Царква
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Шлях да Бога

Пачуць і распазнаць
голас Бога

На схіле лета грэка-католікі з Берасьця вырашылі выехаць за горад і зладзіць для сябе на пясчаных берагах ляснога возера пад Кобрынем адпачынак у Сьвятым Духу. Мы выйшлі з шумнага гораду і з плыні звыклага жыцьця, каб паслухаць Бога, падзяліцца адзін з адным досьведам, праславіць Яго ў песьнях і танцах ды проста адпачыць у цудоўныя апошнія дні сонечнага лета. А словы з Бібліі «Sh’ma, Israel…» (слухай, Ізраіль) былі для нас дэвізам.

На працягу гэтых дзён – з 25 па 29 жніўня 2009 году – каля пяцідзесяці чалавек стала жылі ў лясных намётах, а яшчэ прыкладна паўтары сотні маладых людзей заязджалі на пэўны час да нас у госьці. Некалькі дзён пажадалі правесьці разам з намі нашыя сябры – рыма-католікі з Гарадзеншчыны з супольнасьці «Magnificat» і вернікі з Кобрыня.

Вялікі шацёр быў цэнтрам усяго нашага малітоўнага жыцьця. Тут былі пасланыя дываны, каб зручна было сядзець, слухаючы духовыя размовы і разважаньні. Таксама тут была разьмешчана музычная апаратура, электрагітары, барабаны, і мы маглі сьпяваць і танчыць перад Госпадам. Побач з гэтым шатром быў намёт супольнай трапезы. Цэлымі днямі каля яго ўздымаўся дым ад вогнішча.

Лейтматывам духовых размоваў падчас усіх нашых спатканьняў было слуханьне Бога, распазнаваньне Ягонага голасу, падрыхтоўка да гэтага слуханьня ды проста асэнсаваньне таго факту, што Бог жывы і хоча з намі размаўляць. За гэтыя дні мы паглыбіліся ў гісторыю спатканьня ізраільскага народу з Богам ля гары Сынай. Прыгадалі, як людзі не захацелі, спалохаліся слухаць Бога і паслалі з Ім размаўляць пасярэдніка – Майсея, каб ён слухаў і ўсе словы Бога пераказваў.

Нічога новага няма пад сонцам, і сёньня хрысьціяне таксама адказнасьць слухаць Бога часьцей за ўсё імкнуцца дэлегаваць каму-небудзь іншаму: ці то прароку, ці то сьвятару, ці то манаху-старцу. А што ж Бог сказаў? Ён сказаў і ўвесь час кажа: «Слухай, Ізраіль…» Увесь народ – слухай, і кожны чалавек паасобку. І ў гэтым будзе блаславеньне і жыцьцё. Таму ёсьць патрэба пэўных зьменаў у нашай сьвядомасьці, каб кожны прагнуў чуць і слухаць Бога ды адказваць Яму, калі Ён зьвяртаецца да нас.

Варта таксама дзяліцца досьведам слуханьня Бога, распазнаваньня Ягонага голасу. Бог прамаўляе да нас у разнастайны спосаб. І самы яскравы і просты досьвед –калі мы чуем Ягоны голас. Але ён гучыць ня так, як фізічны гук, які спачатку кранае вуха і па нервах даходзіць да мозгу і так нараджае вобразы, сэнс. Божаму голасу ня трэба рабіць гэты шлях, бо Бог прамаўляе ўнутры нас. Голас Ягоны гучыць падобна да фізічнага гуку, але толькі ў мозгу. Дарэчы, айцы Царквы, у прыватнасьці сьв. Ян Залатавусны, апісвалі Божы голас менавіта ў такі спосаб. І яшчэ: мы самыя мусім быць гатовымі слухаць Бога, заняць пэўную паставу, каб нічога не перашкаджала, падрыхтаваць сэрца. Бо звычайна наўрадці мы пачуем Бога, калі нашыя сэрцы поўныя ідалаў. Тады змарнуем Ягонае слова. Будзем чуць ува ўсім ня Бога, а толькі свае думкі, самі з сабою ўнутранна размаўляць.

Акрамя духоўных размоваў было і радаснае праслаўленьне Госпада. Асабліва ажывілі наш адпачынак госьці з Украіны – Раман Іванько і яго музычны гурт «Сафія». Былы наркаман, узьняты Богам з самога дна, стаў напоўненым Божым жыцьцём і па-сапрўднаму, жыва і радасна праслаўляе сёньня свайго Госпада і Збаўцу музыкай. І гэта выглядае вельмі моцна, гэта ўражвае. Быццам урачысты сьцяг Божае перамогі ў жыцьці канкрэтнага чалавека. Насуперак усім прысудам, сьмярцям, злым духам.

Моцна зжыўшыся адзін з адным і ня маючы ніякай ахвоты разьвітвацца, многія з нас вырашылі прыняць запрашэньне кобрыньскіх вернікаў з супольнасьці «Крыніца жыцьця» і зьезьдзіць на арганізаваны імі канцэрт-праслаўленьне, які вялі музычныя гурты «Параклетас» і «Сафія». Дарэчы, на гэты канцэрт-праслаўленьне, на якім былі таксама розныя конкурсы і жарты, сьпецыяльна былі запрошаныя маладыя людзі з кобрыньскіх вуліц – звычайная гарадзкая моладзь. Працяг для нас атрымаўся яшчэ і наступнага дня – гасьцямі ў душпастырскім цэнтры берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі стаў хрысьціянскі гурт «Сафія». Зноў быў жывы сьпеў-праслаўленьне пад палаючым лідарствам Рамана Іванько.

Сышоў Сьвяты Дух і лунаў. Пакрыў нас.

Віталь Быстроў
г. Берасьце


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)