гадзінаў дня),– сотні вачэй узіраліся ў экран тэлебіма, дзе паказвалі, што адбывалася ў далёкай Аўстраліі, на Сусьветным Дні моладзі.

ЯРАРХІ НА ФОРУМЕ МОЛАДЗІ Ў ІВЯНЦЫ

20 ліпеня 2008 г. урачыстай Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і якую саслужылі таксама Кардынал Казімір Сьвёнтэк, Біскуп Казімір Вялікаселец і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, завяршылася "Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі Івянец-Сіднэй, 2008". Найдастойны Ўладыка Мітрапаліт скіраваў да ўдзельнікаў "моцнае і яскравае" казаньне пра роль хрысьціянскага сьведчаньня моладзі ў сёньняшнім сьвеце.

Форум "МСМ Івянец-2008" праходзіў з пятніцы 18 ліпеня па нядзелю 20 ліпеня 2008 году і быў арганізаваны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, каб даць беларускай моладзі магчымасьць духова далучыцца да Сусьветнага дня моладзі ў Сіднэі. У далёкую Аўстралію паехала толькі 10 маладых католікаў з Беларусі, сярод якіх і семінарыст БГКЦ Сяргей Раюнец. Гэтую групу суправаджаў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ўладыка Антон Дзям’янка.

У Івянец на міждыяцэзіяльную сустрэчу моладзі прыязджалі таксама і іншыя беларускія рыма-каталіцкія біскупы: Уладыка Аляксандар Кашкевіч і Ўладзіслаў Блін. А ўвесь час былі з намі Мітрапаліт Тадэвуш і Архімандрыт Сяргей.

УДЗЕЛ БГКЦ

На пачатак форуму ў Івянец прыехалі нашыя грэка-каталіцкія сьвятары а. Яўген Усошын з Менску, а. Андрэй Крот з Горадні (яму было даручана весьці прэзентацыю БГКЦ для ўдзельнікаў форуму) і а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця разам з удзельнікамі хору харызматычнай супольнасьці "Маран ата", якія сьпявалі на канцэрце вечарам, у пятніцу, 18 ліпеня.

У суботу, 19 ліпеня, у праграме "МСМ Івянец–Сіднэй, 2008" удзельнічалі сьвятар БГКЦ а. Андрэй Буйніч, які рупліва спавядаў моладзь, і с. Вікторыя з Менску. У той жа дзень пасьля абеду з сьведчаньнем пра сваё пакліканьне ў БГКЦ выступаў перад удзельнікамі моладзевага форуму семінарыст Андрэй Гайдукевіч. (Тэкст ягонага сьведчаньня гл. на с. 10). Ва ўсёй праграме спатканьня МСМ-2008 (і музычнай майстэрні) удзельнічаў а. Аляксандар Шаўцоў і трое семінарыстаў (Андрэй Гайдукевіч, Аляксандар Хахлоў і Даніла Мысьленцаў) ды група дзяўчатаў з хору "Прасфара".

МУЗЫЧНАЯ МАЙСТРОЎНЯ Ў ІВЯНЦЫ

А як усё пачыналася? 14 ліпеня 2008 году распачалася штогадовая "Музычная майстэрня" ў мястэчку Івянец Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Хлопцы і дзяўчаты, католікі двух абрадаў з розных куткоў Беларусі, Польшчы і Расеі, прыехалі, каб навучыцца праслаўляць Госпада сваімі сьпевамі, граньнем ды нават груканьнем у барабаны. Для асабліва здольных і ахвотных быў арганізаваны курс рэгентаў хору. Харавы сьпеў займаў большую частку ўсёй праграмы. На начлег нас прымалі ў свае хаты мясцовыя пабожныя жыхары – вернікі мясцовай рыма-каталіцкай парафіі.

Пачынаўся дзень з Ютрані (паводле рыма-каталіцкай традыцыі), далей былі заняткі ў харавой групе, сьвятая Імша, падчас якой розныя сьвятары вяшчалі Слова Божае да ўдзельнікаў музычнай майстэрні. Пасьля абеду і паабедзеннага перапынку пачыналіся заняткі ў абраным кірунку: праца над пастаноўкай голасу, рэгенцкі курс, курс ігры на гітары і барабанах. Вечар жа быў напоўнены праслаўленьнем Госпада. Адбывалася гэта на сьпецыяльна пабудаванай сцэне, пад гучныя сьпевы і танцы, якія былі падрыхтаваныя арганізатарамі і ўдзельнікамі музычнай майстэрні.

У пятніцу, 18 ліпеня, "Майстэрня" ўлілася ў праграму агульнабеларускай сустрэчы каталіцкай моладзі "МСМ Івянец-Сіднэй, 2008". Як адзначыў у звароце да моладзі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, "францішкане першыя адгукнуліся на прапанову зрабіць "штосьці такое" і ЗРАБІЛІ!.." Вось чаму гэтая сустрэча моладзі адбылася менавіта ў Івянцы. Калі спачатку нас было пару соцень, то ў пятніцу, пад вечар, на час першай трансмісіі з Аўстраліі, дзе ў гэты самы час разам са Сьвятым Айцом сабралася моладзь з усяго сьвету, нас было ўжо амаль 2000.

Блаславеньне дажджом

У суботу, 19 ліпеня, прыехала група грэка-каталіцкай моладзі з розных парафіяў БГКЦ і актыўна далучылася да праграмы форуму моладзі. Але субота і пачатак нядзелі адзначыліся дажджом, часам нават праліўным. Тады вялікай дапамогай у тым, каб добра падрыхтавацца да атрыманьня дароў Сьвятога Духа, стаўся вялікі намёт, які арганізатарам МСМ-2008 у Івянцы ласкава пазычылі браты пратэстанты з Менску. Гэта быў каштоўны знак экуменічнага супрацоўніцтва ў справе евангелізацыі. У гэтым намёце ў суботу праходзіла сэсія сьведчаньняў, духоўныя выклады Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і Сьвятая Імша, якую ўзначаліў Кардынал Казімір Сьвёнтэк.

Дождж працягваўся, і здавалася, што спатканьне магло "праваліцца", таму што частка праграмы павінна была адбывацца на вуліцы. Але жаданьне еднасьці і сулучнасьці з Сьвятым Айцом ды моладдзю ўсяго сьвету, што сабралася ў Сіднэі, жаданьне пачуць словы Папы сагравалі юнакоў і дзяўчат, а Божая ласка, якая, здавалася, сплывала разам з дажджом, давала сілы, каб сьведчыць аб сваёй прыналежнасьці да адзінай Паўсюднай Царквы, каб сьведчыць аб сваім жаданьні прыняць моц Сьвятога Духа і быць жывым Евангельлем у сёньняшнім сьвеце.

Аляксандар Хахлоў,
Даніла Мысьленцаў
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)