Царква
Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды
(Выхад 23:2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Рухі і супольнасьці

Cьведчаньне любові і веры разам

Ужо стала традыцыяй для валанцёрскага руху сьв. Мікалая ў Віцебску прыкладна раз на месяц праводзіць духоўна-малітоўныя сустрэчы для непаўнаспраўных людзей. Большасьць з іх – удзельнікі клубу для асобаў з абмежаваньнямі псіхафізічнага разьвіцьця “Бэтэль-Карытас”, які ўзначальвае парафіянка з Віцебску Зоя Коршунава.

Галоўнымі арганізатарамі і незаменнымі вядучымі гэтых сустрэчаў выступаюць валанцёры Кацярына Цыганова і Валянціна Аўсяньнікава. Кожны раз далучаюцца таксама і іншыя ўдзельнікі руху, дапамагаючы людзям з абмежаванымі магчымасьцямі дабрацца да царквы, а потым – непасрэдна правесьці сустрэчу. У выніку шчырая, утульная, сяброўская атмасфера, малітва і евангелізацыйны аповед даюць такім людзям веру, што яны знаходзяцца пад непасрэднай апекай Маці Божай і Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Праца з непаўнаспраўнымі, якія часта забываюць пра Бога, нялёгкая. Але валанцёры рыхтуюцца да такіх сустрэчаў, выкарыстоўваючы розныя формы працы – заняткі, гульні, малітвы.

Апошняй тэмай духоўна-малітоўнай сустрэчы стала тэма граху ў нашым жыцьці (да гэтага разглядаліся: “Малітва”, “Ісус”, “Ісус – мой Цар”). Валанцёры паказалі сцэнку пра спакушэньне зьмеем Адама і Евы і выгнаньне іх з раю; распавялі, як дзейнічае грэх у нашым жыцьці; наглядна, з дапамогаю выразанага з белай паперы чалавечка і шпрыца з чорнай фарбай, паказалі, як забруджваецца чыстая душа пад узьдзеяньнем грахоў. Кацярына Цыганова падрабязна расказала пра сьмяротныя грахі – пыху, хцівасьць, зайздрасьць, гнеў, распусту, неўмеркаванасьць у ежы і піцьці, ляноту. Быў і яшчэ адзін наглядны эксьперымент: непаўнаспраўныя клеілі на намаляванае сэрца Ісуса Хрыста кавалачкі чорнай паперы, што ў цэлым сымбалізавала тое, як ставіцца чалавек да Бога, калі грашыць. Цікавым для ўсіх прысутных стаўся аповед і сымбалічная ілюстрацыя з дапамогай каляровай тканіны пра тое, як Ісус узяў чалавечыя грахі на сябе (чорны колер), амыў іх Сваёю крывёю ( чырвоны колер), пакутаваў на крыжы (крыж і цярновы вянец), але ў выніку душа чалавека можа быць чыстай (белы колер) праз таямніцы споведзі і Еўхарыстыі.

Сустрэча як заўсёды скончылася размовай за кубачкам гарбаты, а яе ўдзельнікі змаглі падзяліцца пачутым і ўбачаным.

Валанцёры заўважылі духоўны плён такіх мерапрыемстваў. У сваім звычайным жыцьці людзі з абмежаванымі магчымасьцямі таксама ведаюць адзін аднаго, але нярэдка сварацца, зайздросьцяць адзін аднаму. А падчас правядзеньня такіх сустрэчаў разважаюць па-сутнасьці над сабою, над сваім жыцьцём, вучацца маліцца ды і проста знаходзіцца ў царкве. Практычнае сьведчаньне любові і веры адбываецца разам, а гэта ёсьць адна з галоўных мэтаў хрысьціянскага служэньня.

Ірына Лобан,
г. Віцебск


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)