Царква
Хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 1:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 2 (30)-2008

Прымірэньне і сацыяльныя
выклікі для хрысьціянаў

Багаслоўская канферэнцыя “Сучасныя сацыяльныя выклікі для хрысьціянаў Еўропы” адбылася 6 траўня 2008 году ў Менску ў Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Яна сабрала прадстаўнікоў асноўных хрысьціянскіх канфесіяў Беларусі. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква была прадстаўлена групай сьвятароў на чале з Апостальскім Візітатарам архімандрытам Сяргеем (Гаекам).

Гэтая канферэнцыя -- адно з запланаваных мерапрыемстваў падчас візіту у Менск 5-7 траўня 2008 году працоўнай групы міжнароднага экуменічнага праекту “Прымірэньне ў Еўропе – заданьне для Цэркваў Германіі, Польшчы, Украіны і Белаусі”.

Праект “Прымірэньне ў Еўропе” паўстаў каля 10 гадоў таму па ініцыятыве Польскай экуменічнай Рады і Евангелісцкай Царквы Германіі, якія вырашылі падзяліцца і распаўсюдзіць вопыт прымірэньня паміж сваімі краінамі і Цэрквамі. Пазьней да праекту далучыліся прадстаўнікі рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў Беларусі, Украіны, Германіі, Польшчы. У беларускай сталіцы прадстаўнікі працоўнай групы сустракаюцца ўжо другі раз.

У Менску 5-7 траўня 2008 году сябры працоўнай групы праекту “Прымірэньне ў Еўропе” сутрэліся з кіраўнікамі найбуйнешых канфесіяў Беларусі -- мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам і рыма-каталіцкім мітрапалітам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. У складзе працоўнай групы былі польскі праваслаўны архібіскуп Уроцлаўска-Шчэцінскі Ерамія, прадстаўнік Вышэйшай царкоўнай Рады Евангелісцкай Царквы Германіі Міхаэль Хюбнэр, прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы ксёндз д-р Зігфрыд Глезэр і біскуп Евангелісцкай Царквы Германіі Клаўс Воленвэбер. Грэка-Каталіцкую Царкву ў працоўнай групе прадстаўляў сп. Алег Турый, прафесар з Львова.

У рамках візіту працоўнай групы Праект “Прымірэньне ў Еўропе” адбыўся таксама брыфінг для журналістаў, на якім, дарэчы, мітрапаліт РКЦ у Беларусі Ўладыка Т.Кандрусевіч паведаміў, што мітрапліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх Беларусі, прапанаваў падрыхтаваць сумесны пераклад Бібліі на беларускую мову і гэтая прапанова была прынята.

На канферэнцыі “Сучасныя сацыяльныя выклікі для хрысьціянаў Еўропы” з дакладамі выступілі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, доктар сацыялагічных навук А.Данілаў, кіраўнік фонду імя сьв. Кірылы і Мятода сп. Даўгяла. Напрыканцы адбылася дыскусія на тэму канкрэтных магчымасьцяў супрацоўніцтва паміж хрысьціянскімі канфесіямі ў сацыяльнай сферы. Як адзін з крокаў такога супрацоўніцтва ўзгадвалася падпісаная ў сьнежні мінулага году Дэкларацыя сацыяльнага партнёрства хрысьціянскіх Цэркваў Беларусі ў барацьбе з праблемай эпідэміі ВІЧ-СНІД. Выказвалася таксама жаданьне рашэньні кіраўнікоў канфесій пераўтварыць у канкрэтнае супрацоўніцтва паміж хрысьціянамі ў рэгіёнах.

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўжо мае некалькі добрых прыкладаў супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы. У Горадні душпастыры розных канфесіяў прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў з нагоды Міжнароднага дня інваліда, а падарункі дваццаці васьмі дзецям-інвалідам, якія навучаюцца ў гарадзенскай школе №4, падрыхтавалі разам вернікі рыма- і грэка-каталіцкіх парафіяў, а таксама вернікі з супольнасьці хрысьціянаў веры евангельскай і поўнаевангельскай грамады.

Багаты вопыт супрацоўніцтва ў дабрачыннай сферы паміж грэка-каталікамі, рыма-каталікамі і пратэстантамі розных накірункаў існуе таксама ў Віцебску і Воршы. Напрыклад, у рамках нефармальнага валанцёрскага студэнцкага руху маладыя хрысьціяне апякуюцца насельнікамі Дому ветэранаў і інвалідаў, для дзяцей-сірот з віцебскага дому-інтэрнату ладзяць гульні, праводзяць розныя забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, наведваюць хворых і састарэлых па хатах.

а. Андрэй Крот
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)