Царква
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Біблія ў жыцьці семінарыста

Біблія – кніга, якая апісвае гісторыю збаўленьня чалавека, пачынаючы са страты раю першымі людзьмі да моманту эсхаталагічнага выкананьня Божага плану ў Новым Ерусаліме. Гэта і нарматыўны дакумент, у якім апісваюцца правілы, жыцьцё паводле якіх прыбліжае да Бога. На Бібліі, якая да канца сьвету ня зьменіцца ні на ёту, будуецца ўся хрысьціянская навука, якая захоўваецца і перадаецца Царквой Хрыстовай. Біблія для кожнага верніка зьяўляецца Словам Бога жывога, які зьвяртаецца да сэрца і розуму кожнага чытача. Біблія для семінарыста – гэта першааснова, фундамент усяго яго жыцьця.

На семінарысьце, калі ён чытае Біблію, ляжыць падвойная адказнасьць. Найперш ён мусіць знайсьці шлях свайго збаўленьня, уласны шлях да Бога. Пазьней ён стане пераказваць Слова Божае і мусіць быць згодна з Евангельлем прыкладам жыцьця для іншых людзей. Таму ў семінарыі для Бібліі адведзена важнае месца. Біблія вывучаецца на лекцыях, на якіх разглядаюцца як гісторыя самога біблійнага канону, так і гістарычныя абставіны, у якіх адбываюцца біблейскія падзеі. Тлумачэньне Бібліі семінарысты вывучаюць на лекцыях па экзэгетыцы. Біблійнае адкрыцьцё зьяўляецца падставай тэалагічнай думкі.

Найбольш часу семінарыст праводзіць з Бібліяй на ранішніх разважаньнях. Звычайна чытаецца ўрывак Евангельля дня ў адмысловы спосаб, здаўна вядомы як lectio divina, Божае чытаньне. Раньняя Царква верыла і на вопыце ведала, што, чытаючы ў малітоўным духу Сьвятое Пісаньне, яна ўступае ў зносіны з Самім Сынам Божым, атрымліваючы Яго навуку і Яго нябачную, але рэальную прысутнасьць у Супольнасьці. Фармальна lectio divina падзелена на чатыры этапы. Ад lectio, якое заключаецца ў чытаньні і перачытваньні якога-небудзь урыўка з Сьвятога Пісаньня, спасьцігаючы галоўныя яго элементы, пераходзяць да meditatio, якое ўяўляе сабой нібыта ўнутраны прыпынак, падчас якога душа зьвяртаецца да Бога, намагаючыся зразумець тое, што сёньня кажа Яго слова стасоўна да канкрэтнай жыцьцёвай сітуацыі. Пасьля наступае oratio, малітва, якая разумее скруху сэрца, падзяку, хвалу, заклік, малітва, якая падтрымлівае нас у непасрэднай размове з Богам. Калі малітва сапраўдная, яна перарастае ў жыцьцё, усяляе ў душу жаданьне адгукнуцца на Божы заклік, каб адказаць ня словам ці імпэтам пачуцьцяў, але справай усяго жыцьця. Апошні этап — contemplatio, сузіраньне – робіць нашае сэрца ўважлівым да прысутнасьці Хрыста. Вернік, які дасягнуў гэтага этапу, усьведамляе, што адзін і той жа Дух дабравесьціць у тэксьце, у чытальніку гэтага тэксту і ў “знаках часу”.

Для семінарыста яшчэ адным важным момантам у Новым Запавеце зьяўляецца жыцьцё першай Царквы, яе разьвіцьцё і праблемы. Сёньня ў нашай краіне, якая прайшла праз дзесяцігоддзі дзяржаўнага атэізму і вайны з рэлігіяй, няпроста знайсьці чалавека, які б паходзіў з сям’і з глыбокімі хрысьціянскімі царкоўнымі традыцыямі. Часьцей вобраз Бога складаецца з кавалкаў разнастайных рэлігійных вучэньняў, веды пра Бога чэрпаюцца з самых розных крыніцаў. Такое пазацаркоўнае ўяўленьне пра Бога можа аказацца вельмі далёкім ад таго, якім аб’явіў Сябе Госпад у Бібліі. Каб лягчэй знайсьці ў гэтым сьвеце шлях да збаўленьня, каб захаваць у поўні сваю навуку, Ісус Хрыстос стварыў Царкву. Для гэтага Госпад выбраў апосталаў, а ў дзень Пяцідзясятніцы спаслаў на іх Сьвятога Духа. Біскупы і сьвятары, як спадкаемцы апосталаў, арганізуюць духоўнае жыцьцё хрысьціянскай суполкі, забясьпечваюць і ствараюць умовы для духоўнага разьвіцьця. Кніга “Апостал”, што ўтрымлівае пасланьні і Дзеі апосталаў, дапамагае сьвятарам і семінарыстам будаваць парафіяльную супольнасьць, Царкву.

У жыцьці семінарыста і кожнага хрысьціяніна Сьвятое Пісаньне становіцца альфай і амегай яго жыцьця. Нельга любіць Бога, ня ведаючы Яго запаветаў. А самае галоўнае – нельга любіць Госпада, не выконваючы Яго запаветаў. “Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой; і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам” (Ян 14, 21).

семінарыст Аляксей Філіпенка
На фота:
Старонка з першай беларускай друкаванай кнігі – Псалтыра, выдадзенага Францішкам Скарынам у 1517 г. у Празе.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)