Царква
Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:5)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Хараство i мiласэрнасьць

Сьведчаньне

Мой прыход у храм, да веры ў Iсуса Хрыста, стаўся сам сабою. Як быццам ня зда­рылася нiчога незвычайнага, як да гэтага моманту, так i пасьля яго. Адбылося тое, што мусiла адбыцца, што прадбачыў Мiласэрны Госпад Бог.

Па сканчэньнi сярэдняй школы я пакрысе пачаў набываць самасьвядомасьць, якая патрабавала самавызначэньня, рэалiзацыi. Я шукаў сэнсу жыцьця, таго падмурку, на якiм мажлiва было б будаваць, не баючыся катастрофы, калi ўсё пачне руйнавацца... Неўзабаве Сам Усявышнi прыйшоў да дзьвярэй майго сэрца i асьцярожна пагрукаўся, запрашаючы ў бязьмежнае падарожжа да небасхiлу, i нават вышэй. Пайшоў iнтэнсiўны працэс фармаваньня ўласнага сьветапогляду, духовых прынцыпаў.

Я знайшоў сябе ў Каталiцкай Царкве, якая аказалася вельмi блiзкай маёй ментальнасьцi, ды ў ёй я атрымаў ласку Хросту i Мiрапамазаньня. Паступова я пачаў цiкавiцца iншымi канфесiямi, перадусiм праваслаўем i пратэстанцтвам. Але ўжо не як беспрытульны, а той, хто мае сваю родную хату. Пазнаёмiўся з мясцовымi баптыстамi, евангелiстамi, адвентыстамi, вельмi пасябраваў з вiцебскiм праваслаўным брацтвам iмя праведнага Яна Кранштацкага, дзе знайшоў мноства сяброў i прыяцеляў. Актыўна ўключыўся я ў дзейнасьць мiлага рыма-каталiцкага катэдральнага касьцёлу, з айцамi якога завязалiся добразычлiвыя адносiны. Не абмiнуў увагай вiцебскiя рыма-каталiцкiя парафii, дзе таксама аказалася шмат добрай i разумнай моладзi. Гэтак утварыўся цэлы сьвет, поўны Божай ласкi праз малiтвы i чуваньнi, канцэрты й рэкалекцыi, пiлiгрымкi ды сустрэчы. Жыцьцё зьмянялася.

З цягам часу з дапамогай добрых людзей я адшукаў сьцежку да вiцебскай грэка-каталiцкай парафii, якой раней ня мог знайсьцi. Вось яна, побач, тутака, я знайшоў! Вера маiх дзядоў, маёй мiлай Беларусi, мая традыцыя. Я гэта адчуў ды зразумеў. Голас крывi, а мо й Самога Ўсемагутнага й Мiласэрнага Бога. Мне спадабалася форма Лiтургii, супольнасьць – жывое цела Царквы. Не чужое, а сапраўды сваё. Цяпер я дзякую Госпаду, што паказаў мне такое хараство i мiласэрнасьць!

Сёньня я разумею, што Царква сталася сапраўды калыскай, дзе я нарадзiўся праз сьв. Хрост. Яна сталася домам, сям'ёй, дзе можна адпачыць i набраць сiлаў на далейшы шлях жыцьця. Госпад Iсус Хрыстос заняў пачэснае месца Ўладара i Збаўцы, Якi праз Сваю сьмерць i ўваскрасеньне вядзе да вечнай хвалы, дзе безупынна чутны голас анёлаў. Часам, па слабасьцi чалавечае прыроды, пра Божую прысутнасьць забываю... Аднак у цяжкiя моманты выпрабаваньняў адчуваецца асаблiвая блiзкасьць Госпада.

Якая будзе мая будучыня – толькi Богу вядома. Для мяне ж галоўнае – ня страцiць з Iм сувязi i застацца здольным успрымаць Яго волю ды кiравацца ёю. Я i надалей хачу заставацца ў супольнасьцi Царквы, паглыбляць веру ды практыкаць яе на нашым родным шляху. Шляху праз выпрабаваньнi i ахвяры – да нябеснай Беларусi. Дапамажы нам, Госпадзе!

Генусь, парафiянiн з Вiцебску

На фота: Грэка-каталіцкая капліца ў Віцебску

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)