Царква
Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Эфэсянаў 4:29)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

РАЗАМ – старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 1 (29), 2008

Вялікі пост:
набліжэньне да Бога

Пост цела ёсьць ежа для душы
Ян Залатавусны

Пасты папярэднічаюць вялікім хрысьціянскім сьвятам. Пост – гэта адна з формаў пакаяньня. Без пакаяньня і ачышчэньня чалавеку немагчыма перажыць радасьць сьвята. Пост у жыцьці хрысьціяніна – гэта час набліжэньня да Госпада, перамяненьня свайго жыцьця згодна з евангельскімі запаветамі. Пост – гэта і барацьба з жарсьцямі і слабасьцямі, выклік самому д’яблу. Адным са складнікаў посту разам з малітвай і міласьцінай зьяўляецца ўстрыманьне ад ежы, адмова ад забаваў. Такое абмежаваньне можа выклікаць унутраны супраціў: «Што можа быць добрага ў тым, каб адчуваць голад? Якую карысьць атрымоўвае дух чалавека ад пакутаў цела?»

Апостал Павел так адказвае на гэтыя пытаньні: «Цела бо цягне супраць духу, а дух – супраць цела: яны супрацівяцца адзін аднаму, каб ня тое, што хочаце, вы рабілі» (Гал 5, 17). Але такое супрацьстаяньне цела да духу было не заўсёды. Бог стварыў чалавека як гарманічнае цэлае. У раі, дзе жыў чалавек, не было сьмерці, спрэчак, болю і хваробаў. Жыцьцё ў раі – гэта жыцьцё ў сталым кантакце з Богам. Сьвет і ежа былі створаныя, каб пры дапамозе іх чалавек меў зносіны з Богам. Толькі ежа, прынятая дзеля Бога, магла падтрымліваць жыцьцё. Сама па сабе ежа не дае жыцьця, бо толькі Бог мае Жыцьцё, і Сам ёсьць Жыцьцё.

Бог даў свабоду сілкавацца ад кожнага дрэва ў раі, акрамя дрэва пазнаньня дабра і зла. Можна сказаць, што гэта быў самы першы пост. Адам пераступіў гэты пост-забарону, паверыўшы, што, спажыўшы гэтай ежы, ён можа сам стаць, як Бог. Жадаючы стаць богам замест Бога чалавек парушыў райскую гармонію цела і духу. Цяпер яго жыцьцё перастала цалкам залежыць ад Створцы, але ў большай ступені ад хлеба, які здабываецца ў «поце твару».

Міласэрны Бог не пакінуў чалавека ў яго трагічным стане. Яшчэ, выганяючы чалавека з раю, было абяцана прыйсьце Збаўцы. Сын Божы павінен быў уцелавіцца, каб аднавіць чалавека для сапраўднага жыцьця. Гэтым Збаўцам і стаўся Ісус Хрыстос. Паказальна, што Ён пачынае сваё зямное служэньне з посту. Пасьціўшыся дасканалым постам, г. зн. не спажываючы ежы 40 дзён, Ён напрыканцы адчуў моцны голад. І як калісьці сатана прыйшоў да чалавека ў раі, ён прыйшоў і да Хрыста ў пустэльні. Як піша вядомы тэолаг а. А. Шмеман, два галодныя чалавекі пачулі яго словы: еш, таму што твой голад паказвае, што ты цалкам залежыш ад ежы. І Адам паверыў і стаў есьці; Хрыстос адкінуў гэтую спакусу і сказаў: ня хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але Богам. Адкінуўшы гэтую хлусьню, Хрыстос аднавіў сапраўдныя суадносіны паміж ежай, жыцьцём і Богам.

Што ж тады азначае пост для нас, хрысьціянаў? Гэта ўдзел у посным досьведзе Самога Збаўцы, якім ён паказаў нам шлях вызваленьня ад залежнасьці ад ежы, матэрыі і сьвету. Але ў зямным жыцьці нашае вызваленьне ні ў якім разе ня можа быць поўным. Чалавек працягвае жыць ва ўпалым сьвеце, і, складаючы частку гэтага сьвету, ён усё яшчэ залежыць ад ежы. Але нават штодзённы хлеб, дзеля якога прыходзіцца працаваць не шкадуючы сілаў, можа быць тым, што падтрымлівае і ўмацоўвае адносіны з Богам, а не аддаляе ад Яго. Пост дае магчымасьць ажыцьцявіць гэтае перамяненьне, даць істотны доказ таго, што залежнасьць чалавека ад ежы і матэрыі не канчатковая і што ў спалучэньні з малітвай, Божай ласкай і служэньнем Богу гэтая залежнасьць сама жадае стаць духоўнай. Іншымі словамі, зразумелы ў сваім праўдзівым значэньні, пост — гэта сродак аднаўленьня ў чалавеку яго сапраўднай прыроды.

«Нашае ж жыцьцё – у небе, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які пераменіць цела прыніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да Цела славы Яго, сілаю, якою усё нават падпарадкаваць Сабе можа» (Флп 3, 20-21).

(Паводле: А. Шмеман.«Великий пост»)

семінарыст Аляксей Філіпенка


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)