Царква
Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных. А вы зважайце...
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 13:22-23)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

«Разам» - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 4 (32) 2008

Госпад прыходзіць, аб’яўляецца, прамаўляе, чакае адказу

Госпад адорвае мяне шматлікімі дарамі. Між іншым даў пабываць на розных евангелізацыйных курсах, на якіх Хрыстос паіў мяне вадою жывой – Сваім Словам і даваў мне Сябе ў прычашчэньні Сьвятых Тайнаў. Хачу падзяліцца з Вамі разважаньнямі над тым, чым ёсьць Слова Гасподняе ў маім, і ня толькі ў маім, жыцьці. Ці займаць яму месца на паліцы, ці жыць у сэрцы, выпраменьваючы Сьвятло, якое асьвятляе нашае жыцьцё. Паказвае шлях, даруе супакой і радасьць, стаецца арыенцірам падчас выпрабаваньняў.

Існуе столькі пытаньняў, якія могуць нараджаць неспакой, заклапочанасьць, страх адносна будучыні: як жыць у сьвеце, дзе ёсьць столькі несправядлівасьці, столькі цярпеньняў? Як рэагаваць на эгаізм і насільле, каторыя часам, здаецца, перамагаюць? Альбо чаму бывае не атрымоўваем тое, чаго так моцна прагнем? Як напоўніць жыцьцё сэнсам? Чым ёсьць сапраўдная любоў? Пошукі Праўды прыводзяць нас да Бібліі, у якой знаходзяцца адказы на ўсе нашыя пытаньні, цярпеньні, пошукі. Біблія – гэта ліст міласэрнага і любячага Таты да сваіх дзяцей. Да нас – мяне і цябе.

Каб любіць, трэба пазнаць. Я шмат часу задаваўся пытаньнем: як можна любіць Бога? Гэта ёсьць першая і найважнейшая запаведзь – так кажа Хрыстос. Я задаваў гэтае пытаньне сьвятарам. Усе яны адказвалі прыкладна адно: каб любіць, трэба спазнаць. Як усе сьцежкі вядуць у Рым, так усе пытаньні вядуць да Бібліі.

Я чытаў. Маліўся да Сьвятога Духа, просячы Ягонай дапамогі, і чытаў. Чытаў, не зважаючы на неразуменьне (памылкай было пачынаць чытаць з самага пачатку, са Старога Запавету – трэба пачынаць з Новага запавету, з Евангельляў), на недахоп часу, на асабістую ляноту, і заўважыў, што Госпад ідзе разам са мною, дапамагае. Дае мне адпаведных людзей, якія падказваюць, што і як рабіць. Ён не адкрывае ўсё адразу, але кліча мяне і Сам ідзе разам са мной. Ён прамаўляе да мяне. Часам супакойвае, кажа пяшчотныя словы. А часам хаджу і на сэрцы нашу неспакой. Адкрываю Біблію і прашу Яго: пакажы, што адбываецца. І Ён паказвае мне маю няправасьць, мой грэх. У некалькіх біблійных вершах або ў адным слове, якое закранула. Бывае так: нейкае слова з усяго тэксту западзе ў сэрца і тады пачынаеш разважаць. Медытуеш, узгадваеш іншыя ўрыўкі з Пісаньня з гэтым словам, глядзіш паралельныя месцы, якія звычайна падаюцца ў Бібліі. І Ён рэальна прамаўляе!

Ёсьць розныя пераклады на беларускую, расейскую мовы. Я размаўляў з а.Аляксандрам Надсанам, доктарам багаслоўя Ірынай Дубянецкай – гэтыя людзі выдатна ведаюць арыгінальныя мовы, у якіх напісана Біблія. Пытаўся ў іх пра больш адпаведны пераклад. Яны параілі пераклад на беларускую мову, зроблены Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1931 годзе, які быў неаднаразова перавыдадзены. Ён найбольш блізкі да арыгіналу і больш дакладны, чым нават расейскі сінадальны пераклад. Пытаўся і наконт каментароў да Бібліі. Тут, на жаль, каб чытаць добрыя каментары, трэба ведаць замежныя мовы – перадусім ангельскую.

Сустрэцца з жывым Ісусам, размаўляць з Ім, слухаць Яго – гэта патрабуе высілкаў. Трэба знайсьці адпаведны час. Лепш за ўсё раніцай – лягчэй адкласьці жыцьцёвыя клопаты і слухаць. Бывае, што чытаеш-чытаеш і нічога. Тут трэба быць настойлівым. «Засуха» мінае. Госпад мае хлеб для кожнага – ніхто не застанецца галодны, галоўнае – прагнуць. Госпад мае вельмі шмат падарункаў. А што часам маўчыць, то значыць так зараз трэба. Ён нічога ня робіць проста так. Трэба быць ўдзячным за ўсё!

Апроч гэтага вельмі важным зьяўляецца рашучасьць спаўняць Слова. Ёсьць істотная розьніца паміж паняцьцямі «ведаць» Сьвятое Пісаньне і «жыць» ім. Трэба мець жаданьне спазнаваць волю Айца і прагнуць выконваць Яго волю. Гэты радыкальны выбар падтрымлівае і ўзмацняе крыніца сапраўднай любові – Еўхарыстыя. Яна дапамагае пазбавіцца страху і ўлівае радасную рашучасьць жыць згодна з Евангельлем.

Памятаю, як доўга размаўляў з адной дзяўчынай. Яна страціла сэнс, загубілася, ня мела пад нагамі апоры і шукала. Я маліўся за яе, размаўляў з ёй, стараючыся дапамагчы разабрацца. Найлепшымі лекамі тут ёсьць словы з Сьвятога Пісаньня. Бо такое Слова – жывое і дзейснае. Яна зьдзіўлялася, што адказы я бяру з Бібліі. А там – пра кожнага. У гэтым і сэнс, што чытаеш пра сябе. Для мяне (і ня толькі для мяне) без чытаньня Слова і штодзённай малітвы – няма апоры, няма адказаў. Увогуле няма рэальных адносінаў з Богам.

Дзяліцца Словам... Гэта прыносіць вялікую радасьць і паглыбляе веру. Чытаць разам, маліцца і разважаць. Дзяліцца, задаваць пытаньні тым, хто мае больш глыбокі досьвед, перадусім святарам – вельмі-вельмі важна і карысна. А да таго ж Хрыстос Сам кажа, што «дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё, там Я сярод іх»!

Сьвет мяняецца, ставіць новыя пытаньні, новыя выклікі і праблемы. Сёньня нішчыцца жыцьцё, захлынае матэрыялістычны падыход. Як хрысьціяне, як вучні Хрыста – што мы адкажам на гэтыя выклікі? Што мы адкажам на аргументы тых, хто ня верыць у Хрыста? Дзе возьмем любоў, каб адказаць ёю на нянавісьць? Ці знойдзем сэнс, дзеля якога сапраўды варта жыць? Хрыстос – Дарога, і Праўда, і Жыцьцё – кліча нас да Сябе. Кліча кожнага! І ўжо зараз!

семінарыст Сяргей Раюнец
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)