Царква
Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Шлях да Бога

Курс Альфа – сустрэчы для тых, хто шукае

Каля царквы спыняецца дарагая машына.
З яе выходзіць мужчына, апрануты ва ўсё фірмовае.
Жабрак, які сядзіць ля царквы, цягне да яго руку:
– Падайце, Хрыста радзі!
Мужчына:
– Я атэіст!
(Падазрона аглядае жабрака) І вам ня раю…

Курс Альфа cкіраваны на такіх людзей, як гэты бізнэсовец, – якія ня бачаць у сваім жыцьці месца для Бога, ня ходзяць у царкву. Курс Альфа таксама і для тых, хто традыцыйна, магчыма на працягу многіх гадоў, ходзіць у царкву, але не разумее, у што верыць. Курс Альфа – гэта таксама сустрэчы для тых, хто шукае адказу на пытаньне – што такое хрысьціянства.
 

Узьнік гэты курс больш за 20 гадоў таму ў англіканскай парафіі Сьвятой Тройцы ў лонданскім квартале Бромптан. А сёньня ўсё больш Цэркваў і хрысьціянскіх арганізацыяў рознага кшталту і розных дэнамінацыяў адкрываюць для сябе гэты просты спосаб падаць Дабравесьце Ісуса Хрыста ў зразумелай і даступнай форме, якая не адштурхоўвае і ня нудзіць асобаў, якія паходзяць з самых розных асяродкаў. Сёньня курс Альфа праводзіцца ўжо ў 158 краінах краінах сьвету на 107 мовах у пратэстанцкіх, каталіцкіх і праваслаўных Цэрквах. Яго прайшлі ўжо 13 мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце.

Курс Альфа – гэта 15 тэматычных выкладаў падчас 10 штотыднёвых сустрэчаў, а таксама выязны ўік-энд, які адбываецца прыблізна пасьля паловы курсу. Можна слухаць, дапытвацца, абмяркоўваць, дасьледаваць і запытваць пра ўсё. Альфа – гэта тое месца, дзе ня толькі можна, але і варта не саромецца задаваць самыя наіўныя або дзіўныя для кагосьці пытаньні. Тэмы заняткаў – гэта асновы хрысьціянства, увядзеньне ў хрысьціянства. Хто такі Ісус і навошта Ён памёр? Як паверыць, як маліцца і навошта чытаць Біблію? Ці ацаляе Бог сёньня, што такое Царква і г. д. – гэта тыя тэмы, якія закранаюцца на курсе. Уік-энд Альфа сьпецыяльна прысьвечаны Асобе Духа Сьвятога.

Як выглядае сустрэча Альфа? Яна мае тры складовыя часткі: вячэра, выклад тэмы, групы. Пачынаецца ўсё з вячэры. Гэта выдатная магчымасьць бліжэй пазнаёміцца. Вячэру гатуе група арганізатараў, якая загадзя зьбіраецца, каб падрыхтаваць усё неабходнае для сустрэчы. Гэтая група таксама моліцца за ўдзельнікаў курсу. Пасьля вячэры той, хто праводзіць яе, робіць выклад. Затым удзельнікі (калі іх шмат) разьдзяляюцца на групы па 8-12 чалавек, у якіх абмяркоўваюць пачутае падчас выкладу.

Альфа – гэта ня толькі таму, што гэта першая літара грэцкага алфавіту. Ня толькі таму, што гэта пачатак пазнаньня хрысьціянства. Альфа (па-ангельску –Alpha) – гэта своеасаблівы шыфр, які раскрывае ўсе найважнейшыя моманты курсу.

А – anyone can com: прыйсьці можа кожны, хто хоча ведаць больш пра хрысьціянства. Важнай рысай гэтага курсу зьяўляецца павага да свабоды чалавечай асобы. Удзельнікам курсу не абавязкова мусіць быць толькі хрысьціянін або чалавек, які сябе лічыць хрысьціянінам. Можа прыйсьці нават атэіст, агностык, кожны, хто шукае сэнсу жыцьця. На першых сустрэчах курсу ўдзельнікі нават ня моляцца, каб такія людзі адчувалі сябе таксама камфортна, як і хрысьціяне «з шматгадовым стажам».

L – learning and laughter: вучымся і сьмяемся. Жарты – гэта абавязковы элемент падчас курсу Альфа, бо сьмех зьнішчае бар’еры і робіць чалавека больш адкрытым і свабодным. Таму з сьмешнай показкі, анекдоту пачынаецца кожны выклад.

Р – pasta, pizza: піцца, макароны альбо нейкая іншая ежа. Курс Альфа пачынаецца з урачыстай вячэры, на якую запрашаюцца “выпускнікі” папярэдняга курсу і ўдзельнікі новага. З вячэры пачынаецца і кожная сустрэча курсу. Падчас вячэры паміж удзельнікамі ствараецца сяброўская атмасфера. Размовы падчас вячэры могуць быць пра ўсё: пра надвор’е, спорт, працу, акрамя… хрысьціянства. На гэта ў курсе Альфа прадугледжаны асаблівы час – абмеркаваньне ў групах.

H – helping one another – узаемна дапамагаем адзін аднаму. На курсе Альфа няма “настаўнікаў і вучняў”. Удзельнікі ўзаемна дапамагаюць адзін аднаму пазнаваць праўду пра Хрыста: тыя, хто ведае больш, адказваюць на пытаньні тых, хто ведае менш.

A – ask anything – пытацца можна пра ўсё: на курсе Альфа няма недарэчных пытаньняў. Кожнае пытаньне мае сэнс.

У Беларусі курс Альфа пакуль яшчэ мала вядомы. У Каталіцкай Царкве ён адбываецца ў рыма-каталіцкай парафіі ў Жодзіна, а таксама ў грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні.

Сёлета ў гарадзенскай парафіі адбываецца ўжо другі курс Альфа.

У першай сустрэчы першага курсу Альфа ў Горадні ўдзельнічала толькі тры арганізатары і 15 удзельнікаў (рэкамендуецца, каб прапорцыі былі 1/3). На свае сродкі яны гатавалі вячэру для ўсіх, аднак удзельнікі курса ўжо на адным з першых спатканьняў самі выказалі жаданьне зьбіраць ахвяраваньні на сумесны пасілак (напрыклад, у Англіі на курсе Альфа гэта прынята рабіць толькі пасьля паловы курсу). Самым яскравым момантам курсу стаў уік-энд, які адбыўся ў доме дабрачыннага таварыства “Карытас” у мястэчку Сапоцкін каля Горадні. Удзельнікі ня толькі маліліся і слухалі навучаньне, але таксама проста весела праводзілі час ля вогнішча, вучыліся сярэднявечным танцам. Асабліва ўпадабалі ўдзельнікі ўік-энду гульню ў фрысбі – «лятаючую талерку».

Асноўны прынцып курсу Альфа – гэта евангелізацыя, якая абапіраецца на мясцовую Царкву. Таму парафіяне гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай імкнуцца па меры магчымасьцяў удзельнічаць у курсе – некаторыя ў якасьці звычайнага ўдзельніка, некаторыя (асабліва тыя, хто ўдзельнічаў у першым курсе Альфа) – у якасьці памочнікаў, хтосьці прыносіць прадукты да вячэры Альфа, а хтосьці падтрымлівае арганізатараў і ўдзельнікаў малітвай.

Хто жадаў бы прыняць удзел у курсе Альфа або атрымаць больш інфармацыі пра гэты курс – зьвяртайцеся па тэл. (+375-29) 773-79-68, e-mail: ankrot@gmail.com.

Інфармацыю пра курс Альфа можна знайсьці таксама на сайтах:

alpha.org – па-ангельску
www.alphacourse.ru – па-расейску
а. Андрэй Крот

На фото: Сустрэча курса Альфа ў Горадні.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)