Царква
А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая? Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 3:17-18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 3 (31) 2008

Пілігрымка – шлях да Бога

Быць разам з Богам – адно з падставовых жаданьняў чалавека, якое можа лёгка згубіцца сярод штодзённых патрэбаў. Царква дае вернікам шмат спосабаў, каб яны маглі стаць бліжэй да Бога.

Пілігрымка да месцаў, у якіх адбыліся важныя для духоўнага жыцьця падзеі, зьяўляецца адной з старажытных формаў далучэньня да сьвятасьці. У хрысьціянстве з ІV стагоддзя людзі хадзілі ў Палестыну, да месцаў, зьвязаных з важнымі падзеямі ў жыцьці Ісуса Хрыста. З часам таксама зьявіліся пілігрымкі да мясцовых сьвятыняў, звычайна да манастыроў і цэркваў, дзе захоўваюцца цудатворныя іконы, рэліквіі мучанікаў і сьвятых.

Нягледзячы на высокія мэты пілігрымкі, яна ўтрымлівае нябесьпеку ператварыцца ў паход, мала зьвязаны з рэлігійнасьцю, а нават і можа пашкодзіць духоўнасьці чалавека. Сьвяты Рыгор Багаслоў піша пра людзей, якія ходзяць у пілігрымкі дзеля цікаўнасьці і з якімі здараюцца нядобрыя гісторыі і спакусы. Сёньня існуе небясьпека ператварэньня летніх пілігрымак у адну з формаў адпачынку, у так званы рэлігійны турызм. І сапраўды, гэта даволі цікава — прайсьціся некалькі дзён пешкі на прыродзе, у супольнасьці з цікавымі людзьмі, паглядзець на гістарычныя помнікі, на жыцьцё духоўных асобаў.

Асноўная задача — захаваць сапраўдны духоўны сэнс пілігрымкі — ляжыць на плячах сьвятароў. Акрамя арганізацыйна-распарадчых пытаньняў, яны выконваюць Тайны Еўхарыстыі, Споведзі, прапаведуюць Слова Божае, з імі можна паразмаўляць на тэмы, зьвязаныя з верай. Важнае месца падчас пілігрымкі займае малітва. Кожны дзень распачынаецца з Сьвятой Літургіі. Пакуль пілігрымы ідуць, яны моляцца Ружанец, Ісусаву малітву, сьпяваюць рэлігійныя песьні. Шмат залежыць ад паслухмянасьці і дысцыпліны пілігрымаў. Чалавек схільны глядзець на сьвет і іншых адпаведна свайму пункту гледжаньня. Аднак з часам ён вучыцца бачыць сітуацыю ў больш шырокім кантэксьце, гэта значыць вачамі іншых.

Гэта ня так проста з прычыны прыроднага эгаізму і слабасьці чалавечай натуры. Таму як і ўсякая супольнасьць, супольнасьць пілігрымаў падпарадкоўваецца пэўным правілам, якія заснаваныя на павазе і любові да бліжняга.

* * *

Пілігрымка Віцебск–Полацак у гэтым годзе прайшла пад дэвізам "Любоў Хрыста заахвочвае нас" (2 Кар 5, 14). Трэба адзначыць, што пілігрымка ўжо ня першы год носіць міжнародны характар. У гэтым годзе ў ёй прымалі ўдзел вернікі з Украіны, Польшчы, Расеі, Бельгіі і Францыі. Было шмат моладзі. Важна, што асноўным матывам удзелу маладых людзей зьяўляецца менавіта пошук Бога. Гэты факт надае персьпектыву разьвіцьця хрысьціянства і Царквы ў Беларусі, заахвочвае сьвятароў і семінарыстаў да самаадданага і кампетэнтнага служэньня. Было шмат новых і цікавых людзей з рознымі поглядамі на жыцьцё і рэлігію, і гэта надавала пілігрымцы ўніверсальны характар, тым самым зьдзяйсьняючы ўніверсалізм Хрыстовай любові.

Парадавала ў гэтым годзе і надвор’е падчас пілігрымкі. Сонейка, што прыгравала раніцай, удзень хавалася ў аблокі, каб не было горача. А вечарам невялікі дожджык, змываючы стомленасьць, падбадзёрваў прайсьці апошнія некалькі кіламетраў да месца начлегу. Штогод шлях пілігрымаў заканчваецца ў суботу вечарам у грэка-каталіцкім манастыры Барыса і Глеба. Позна вечарам служыцца Вячэрня з ліцьцёй, у часе якой чытаецца апісаньне сьмерці братоў Барыса і Глеба ад рукі іх брата Сьвятаполка. Гэтая трагічная гісторыя ня можа пакінуць абыякавым нікога. Кожны можа запытаць у сябе, наколькі ягоны шлях да Полацку быў духоўным подзьвігам і шляхам да Бога.

Пілігрымка скончылася ў нядзелю ўрачыстай Боскай Літургіяй. Пасьля супольнага абеду ўдзельнікі разьехаліся да сваіх дамоў, але можна быць упэўненым, што агеньчык Хрыстовай любові і дагэтуль гарыць у іх сэрцах.

семінарыст Аляксей Філіпенка
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)