Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

«Разам» - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 4 (32) 2008

Слова Божае – дар Бога

У Год сьв. Апостала Паўла мы хочам больш увагі прысьвяціць Сьвятому Пісаньню. Пачнем з элементарных зьвестак, якія могуць быць карыснымі для таго, хто толькі пачынае чытаць Сьвятое Пісаньне.

Колькі кніг утрымлівае ў сабе Сьвятое Пісаньне?

Сьвятое Пісаньне складаецца з 46 кніг Старога Запавету і 27 кніг Новага Запавету. Усе кнігі Царква прызнае боганатхнёнымі, усе разам яны складаюць канон Сьвятога Пісаньня.

Што азначае боганатхнёнасьць кніг Сьвятога Пісаньня?

Хоць мы нызываем Сьвятое Пісаньне ці Біблію адной кнігай, на самай справе гэта цэлая бібліятэка (грэцкае слова «Біблія» – азначае «Кнігі»). Яна складаецца з 73 кніг. Яны былі напісаныя больш за 40 аўтарамі на працягу шматлікіх сотняў гадоў. Сярод іх былі сьвятары, пастухі, цары, навукоўцы, лекары і інш. Хоць Сьвятое Пісаньне было напісанае рознымі людзьмі і многія з іх не сустракаліся паміж сабой, яно валодае дзіўнай гармоніяй і ўнутраным адзінствам. Усе кнігі маюць адну мэту і адзіную тэму – выратаваньне (збаўленьне) чалавека праз веру ў Ісуса Хрыста. Калі мы ня можам зразумець нейкае месца, у іншым мы знаходзім поўнае тлумачэньне.

Як так атрымалася, што людзі розных саслояў, якія жылі ў розныя часы, напісалі такую, дзіўна гарманічную кнігу? «Усё пісаньне боганатхнёна...» (2 Цім 3, 16). Гэта азначае, што ўсе аўтары кніг Бібліі былі натхнёныя Сьвятым Духам, Духам Бога. Бог Сам адчыняў Сваю ісьціну таму, або іншаму чалавеку. Ён заахвочваў запісаць Яго адкрыцьці і Ён Сам кіраваў ім Святым Духам. Унікальнасьць Сьвятога Пісаньня ў тым, што яно было напісана пад кіраваньнем Духа Божага.

«Для таго, каб скласьці гэтыя Сьвятыя кнігі, Бог абраў людзей, да якіх зьвярнуўся, выкарыстоўваючы цалкам іх здольнасьці і сілы, з тым, каб, пры Яго садзеяньні, у іх і праз іх, яны пісьмова выказалі, як сапраўдныя аўтары, усё, і толькі тое, што Ён жадаў» (ККЦ, 106). Таму ў канчатковым выніку аўтарам пісаньня зьяўляецца Сам Бог.

Чаму Сьвятое Пісаньне вучыць Праўдзе?

Сьвятое Пісаньне вучыць нас Праўдзе, таму што сапраўдным аўтарам ёсьць Бог. Яно ня ёсьць «слова напісанае і бязмоўнае, але Слова ўцелаўлёнае і жывое» (сьв. Бярнард з Клерво). Сьвятое Пісаньне зьяўляецца жывым словам Бога, якое зьвернута да ўсіх нас. Мы можам пачуць голас Бога тут і цяпер. Бог хоча выхоўваць нас як сваіх любых дзяцей і зрабіць нас дасканалымі.

Сьвятое Пісаньне робіць нас мудрымі. Мы пазнаем Бога, сябе і гэты сьвет. Пазнаньне праўды вядзе да збаўленьня праз веру ў Ісуса Хрыста. Збаўленьне азначае прабачэньне грахоў, прымірэньне з Богам, вечнае жыцьцё.

Якое значэньне мае Стары Запавет для хрысьціянаў?

Хрысьціяне заўсёды ўшаноўвалі Стары Запавет як праўдзівае Слова Бога. Усе кнігі маюць боскую натхнёнасьць і нязьменнае значэньне. Большасьць старазапаветных чытаньняў зьяўляюцца прароцтвамі, якія падрыхтоўваюць чытаньні новазапаветныя, і тым самым паказваюць, што Стары Запавет атрымоўвае для хрысьціянаў паўнату свайго сэнсу менавіта ў жыцьці, сьмерці і ўваскрасеньні Ісуса Хрыста. «Божы план збаўленьня ў Старым Запавеце быў найперш скіраваны на падрыхтоўку прыйсьця Збаўцы сьвету». Кнігі Старога Запавету, «хоць у іх ёсьць рэчы недасканалыя і часовыя», сьведчаць пра цудоўную педагагічную апеку збаўчай любові Божай: у іх «ёсьць узьнёслая навука пра Бога, збаўчая мудрасьць адносна чалавечага жыцьця і дзівосная малітоўная скарбніца, у іх, нарэшце, утоеная таямніца нашага збаўленьня» (ККЦ, 122).

Якое значэньне мае Новы Запавет для хрысьціянаў?

«Слова Божае, якое ёсьць сіла Божая для збаўленьня кожнага верніка, асаблівым чынам выяўляецца ў Пісаньнях Новага Запавету і зьяўляе сваю моц». Гэтыя Пісаньні дораць нам канчатковую ісьціну пра Боскае Адкрыцьцё. Іх галоўны прадмет – Ісус Хрыстос, уцелаўлёны Сын Божы, Яго дзеі, Яго навучаньне, Яго Мука і Яго праслаўленьне, а таксама нараджэньне Яго Царквы пад дзеяньнем Сьвятога Духа (ККЦ, 124). Евангельле – гэта вяршыня ўсяго Сьвятога Пісаньня, яно займае цэнтральнае месца, таму што Ісус Хрыстос стаіць у яго цэнтры.

Якая еднасьць існуе паміж Старым і Новым Запаветам?

Сьвятое Пісаньне ёсьць адзінае, паколькі адзінае ёсьць Слова Божае, адзінства збаўчай задумы Божай і яго Адкрыцьця. Стары Запавет падрыхтоўвае Новы, у той час як Новы зьдзяйсьняе Стары; яны праліваюць сьвятло адзін на аднаго; абодва – праўдзівае Слова Божае (ККЦ, 140). Новы Запавет адкрывае нам значэньне Старога. Стары Запавет можна зразумець толькі ў сьвятле Новага. Стары Запавет раскрываецца ў Новым, таму Новы Запавет зьяўляецца не дапаўненьнем Старога, а яго зьдзяйсьненьнем.

Якую ролю адыгрывае Сьвятое Пісаньне ў жыцьці Царквы?

Як еўхарыстычнае Цела Хрыста, так і Слова Божае сілкуе і накіроўвае ўсё хрысьціянскае жыцьцё. Сьвятое Пісаньне павінна быць душой багаслоўя, пропаведзі, катэхезы і ўсякага хрысьціянскага навучаньня. Царква «асабліва і настойліва заахвочвае ўсіх, хто верыць у Хрыста, здбыць «выдатнае спазнаньне Ісуса Хрыста (Флп 3, 8) праз частае чытаньне Пісаньняў, бо «ня ведаць Пісаньня – ня ведаць Хрыста» (сьв. Геранім)» (ККЦ, 133).

Паводле кнігі Raffaello Martinelli «Eucaristia – Pane di Vita Eterna».
Андрэй Гайдукевіч

На фота:
Менск, 22.11.2008. Айцец Аляксандар Надсан чытае сьв. Евангельле падчас Боскай Літургіі.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)