Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Рухі і супольнасьці

Практыка начных чуваньняў будзе працягвацца…

У ноч з 21 на 22 лістапада 2009 году ў грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстова г. Віцебска адбылося чарговае начное моладзевае чуваньне, якое было прысьвечана сьвяту Ўваходу ў сьвятыню Багародзіцы. Моладзь розных канфесіяў ужо ня першы раз зьбіраецца на ўзмоцненую начную малітву.

Чуваньне як заўсёды распачалося Вячэрняй, пасьля чаго а. Алесь Шыбека чытаў разважаньні Тамаша Кемпійскага, распавёў пра значэньне асобных частак Службы Божай. Моладзь у сваю чаргу разважала над часткамі літаніяў. Потым усе разам маліліся Ружанец, а таксама ў асабістых інтэнцыях. Па традыцыі зьдзейсьнілі шлях на Юр’еву горку з запаленымі сьвечкамі, дзе памаліліся за горад Віцебск. Падчас “чаёвай паўзы” размаўлялі на духоўныя тэмы. Практыка начной малітвы надала прысутным моц найбольшай духоўнай сканцэнтраванасьці, моманты пэўнага евангелізацыйнага адкрыцьця і перажываньня асабістага жыцьця ў еднасьці з Хрыстом.

Чуваньне скончылася ранішняй Літургіяй. Моладзь, якая ня ў першы раз прысутнічае на начной малітве, упэўнена, што ласка Божая і моц Духа Сьвятога сыходзяць на тых, хто моліцца, а таксама на тых, за каго моляцца. Таму практыка начных чуваньняў будзе працягвацца.

Ірына Лобан,
г. Віцебск


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)