Царква
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Голас сэрца

Народнаму паэту
Рыгору Барадуліну – 75!

24 лютага 2010 году ў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна 75-гадовы юбілей.

“Паэзія Барадуліна – чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхненьня, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку”, – пісаў Васіль Быкаў пра свайго самага блізкага сябра.

Шмат гадоў гэты выдатны паэт, цудоўны чалавек і хрысьціянін (ён – вернік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы) шчыра служыць сваім мудрым і ўзьнёслым словам сваім суайчыньнікам і братам па веры. На жаль, у апошні час здароўе яго аслабла і ў гэты свой юбілей паэт сур’ёзна хварэе...

Сёньня Рыгор Барадулін асабліва патрабуе нашае малітоўнае падтрымкі, таму ў гэтыя дні асабліва просім у нашага Госпада за здароўе Дзядзькі Рыгора.

Сардэчна віншуем нашага паэта Дзядзьку Рыгора з юбілеем! Няхай Міласэрны Бог заўсёды будзе з ім, ацаляе ўсе яго болі і немачы ды натхняе яго на творчасьць.

З нагоды 75-гадовага юбілею Рыгора Барадуліна прапануем падборку яго вершаў.

Фота Дж. Кунстадтэра.

Чакаюць...

І нашыя пражытыя гады,
Удзячныя сваім надзейным сховам,
Чакаюць нас –
Калі ў абліччы новым
Мы вернемся, забытыя, сюды...

I трывогай, і расстаньнем...

Сакавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і адлігай, і вясною.
Ці ня гэткі
Сьветла сьніўся Ною,
Як да Арарата плыў каўчэг.

Самавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і трывогай, і расстаньнем,
Як і той,
Што можа стаць астатнім,
Мой,
Завяршыўшы кругабег.

Акавіты сакавіцкі сьнег
Пахне проламкамі і вірамі,
Ператомленымі сівярамі,
Што шукаюць для зімы начлег.

Там...

Там,
Дзе нябыту ўсё знаёма,
За першароднаю ракой
Прытулак знойдзе неспакой
Як дома, будзе наша стома

Там,
Дзе, напэўна, небасхілу
Няпроста выпрастаць сьпіну,
Прымроіць даўніна вясну,
Што крыльлям пазычала сілу.

Там,
Дзе сустрэнемся аднойчы
I непрыязьнікі й сябры,
I ўвойдзем на глухім двары
Ў раку адну і тую ж двойчы.

Сябе самога кожны сам
Успомніць і спазнае
Там...

Ёсьць!

Чалавеча!
Тваё чало – веча
Думак,
Спадзеўных і сумных.
Тваё жыцьцё –
Памкненьне,
Запыненае на імгненьне.
Твой век забыўлівы,
Як і тваё найменьне.
Сам ты – цень
Ад пылінкі зьнікненьня.
Але
У сусьветнай імгле
У самога сябе
Нехаджалы госьць,
Ты ёсьць!

Каб ня зябла...

Кожны крок на зямлі выпадковы.
Мройным зоркам
Зайздросьціць жарства.
Ветрам нашы разьвеюцца словы.
З праху ціхая ўзыйдзе трава.

Наадгон з вечарамі старэем.
Маладзее цярпліва труна.
Ці жывем,
Ці зямлю гэту грэем,
Каб ня зябла ў Сусьвеце яна?..

Чакаем

У кожнага мора свая глыбіня.
У кожнага сэрца свая таямніца.
Крыло і хмурынка —
Нябёсам радня.
Сьпякоце крыніца сьцюдзёная сьніцца.

I мора калісьці гарою было.
I гора сьмяялася радасным сьмехам.
Сьпяшалася цемру пабачыць сьвятло.
I ціша ажно заікалася рэхам.

На беразе мора чакаем усе
Надзейнай пагоды,
Душэўнай лагоды,
Калі з нашым шчасьцем
Чаўны прынясе,
Што лёс пасылае нам
З добрай нагоды...

Прашу...

Душа зьбіраецца дадому,
Наважыўшыся ўзяць з сабой
Зямную згорбленую стому,
I зорны сьмех,
I чорны боль.

Ідуць упрочкі
Дочкі мроі,
I сны сыны шукаць сябе.
За далягляднаю гарою
Мурог трывогі скон скубе.

Што ашукаць спрабую працу,
Я лёсу смутнаму хлушу.
Яшчэ са мной патаргавацца
Прашу душу,
Прашу душу...

Жыві!

У вечнасьці сьлед на ілбе
Ад пацалунка бяды.
З сабою нават сябе
Не забярэш туды.

Час –
Човен на быстрыні.
Намеры –
Салодкі дым.
Жыві ў сягоньняшнім дні,
Каб заўтрашні
Стаў тваім.

Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)