Царква
Бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Голас сэрца

Яго духоўнай Бацькаўшчынай была Беларусь

15 лістапада 2008 г. у менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылося пахаваньне праху Гая Пікарда, вядомага дасьледчыка гісторыі беларускай духоўнай музыкі і беларусіста (памёр 21 красавіка 2007 г. у Лондане), які большую частку свайго 76-гадовага зямнога жыцьця прысьвяціў знаёмству заходняга сьвету з беларускай гісторыяй і здабыткамі нашай культуры.

У сваім запавеце ён выказаў пажаданьне пахаваць яго ў адной з менскіх сьвятыняў.

З блаславеньня Мітрапаліта Менска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пробашч рыма-каталіцкай парафіі сьв. Сымона Алены ў Менску кс. Уладзіслаў Завальнюк накіраваў адпаведныя лісты ў Міністэрства замежных спраў і ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ад якіх атрымаў згоду на пахаваньне астанкаў (капсулы) сп. Гая Пікарды ў Менску.

Сьвятую Імшу ў памяць пра Гая Пікарда ў суботу ўвечары, 15 лістапада, узначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у саслужэньні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, пробашча Чырвонага касьцёлу кс. дэкана Ўладзіслава Завальнюка ды сьвятароў лацінскага і візантыйскага абрадаў.

Пасьля сьв. Імшы памінальнае слова сказаў беларускі грэка-каталіцкі сьвятар айцец Сяргей Стасевіч з Лондану. Ён нагадаў, што Гай Пікарда быў сапраўдным грамадзянінам Еўропы: нарадзіўся ў Францыі, жыў у Англіі, але яго духоўнай Бацькаўшчынай была Беларусь.

З пяцідзясятых гадоў ХХ ст., зацікаўлены і заахвочаны кіраўніком Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане біскупам Чэславам Сіповічам, ён заняўся і захапіўся беларускай музыкай і культурай. Для публікацыяў у друку прыняў нават беларускае прозьвішча Піхура. “Хай сьняцца Табе сны аб Беларусі, дарагі Гай”,– сказаў у канцы памінальнага слова а. Сяргей Стасевіч.

Пасьля малітвы ў лацінскім і візантыйскім абрадзе капсула з прахам Гая Пікарды была закладзена у зьнешнюю сьцяну Чырвонага касьцёлу.

«Мы выканалі запавет нашага брата сьвятой памяці Гая і пахавалі ягоны прах у сталіцы Беларусі горадзе Менску. Але пахаваныя тут ягоныя астанкі – гэта запавет для ўсіх нас, каб любіць і шанаваць нашую беларускую духоўную спадчыну так, як яе любіў і шанаваў ён. Хай каштоўная спадчына беларускай духоўнай песьні жыве ў нашых сэрцах і гучыць у нашых вуснах»,– сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) напрыканцы пахавальнай службы. А на заканчэньне пахавальнай цырымоніі ўсе прысутныя засьпявалі гімн “Магутны Божа” – такі блізкі сэрцу сьвятой памяці сп. Гая Пікарда.

Як беларусіст, дасьледчык беларускай культуры, Гай Пікарда (20.07.1931 – 21.04.2007) быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Ён быў нязьменным членам журы Міжнароднага музычнага фестывалю “Магутны Божа” ў Магілёве. Яго пяру належаць многія артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры, пра Францішка Скарыну і яго сымболіку, а таксама рэцэнзіі, зьмешчаныя ў лонданскім квартальніку “The Byelorussian Studies”. Таксама ён выдаваў на ангельскай мове часопіс пра беларускую культуру “The Byelorussian Cronicle”. Пасьля сьмерці гэтага выдатнага ангельскага дасьледчыка засталася неапублікаванай галоўная яго праца – зборнік “Залатая Беларусь”.

На фота:
Менск, 15.11.2008 г. Закладка капсулы з прахам і асьвячэньне мемарыяльнай дошкі ў памяць пра Гая Пікарда ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены.

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)